У Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху прайшло раённае свята “Свет дзяцінства”, прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Па традыцыі ўстанова адукацыі запрасіла ў госці дзяцей з 65 мнагадзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў і іх бацькоў. У падрыхтоўцы свята прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму і члены райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Першамайскага раёна.
Музыка і радасны настрой, рухавыя гульні на свежым паветры і яркія канцэртныя нумары, віншаванні і падарункі ад гаспадароў і ганаровых гасцей, дэгустацыя смачнай і карыснай салодкай прадукцыі віцебскіх прадпрыемстваў, майстар-класы па вырабе арыгінальных сувеніраў і аквагрыме, інтэлектуальныя конкурсы, практычнае знаёмства з работай крыміналістаў, арганізаванае прадстаўнікамі ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, займальныя навуковыя доследы ў міні-лабараторыях — сустрэча напярэдадні вялікіх канікул атрымалася запамінальнай і па-летняму сонечнай. Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця гэтае свята стала не толькі магчымасцю весела правесці час, але і прадэманстраваць свае таленты і навыкі.
Навучэнцы ўстаноў спецыяльнай адукацыі нярэдка атрымліваюць падарункі і ўдзячны за гэта, але нельга дапусціць, каб такія дзеці выраслі спажыўцамі чужой дабрыні і клопату. Школа-інтэрнат вядзе актыўную валанцёрскую работу, а некалькі гадоў назад установа адукацыі першай у горадзе прапанавала арганізаваць раённае свята для мнагадзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў. Ініцыятыва прыжылася, мерапрыемства стала штогадовым. Больш за тое, зараз падобныя святы сталі праводзіцца і ў іншых раёнах Віцебска і вобласці.
— Штораз мы крыху мяняем фармат і канцэпцыю мерапрыемства, таму кожны раз нашых гасцей чакае такі любімы дзецьмі ўсіх узростаў сюрпрыз, — патлумачыла дырэктар школы-інтэрната Святлана Алексяевіч. — Сённяшняе свята праходзіць у Год навукі, таму ўсе станцыі носяць даследчыцкі характар. Частку з іх падрыхтавалі нашы педагогі і навучэнцы, частку — валанцёры Чырвонага Крыжа, БРСМ, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і даўнія сябры. Мы даследуем фізічныя законы і прынцыпы дзеяння шоу мыльных бурбалак, фокусы і зрокавыя ілюзіі, ставім хімічныя доследы — усё, што матывуе дзяцей вывучаць навакольны свет, пазнаваць яго праявы з усмешкай, радасцю, весялосцю.
Канцэртную праграму гаспадары таксама рыхтавалі разам з сябрамі — валанцёрамі гімназіі № 3 абласнога цэнтра і Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Атрымалася здорава, а калі маленькія госці крыху стаміліся ад смеху, апладысментаў і эмоцый, у працяг загучалі… салодкія ноткі. Арганізатары свята запрасілі ўсіх паласавацца марожаным — і ў сонечны дзень пачастунак прыйшоўся ой як даспадобы!
— Сабралася столькі дзяцей, у тым ліку тых, якім патрэбна асаблівая дапамога, — і паглядзіце, якія шчаслівыя ўсмешкі на іх тварах! Я ганаруся, што такое выдатнае свята першымі ў Віцебску пачалі праводзіць менавіта ў маёй акрузе, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльнай абароне Таццяна Старынская. — Дзяржава надае велізарнае значэнне пытанням абароны дзяцей і сям’і. Так, па-ранейшаму ў нас будзе захаваны трохгадовы тэрмін адпачынку па доглядзе дзіцяці. Калі маці аддае дзіця ў дашкольную ўстанову і сама ў гэты час пачынае падпрацоўваць, дапамога сям’і застаецца ў тым жа памеры. Акрамя таго, будзе павялічана дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей чацвёртай ступені страты здароўя. Абмяркоўваюцца пытанні аб прадастаўленні дэкрэтнага адпачынку татам, каб тыя ў першыя некалькі тыдняў пасля нараджэння дзіцяці мелі магчымасць аказаць больш істотную падтрымку сваім родным, а таксама аб зацвярджэнні ордэна Сям’і. Мяркуецца, ім будуць узнагароджвацца мнагадзетныя сем’і, якія выхавалі дастойных дзяцей, пасля дасягнення малодшым дзіцем паўналецця. Я не ўпершыню наведваю нашу школу-інтэрнат і заўсёды бачу, што яе педагогі гараць працай, любяць яе і сваіх выхаванцаў. Але асноўная абарона дзіцяці ад жыццёвых нягод — яго сям’я. Ніхто і нішто не зможа замяніць ласкавыя матуліны рукі, дабрыню сэрца, цёплую ўтульнасць сям’і. Беражыце свае сем’і! Любіце і паважайце сваіх дзяцей!
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.