Праз тры гады Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт будзе спраўляць векавы юбілей. З моманту заснавання тут было падрыхтавана звыш 185 тысяч высокакваліфікаваных інжынераў, і ўсе гады тут развівалася і набірала моц навука. Сёння БНТУ — гэта амаль тры дзясяткі прызнаных у свеце навуковых школ, 35 навукова-даследчых лабараторый і цэнтраў, доследны завод “Палітэхнік”. Пра кожнае з гэтых падраздзяленняў можна было б напісаць асобны артыкул. Мы выбралі НДЦ аптычных матэрыялаў і тэхналогій БНТУ як яркі прыклад міжуніверсітэцкага, міжгаліновага і міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы навукі, што прыносіць вялікі плён.
Кіруе навукова-даследчым цэнтрам аптычных матэрыялаў і тэхналогій малады вучоны, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Віктар Кісель.
— У 2001 годзе я скончыў прыборабудаўнічы факультэт БНТУ (тады яшчэ політэхнічнай акадэміі) і паступіў у аспірантуру, — расказвае Віктар Эдвардавіч. — Мне вельмі пашанцавала, бо тады на базе нашага факультэта працаваў Міжнародны лазерны цэнтр, якім кіраваў вучоны з сусветным імем Мікалай Васільевіч Куляшоў. Там была ўсталявана сучасная лазерная тэхніка, вяліся сур’ёзныя навуковыя пошукі, ладзіліся цікавыя канферэнцыі. Прыцягвала таксама шырокае міжнароднае супрацоўніцтва. Усё гэта мяне літаральна паглынула. Я захапіўся навукай і даволі хутка абараніў кандыдацкую дысертацыю.
З цягам часу Міжнародны лазерны цэнтр быў рэарганізаваны ў НДЦ аптычных матэрыялаў і тэхналогій, і Віктар Кісель яго ўзначаліў. Загадчык кафедры “Лазерная тэхніка і тэхналогія” Мікалай Васільевіч Куляшоў з’яўляецца навуковым кіраўніком цэнтра. Сёння тут вядуцца даследаванні сусветнага ўзроўню.
Віктар Кісель не бярэцца назваць самыя значныя распрацоўкі цэнтра: іх шмат, і ўсе яны па-свойму каштоўныя. Шэраг распрацовак быў укаранёны ў серыйную вытворчасць ААТ “Пеленг”, ЗАТ “Салар ЛС”, НТЦ “ЛЭМТ” БелОМА. Некаторыя ўваходзяць у склад прыбораў коштам сотні тысяч долараў, якія рэалізуюцца на экспарт і прыносяць рэальныя прыбыткі нашай краіне. Дзякуючы ўзаемадзеянню з вучонымі цэнтра, прадпрыемствы асвойваюць новыя віды навукаёмістай прадукцыі. А ёсць моцныя фундаментальныя распрацоўкі, прымяненне якім яшчэ трэба знайсці.
Адзін з напрамкаў работы цэнтра — фемтасекундная тэхніка (крыніцы лазернага выпраменьвання, якія забяспечваюць генерацыю імпульсаў з працягласцю 10-15 секунды). Віктар Эдвардавіч тлумачыць, што на практыцы гэта мае вельмі шырокае тэхналагічнае прымяненне — пачынаючы медыцынай (афтальмалогія, стаматалогія, пратэзаванне сасудаў і інш.) і заканчваючы рэзкай дысплэяў для смартфонаў (яна больш нічым не робіцца, акрамя як лазернай тэхнікай).
— Вынікі нашых даследаванняў адлюстраваны ў навуковых публікацыях супрацоўнікаў, — гаворыць Віктар Кісель. — Штогод на цэнтр выходзіць некалькі дзясяткаў публікацый. І гэта вельмі аўтарытэтныя выданні, якія пацвярджаюць высокі ўзровень нашай работы.
Сёння цэнтр аптычных матэрыялаў і тэхналогій моцна інтэграваны з аспірантурай БНТУ. Аспіранты, якія працуюць у галіне лазернай фізікі (як правіла, выпускнікі кафедры “Лазерная тэхніка і тэхналогія” прыборабудаўнічага факультэта БНТУ і кафедры “Лазерная фізіка і спектраскапія” фізічнага факультэта БДУ), праводзяць тут свае даследаванні. За гады работы на базе цэнтра дысертацыі абаранілі ўжо дзясяткі чалавек.
Цэнтр мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу. Для правядзення даследаванняў выкарыстоўваюцца 9 вымяральных стэндаў, больш за 20 адзінак эксперыментальнага і кантрольна-вымяральнага абсталявання.
— У нас узровень даследаванняў і абсталявання не горшы, чым у заходніх навуковых цэнтрах, — адзначае Віктар Кісель. — Мы ўдзельнічалі ў рэалізацыі дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (“Электроніка і фатоніка”, “Функцыянальныя і кампазіцыйныя матэрыялы, нанаматэрыялы”), навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы (“Нанатэхналогія-СД”, “Прамень”), гаспадарчых дагавораў па заказах прадпрыемстваў і арганізацый, праектаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Значную частку выдзеленых сродкаў заўсёды накіроўвалі на развіццё цэнтра. У нас новае, сучаснае і дарагое абсталяванне, якое дазваляе праводзіць даследаванні еўрапейскага ўзроўню.
НДЦ аптычных матэрыялаў і тэхналогій вельмі актыўна супрацоўнічае з установамі Нацыянальнай акадэміі навук, з прадпрыемствамі і іншымі ўніверсітэтамі, як нашымі, так і замежнымі.
— Супрацоўніцтва з іншымі навуковымі цэнтрамі дапамагае нам развівацца. Калі закрыцца, то гэта будзе ўжо не навука, — гаворыць Віктар Эдвардавіч.
Вядома, што лазерная фізіка сёння з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця навукі і тэхнікі ў свеце, а высокакваліфікаваныя лазершчыкі вельмі запатрабаваны на Захадзе. Нашы дыпломы кандыдата навук каціруюцца там без ніякага дадатковага пацвярджэння.
— Сапраўды, прапановы выехаць паступаюць пастаянна, — прызнаецца Віктар Кісель. — Але мне гэта нецікава. Я магу адправіцца за мяжу на стажыроўку, абмяняцца вопытам, убачыць штосьці новае, папрацаваць на абсталяванні, якога ў нас няма. Але з’ехаць з краіны? Не, гэта не маё. У мяне і тут вельмі шмат цікавай работы.
Дарэчы, Віктар Эдвардавіч паведаміў, што ў яго ўжо напрацавана дастаткова матэрыялу для доктарскай дысертацыі. У будучым годзе ён плануе ўзяцца за яе напісанне.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.