Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў лідараў усіх краін прыняць удзел у першым Сусветным гуманітарным саміце, які пройдзе ў Стамбуле 23— 24 мая. Выступаючы напярэдадні з дакладам перад Генеральнай Асамблеяй, ён паведаміў, што пачаўся апошні, вырашальны, этап падрыхтоўкі да форуму.
“Вось пасланне, якое я прашу вас перадаць у свае сталіцы: прыміце ўд зел у саміце ў Стамбуле на самым высокім узроўні і прадэманструйце лідарства ў рэагаванні на вялікія выклікі XXI стагоддзя. Пакажыце, што мы гатовы разам працаваць, каб служыць народам, як прадпісана ў Статуце ААН”, — сказаў Пан Гі Мун, звяртаючыся да дыпламатаў 193 краін — членаў арганізацыі.
Паводле яго слоў, Сусветны гуманітарны саміт прапаноўвае ўнікальную магчымасць адказаць на мноства крызісаў, што ахапілі свет, а таксама падтрымаць 125 млн чалавек, якія тэрмінова маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе і абароне.
Як паведаміў генеральны сакратар ААН, у першы дзень саміту пройдзе сустрэча з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у ходзе якой плануецца абмеркаваць пяць асноўных напрамкаў у сферы гуманітарнай дзейнасці. Паводле яго слоў, яны ўключаюць забеспячэнне адказнасці за прадухіленне і спыненне канфліктаў, паважанне законаў і звычаяў вайны, аказанне дапамогі ўсім маючым патрэбу, стварэнне ўмоў для пераадолення гуманітарных крызісаў, а таксама нарошчванне інвестыцый у гуманітарную дзейнасць.
Акрамя таго, у час форуму пройдуць сем пасяджэнняў у фармаце круглых сталоў, якія, паводле слоў Пан Гі Муна, прадаставяць лідарам краін, прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара магчымасць сканцэнтравацца на шэрагу выклікаў, вырашэнне якіх крытычна важна для рэалізацыі парадку дня глабальнага развіцця да 2030 года.
Генеральны сакратар выказаў перакананасць, што саміт азначае пачатак новай эры міжнароднай салідарнасці, якая пакладзе канец пакутам людзей у зонах узброеных канфліктаў і стыхійных бедстваў.