Сваіх вучняў пазнае па голасе

- 15:51Людзі адукацыі

Мікалай Васільевіч Апановіч — незвычайны настаўнік са звычайнай сельскай школы ў аграгарадку Медна Брэсцкага раёна. Візуальна сваіх вучняў ён ніколі не бачыў, але гэта не перашкаджае яму быць паспяховым і любімым педагогам. Мікалай Васільевіч выкладае гісторыю, грамадазнаўства, вядзе факультатыў па асновах права, вучыць дзяцей іграць на гітары і трэніруе школьную каманду “Што? Дзе? Калі?” — адну з лепшых у раёне.

Калі шанцуена добрых людзей

Мікалай Апановіч нарадзіўся ў вёсцы Медна, дзе атрымаў базавую адукацыю. Сур’ёзныя праблемы са зрокам (адслаенне сятчаткі, катаракта) прывялі да страты зроку і не дазволілі працягнуць навучанне. Пасля 9 класа яго аднакласнікі пайшлі ў школу ў суседнюю вёску Знаменку, а Мікалай застаўся дома. Яму не змаглі дапамагчы нават у вядучых клініках: у маскоўскім НДІ вочных хвароб імя Гельмгольца і ў міжгаліновым НТК “Мікрахірургія вока” імя С.М.Фёдарава. Мікалай успрымаў зрокава толькі яркае святло — промні сонца або ліхтароў, накіраваных на яго.

Але юнак знайшоў для сябе выйсце — заняўся самаадукацыяй. Пайсці ў спецыяльную школу для дзяцей з парушэннямі зроку не атрымалася. У Брэсцкай вобласці такая ўстанова ў той час толькі адкрылася, набіралі ў яе вучняў пачатковых класаў. Два гады, праведзеныя Мікалаем дома, не прайшлі дарэмна. Шрыфт Брайля ён асвоіў літаральна за вечар: буквар і спецыяльны прыбор для пісьма юнаку дала рэабілітолаг. За спецыяльнай літаратурай, касетамі і дыскамі ён ездзіў у спецыялізаваную бібліятэку Брэсцкага аддзялення БелТІЗ.

Калі малодшая сястра Мікалая перайшла ў 11 клас, ён вырашыў паспрабаваць разам з ёй атрымаць атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы. Дырэктар установы пайшоў насустрач. Экзамены за 10 клас малады чалавек здаў экстэрнам і быў залічаны ў 11-ы. Школу скончыў на “выдатна” і паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна на гістарычны факультэт па спецыяльнасці “Гісторыя. Рэлігіязнаўства”. Перашкод юнаку не чынілі. Уступныя экзамены Мікалай Апановіч здаваў у вуснай форме. Універсітэт скончыў з дыпломам з адзнакай. Атрымаў і другую вышэйшую адукацыю — у брэсцкім філіяле БДУ на факультэце інфармацыйных тэхналогій па спецыяльнасці “Укараненне інфармацыйных тэхналогій на прадпрыемствах. Эканаміст-юрыст”.

“Ва ўніверсітэце ў мяне былі сябры, разам мы жылі ў інтэрнаце, дзялілі і радасці, і смутак, вучыліся і адпачывалі, хадзілі на дыскатэкі. Праблемы са зрокам не ўплывалі адмоўна на ўзаемаадносіны з аднакурснікамі. Ізгоем сябе не адчуваў, — расказвае Мікалай Апановіч.— Калі звяртаўся да каго-небудзь са студэнтаў з просьбай, напрыклад, начытаць мне кнігу або лекцыю на дыктафон, яны ахвотна дапамагалі. (Раней былі толькі такія тэхнічныя магчымасці.) Іншы раз раніцай сябры дапамагалі мне садзіцца ў транспарт, праводзілі да ўніверсітэта. Я прымаў іх дапамогу з удзячнасцю, таму што яна была ад душы і заўсёды прыходзіла своечасова. На добрых людзей мне шанцавала. Многім студэнтам і я быў карысны, таму што разбіраўся ў тэхніцы, добра ведаў замежныя мовы.

На мой погляд, успрыманне чалавека іншымі людзьмі залежыць ад яго паводзін. Калі ён пастаянна ные, лічыць сябе самым няшчасным і ўпэўнены, што ўсе павінны саступаць яму, то і адносіны да такога чалавека будуць непрыязнымі. І розніцы няма — ёсць у яго інваліднасць ці не. Ёсць катэгорыя людзей, якія любяць шукаць праблемы там, дзе іх няма. Калі ж бачыш перад сабой аптыміста, які добразычлівы і паважлівы ў адносінах да іншых, то і адносіцца да яго будзеш адпаведна. Побач з такім чалавекам і жыць, і працаваць лягчэй”.

