Сусветная эканоміка пад прыцэлам тэрарыстаў

Міжнародны тэрарызм стаў у свеце праблемай нумар адзін, ён прычыніў сусветнай эканоміцы ў мінулым годзе беспрэцэдэнтны па маштабах урон — $52,9 млрд. Такую ацэнку прывялі эксперты Савета па міжнародных справах у апублікаваным дакладзе “Ацэнка міжнароднага супрацоўніцтва — 2016”.

“Савет па міжнародных справах ацэньвае як пасрэдныя глабальныя намаганні, нацэленыя на барацьбу з глабальным тэрарызмам у 2015 годзе, — гаворыцца ў дакладзе. — Гэта адлюстраванне недастаткова шматбаковага супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, а таксама вынік росту колькасці тэрарыстычных вылазак па ўсім свеце”. Колькасць тых, хто загінуў у выніку тэрактаў, адзначылі эксперты, павялічылася на 80%, кожны другі тэракт у свеце здзяйснялі баевікі з дзвюх груповак — “Ісламская дзяржава” і “Бока Харам”. Па даных на снежань 2015 года, адзначаецца ў дакладзе, каля 31 тысячы замежных баевікоў знаходзіліся ў Іраку або Сірыі, у той час як годам раней іх колькасць ацэньвалася ў 25 тысяч. “Асаблівы непакой выклікае той факт, што групоўцы “Ісламская дзяржава” ўдалося стварыць аддзяленні ў Афганістане, Егіпце, Лівіі, Емене і ў іншых краінах”, — пішуць эксперты. Барацьба з міжнародным тэрарызмам, зазначаюць аўтары даклада, лічыцца найбольш прыярытэтнай задачай на 2016 год. На іх думку, у гэтым годзе наўрад ці можна чакаць сур’ёзных зрухаў, паколькі ў свеце ўзмацняецца песімізм у дачыненні да намаганняў па процідзеянні тэрарызму. Сярод прыярытэтных задач у сферы антытэрарыстычнай дзейнасці эксперты называюць ізаляцыю актыўных тэрарыстычных груповак, спыненне фінансавай падпіткі тэрарыстаў і процідзеянне распаўсюджванню радыкальных поглядаў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *