Першае знаёмства з дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці № 89 Гродна ў Алесі Мікалаеўны Кнігі адбылося падчас практыкі пасля заканчэння першага курса ўніверсітэта. У цэнтры працуе філіял кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ГрДУ імя Янкі Купалы, супрацоўніцтва з універсітэтам вельмі плённае, рэгулярна арганізоўваецца тут і практыка студэнтаў. Пасля трэцяга курса А.М.Кнізе зноў давялося праходзіць практыку ў ДЦРД № 89, і загадчык цэнтра Жанна Канстанцінаўна Вайцяхоўская больш не адпускала дзяўчыну.
Так, яшчэ з’яўляючыся студэнткай спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, Алеся Мікалаеўна Кніга пачала працаваць выхавальнікам дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна.
Прынцып Ж.К.Вайцяхоўскай — прыглядацца да маладых, адшукваць перспектыўных і таленавітых, ствараць у калектыве садружнасць вопытных педагогаў і актыўных маладых спецыялістаў — спрацаваў і ў выпадку з Алесяй. Дарэчы, прапанову працаваць тады атрымала і сяброўка дзяўчыны Вольга Чэх, з якой яны разам вучыліся.
— Былі сумненні, пачуццё вялікай адказнасці. Пасля першай сустрэчы з бацькамі выхаванцаў бачыла пэўны недавер з іх боку: маладая, нявопытная. Але я ведала, што гэта мая прафесія, што мне тут цікава, што я буду старацца. Дапамагала падтрымка Жанны Канстанцінаўны, якая прыходзіла ў групу, назірала за працай, падказвала, прапаноўвала свае варыянты, а таксама вопытных выхавальнікаў (асабліва Алены Рамуальдаўны Гусевай), якія пра нас клапаціліся, — расказвае Алеся Мікалаеўна. — Мы адразу ўцягнуліся ў жыццё цэнтра і адчувалі сябе адказнымі за ўсе справы, нягледзячы на тое, што былі яшчэ зусім маладымі супрацоўнікамі.
Жаданне студэнткі працаваць і вучыцца падтрымалі і на педагагічным факультэце. Курс на практыка-арыентаваную адукацыю — гэта і падтрымка студэнтаў, якія пераводзяцца на індывідуальны графік навучання.
Алеся лічыць, што ў яе жыцці былі дзве вызначальныя сустрэчы, якія паўплывалі на выбар прафесіі. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 3 Гродна дзяўчына збіралася паступаць на факультэт псіхалогіі. А ў дзень падачы дакументаў выпадковая сустрэча з тагачасным дэканам педагагічнага факультэта Віктарам Пятровічам Таранцеем перакрэсліла гэтыя планы. Віктар Пятровіч спытаў, куды яна збіраецца паступаць… і запрасіў спачатку азнаёміцца са спецыяльнасцямі педфака. І такім змястоўным быў яго расказ пра прафесію выхавальніка, пра тое, як цікава вучыцца на педагагічным факультэце, што Алеся туды і паступіла. А потым Жанна Канстанцінаўна Вайцяхоўская аказала давер і дала пуцёўку ў прафесійнае жыццё.
Невядома, што страціла псіхалогія, але педагогіка ў асобе Алесі Мікалаеўны Кнігі набыла добрага спецыяліста. І гэта бачна ўжо сёння.
— Адразу відаць, як педагог ставіцца да дзяцей і як яны адказваюць на гэта, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 89 Людміла Мікалаеўна Булавіна. — Да Алесі Мікалаеўны дзеці бягуць, у групе яны заўсёды заняты нейкай справай. І гэта паказвае, што чалавек — у сваёй прафесіі. Пры арганізацыі работы з дзецьмі Алеся прытрымліваецца прынцыпу развіццёвага навучання, выкарыстоўвае асобасна арыентаваную мадэль узаемадзеяння з дзецьмі. Ды і бацькі нашых выхаванцаў хутка змянілі стаўленне да педагога — нават падзякі на сайце размяшчаюць за выхаванне дзяцей. А калі даведаліся аб перамозе Алесі ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017”, пачалі прапаноўваць сваю дапамогу ў падрыхтоўцы, бо вельмі жадаюць перамогі свайму выхавальніку ў фінале конкурсу і вельмі ёй ганарацца. Свой прафесіяналізм малады педагог пацвердзіла на ўсіх этапах конкурсу, а адно з заданняў — майстар-клас у незнаёмай групе па фарміраванні элементаў матэматычных ведаў — правяла ў гульнявой форме, з вершамі, палічыўшы, што гэтай навуцы дзяцей трэба вучыць весела.
На пытанне, як усё паспяваць, Алеся Мікалаеўна адказвае, што галоўны бонус — гэта любоў дзяцей, іх цікавасць і непасрэднасць, штохвіліннае жаданне пытацца пра ўсё на свеце. На шмат пытанняў штодня даводзіцца адказваць А.М.Кнізе, таму, на яе думку, і самой трэба вучыцца пастаянна.
А.М.Кніга — магістрант кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ГрДУ імя Янкі Купалы, рыхтуе работу па фарміраванні дызайнерскіх уменняў у дзяцей і арганізацыі дызайнерскай дзейнасці ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі. Разам са сваімі выхаванцамі Алеся Мікалаеўна таксама стварае: у праграме заняткаў — ніткаграфія і гратаж, кляксаграфія, пластылінаграфія і шмат іншага. А нядаўна паспрабавалі асвоіць батык — дзецям вельмі спадабалася.
Акрамя таго, А.М.Кніга — аўтар сямі навуковых публікацый. Адна з апошніх — “Педагагічны бізнес-праект “Студыя дзіцячага дызайну” як пашырэнне прасторы самарэалізацыі маладога спецыяліста дашкольнай адукацыі”. У скарбонцы дасягненняў — 12 дыпломаў навуковых канферэнцый і міжнародных алімпіяд па педагогіцы, сярод якіх дыпломы Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь і Х Міжнароднага форуму “Адукацыя: выклікі ХХІ стагоддзя”, які праходзіў у Валгаградзе, дыплом за якаснае правядзенне майстар-класа “Чароўны пясок” на Міжнародным форуме “Рабі дабро на карысць іншым”.
А яшчэ Алеся Мікалаеўна з’яўляецца выкладчыкам адукацыйнага інавацыйнага цэнтра, створанага на яе родным педагагічным факультэце. Са студэнтамі і настаўнікамі яна вядзе заняткі па дызайне.
Калі любіш сваю справу — гэта заўсёды на карысць. І ўсё пад сілу. У любым узросце.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.