Узаемадапамога і давер

Перш чым уладкавацца ў школу, Мікалай Васільевіч прайшоў сур’ёзную медкамісію. Даводзілася даказваць урачам, што парушэнне зроку не перашкодзіць яму вучыць дзяцей. Медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія спачатку дазволіла Мікалаю працаваць толькі на паўстаўкі, але потым зняла ўсе абмежаванні. Малады настаўнік уладкаваўся ў родную Мяднянскую школу, дзе працуе ўжо 11 гадоў. Работу сваю вельмі любіць і лічыць, што яму ў жыцці пашанцавала.

Мікалай Васільевіч расказаў, як праходзяць яго заняткі з дзецьмі. За некалькі хвілін да пачатку ўрока педагога суправаджае ў клас хтосьці з вучняў. Калі настаўнік заходзіць, дзеці ўстаюць з-за парт, затым садзяцца. Настаўнік перадае журнал адказнай дзяўчыне, якая пазначае, хто адсутнічае. У канцы ўрока яна выстаўляе адзнакі. Тэму ўрока і дамашняе заданне ў журнал Мікалая Васільевіча запісваюць калегі. А вось планы ўрокаў і справаздачы ён сам набірае на камп’ютары.

Калі настаўнік упершыню знаёміцца з класам, тлумачыць некалькі простых правіл. Вучню, які хоча адказаць або спытаць нешта ў Мікалая Васільевіча, не трэба ўзнімаць руку, неабходна назваць сваё імя і прозвішча і сказаць аб сваім намеры. Настаўнік хутка запамінае дзяцей па голасе і добра адрознівае кожнага з іх, таму ў далейшым яны могуць не прадстаўляцца.

“Метад навучання ў мяне апераджальны, — адзначае педагог. — Дзеці атрымліваюць на дом заданне па новай тэме. Папярэдне на ўроку я тлумачу ім асноўную інфармацыю па ёй. На наступным уроку мы актыўна абмяркоўваем новы матэрыял. Яны выказваюць свой пункт погляду, спрачаюцца, разважаюць. Калі адчую, што вучні добра зразумелі тэму, даю ім дадатковыя веды, калі не — разбіраем незразумелае. Вітаю, калі пры падрыхтоўцы да ўрока дзеці самі знаходзяць нешта новае, цікавае да матэрыялу, які праходзім. Прытрымліваюся метаду развіцця крытычнага мыслення. Інфармацыю заўсёды разглядаю шматбакова: пад увагай розныя трактоўкі фактаў, у залежнасці ад гэтага робяцца і высновы. Важна, каб школьнікі ўмелі аналізаваць інфармацыю, разбірацца ў нестандартных сітуацыях. Для кожнай тэмы выбіраю свае формы работы і падыходы. Ёсць не вельмі цікавыя для школьнікаў пытанні, напрыклад, па эканоміцы, палітыцы, філасофіі, сацыялогіі. Але ёсць і такія, што выклікаюць цікавасць: адносіны паміж людзьмі, канфліктныя і неканфліктныя паводзіны, прававыя пытанні, напрыклад, аб адказнасці, прадугледжанай за тое ці іншае правапарушэнне. Разглядаем з імі канкрэтныя, блізкія ім жыццёвыя сітуацыі (аб здзейсненым хуліганстве, неаказанні дапамогі пацярпеўшаму і г.д.). Выкарыстоўваю на ўроках наглядны матэрыял, тэсты, раздрукоўкі, відэаматэрыял, ІКТ. Працую і з геаграфічнай картай, у свой час добра запомніў размяшчэнне аб’ектаў на ёй. Урокі ў нас праходзяць весела, часам з жартамі і анекдотамі, якія тычацца тэмы, што разглядаецца”.

Настаўнік можа нават справакаваць дзяцей. У 9 класе па тэме “Канфлікты” вывучаліся віды канфліктаў, спосабы пазбягання іх і г.д. Педагог прыйшоў на ўрок з пахмурным — нават злым — выглядам, стаў павышаць голас. Дзеці літаральна не пазнавалі заўсёды далікатнага і ўсмешлівага Мікалая Васільевіча. А ён пры гэтым ледзь стрымліваў смех. Раптам адна з вучаніц сказала: “Навошта вы, Мікалай Васільевіч, ствараеце канфліктную сітуацыю? Лепш пагаворым з вамі аб канфліктах”. Намер педагога быў раскрыты.

На сваіх занятках Мікалай Васільевіч дазваляе дзецям карыстацца любой крыніцай інфармацыі, нават інтэрнэтам са смартфонаў. Іншы раз трэба нешта ўдакладніць, знайсці, напрыклад, нейкі заканадаўчы акт. Можна падглядаць і пры адказе на пытанні. Але настаўнік фармулюе іх так, каб яны адлюстроўвалі агульную сутнасць праблемы. Калі вучань не чытаў падручніка і не разбіраецца ў матэрыяле, ён не зможа адказаць нават пры дапамозе падказак, яго меркаванне не будзе аргументаваным. Калі Мікалай Васільевіч задае сачыненне, то фармулюе тэму так, каб яна не супадала з запытам у Google. Праверачныя і кантрольныя работы дзеці пішуць па справядлівасці. Падручнікі і тэлефоны хаваюць. Сшыткі Мікалай Васільевіч не правярае, свае работы вучні зачыт-ваюць уголас. У кожнага свой стыль выкладання інфармацыі, таму педагог адчувае, хто напісаў сам, а хто спісаў.

У настаўніка склаліся даверлівыя адносіны з вучнямі. Сур’ёзных праблем за гады работы ніколі не ўзнікала. Былі адзінкавыя моманты, калі хтосьці, напрыклад, мог ціхенька пахадзіць па класе або паводзіць сябе так, што яго ўвогуле няма, ці падмаляваць адзнаку ў журнале. Але ўсе дзіцячыя хітрыкі Мікалай Васільевіч хутка выкрывае. Увогуле, на дысцыпліну ў класе нараканняў няма, паколькі педагог працуе пераважна са старшакласнікамі, якія ўсё разумеюць і пры неабходнасці самі сябе супакойваюць, робяць адно аднаму заўвагі.

Не спыняцца ў развіцці

Пасля ўрокаў вакол Мікалая Васільевіча заўсёды збіраецца шумная кампанія дзяцей. Абступяць яго ў калідоры або ў школьным двары і просяць расказаць нешта цікавае, даць параду. Для іх у настаўніка ў запасе шмат гісторый. Вучні абмяркоўваюць з ім і прачытаныя кнігі, раяцца, што лепш пачытаць у наступны раз. Часта на перапынках Мікалай Васільевіч іграе на гітары. Інструмент асвоіў самастойна яшчэ ва ўніверсітэце. Ён можа паказаць і майстар-клас ігры на баяне і гармоні. Пасля таго як настаўнік некалькі разоў выступіў на школьных святах, дырэктар школы, па просьбе вучняў і бацькоў, прапанаваў яму адкрыць гурток па ігры на гітары. Мікалай Васільевіч стаў супрацоўнікам Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна, але заняткі па ігры на гітары праводзіць на базе школы. Жадаючых асвоіць інструмент столькі, у тым ліку і сярод дарослых, што настаўнік не можа ўсіх прыняць. Вучні нават летам тэлефануюць педагогу, запрашаюць у школьны двор пасядзець на лавачцы і пабрынкаць. Мікалай Васільевіч плануе набыць сабе сінтэзатар і стварыць у школе музычную групу.

“Сапраўдны педагог павінен пастаянна ўдасканальвацца, каб быць цікавым дзецям і абагачаць іх сучаснымі ведамі, — гаворыць мой суразмоўца. — Адна і тая ж інфармацыя, формы і метады работы, якія педагог з году ў год выкарыстоўвае на ўроках, запаволяць яго прафесійнае развіццё, што не дазволіць дзецям раскрыць свае здольнасці. Я вучням сваім кажу: “Калі вы за дзень не даведаліся нічога новага, не ўдзялілі чытанню хаця б 15—20 хвілін, вы засталіся на адным і тым жа месцы, а гэта рэгрэс”.

Каб трымаць сябе ў добрай прафесійнай форме, Мікалай Васільевіч пастаянна ў пошуку новага пазнавальнага і займальнага матэрыялу, у вывучэнні навукова-папулярнай літаратуры. Летам асабліва шмат часу для гэтага. На кніжнай паліцы настаўніка — кнігі па псіхалогіі, педагогіцы, методыцы выкладання гісторыі і грамадазнаўства. Сочыць Мікалай Васільевіч і за навінамі педагагічных парталаў. Да новага навучальнага года падрыхтаваўся добра, яму будзе што абмеркаваць, аб чым паспрачацца са сваімі вучнямі.

Як правіла, навучэнцы Мікалая Апановіча штогод займаюць прызавыя месцы ў раёне на алімпіядах па правазнаўстве, грамадазнаўстве, на навукова-практычных канферэнцыях па гісторыі, а таксама ў абласных і раённых творчых конкурсах за ігру на гітары. Добрыя вынікі дэманструюць і выпускнікі Мяднянскай сярэдняй школы падчас ЦТ. Па гісторыі і грамадазнаўстве яны набіраюць больш за 80 балаў.

Школьная каманда “Што? Дзе? Калі?, якую рыхтуе настаўнік, з’яўляецца штогадовым раённым лідарам турніру. Перамагаюць дзеці і ў гульнях КВЗ. Мікалай Васільевіч і сам удзельнічае ў рэспубліканскім інтэлектуальна-пазнавальным конкурсе “Эрудыт” для людзей з парушэннямі зроку. Падчас аднаго з іх ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Таццянай. Толькі пачуў яе голас і адразу закахаўся. Голас чалавека таксама з’яўляецца люстэркам яго душы. У гэтым Мікалай Васільевіч упэўнены на сто працэнтаў, так ён адчувае. Гэтае пачуццё заўсёды дапамагала яму разбірацца ў людзях.

Надзея ЦЕРАХАВА.