Свет уратуюць летуценнікі

- 10:45Якасць адукацыі

Ён сцвярджае, што сучасную адукацыю варта параўноўваць не са стралой, што выпушчана і ляціць да пэўнай мэты, а хутчэй з навігатарам па горадзе, які будуецца з неверагоднай хуткасцю: адкрываюцца і закрываюцца дарогі, узводзяцца новыя развязкі — і чалавеку, каб рухацца, трэба пастаянна перабудоўваць сваю траекторыю.

Яго футурыстычная лекцыя на кар’ерным форуме выклікала вялікую цікавасць з боку студэнтаў. Вядома, яны ведалі, што будучыня будзе іншай, не падобнай на сённяшні дзень, але не думалі, што яна настане так хутка і закране іх непасрэдным чынам. Як падрыхтавацца да надыходзячых змен?

Падчас лекцыі вядучы адукацыйных праграм Маскоўскай школы кіравання “Сколкава”, вядучы эксперт праекта па распрацоўцы методыкі прагназавання патрэбы ў рабочых кадрах (сумесна з Міжнароднай арганізацыяй працы), кіраўнік вядомага ў Расіі праекта “Атлас новых прафесій” Дзмітрый СУДАКОЎ адказаў на многія пытанні аўдыторыі і даў пажытак для новых разваг.

Думаць пра будучыню

Адна з функцый сістэмы адукацыі — рыхтаваць прафесійныя кадры для эканомікі. Аднак атрымліваецца так, што, пакуль універсітэты займаюцца падрыхтоўкай (а праграмы ў нас сталыя, “надзейныя”), эканоміка вырываецца наперад. І мы пачалі разбірацца, куды ж рухаецца гэтая “машына часу”, як і чаму ў сувязі з гэтым трэба вучыць моладзь.

Сёння надзвычай важна думаць пра будучыню, гаварыць пра будучыню і займацца будучыняй.


Па-першае, свет імкліва мяняецца, і хуткасць гэтых змен пастаянна ўзрастае. Напрыклад, для таго, каб у кожным амерыканскім доме з’явілася электрычнасць, спатрэбілася каля 50 гадоў, тэлефон і радыё — каля 30 гадоў, мабільныя тэлефоны — 13 гадоў, інтэрнэт — 7 гадоў. Сёння Facebook, які быў заснаваны ў 2004 годзе, па колькасці “жыхароў” з’яўляецца фактычна другой краінай у свеце, саступаючы толькі Кітаю. А “Пакемоны”, якія былі запушчаны на пачатку ліпеня мінулага года, ужо да пачатку жніўня мелі 100-мільённую аўдыторыю. Такім чынам, маштаб і хуткасць распаўсюджання любых тэхналогій лавінападобна нарастаюць.

Па-другое, мы жывём у свеце з празрыстымі межамі, дзе ўсё вельмі звязана. Паглядзіце на карту свету, дзе каляровымі кропкамі пазначаны ланцужок стварэння такой простай рэчы, як слоічак “Нутэлы”. Бачна, што ён выраблены літаральна на ўсіх кантынентах. Умоўна кажучы, у Эквадоры здабываюць какава-бабы, у ЗША — ванілін, Малайзія вырабляе пальмавы алей і г.д. Гэта азначае, што калі вы мысліце сябе супрацоўнікам нейкай глабальнай кампаніі (а сёння такой з’яўляецца любая кампанія), то павінны навучыцца працаваць у звязаным свеце. Напэўна, ні адзін прадмет у гэтым пакоі, акрамя самых простых, не выраблены ў адной краіне. А ўявіце складаную тэхніку, напрыклад, авіялайнер. Сучасны “боінг” — гэта 6 млн дэталей, паўмільёна чалавек, уцягнутых у яго вытворчасць, і 5 тысяч заводаў па ўсім свеце. Узровень складанасці гэтага аб’екта неверагодны, і з гэтым трэба навучыцца працаваць.

Па-трэцяе, імкліва нарастае аўтаматызацыя, якая таксама фарміруе нашу будучыню. Летась у Давосе брытанскія вучоныя дакладвалі, што на працягу 10—15 гадоў каля 50% (у некаторых краінах да 80%) цяперашніх працоўных месцаў будуць аўтаматызаваны. Узнікае пытанне: а што рабіць людзям? У прынцыпе, мы гэта ўжо праходзілі. Стагоддзе назад у той жа Францыі 70% насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы. Сёння гэтая лічба складае 5%. Вы спытаеце, куды дзеліся астатнія людзі, беспрацоўе не надта вырасла? А ім давялося перавучвацца і шукаць сябе ў гэтым свеце. Вядома, гэты працэс быў даволі доўгі і заняў дзясяткі гадоў. Зараз мы гаворым пра значна карацейшы прамежак часу — 10—15 гадоў. І гэта практычна заўтра.

Акрамя таго, у свеце нарастае няроўнасць. 0,5% насельніцтва планеты валодае 40% сусветнага багацця (ёсць меркаванне, што 10 сем’яў валодаюць 15% багацця). Пры гэтым 60% найбольш беднага насельніцтва валодаюць усяго 3% багацця. Настолькі няроўна ўстроены сучасны свет! І хоць сённяшнія беднякі ўжо не такія бедныя, як стагоддзе назад, тым не менш сітуацыя насцярожвае.

Рост няроўнасці вядзе да таго, што некаторыя людзі рызыкуюць застацца за бортам. Я працаваў у Танзаніі і бачыў шмат людзей, якія не вучацца, не працуюць, нічога не ўмеюць і нічога не хочуць, бачыў, што такое беднасць. Арганізацыі тыпу Ісламскай дзяржавы якраз і вырастаюць з такіх людзей. Толькі трэба мець на ўвазе, што ў Танзаніі 50 мільёнаў насельніцтва. І гэта толькі адзінкавы прыклад. Калі мы нічога не зменім, то рызыкуем сутыкнуцца з вельмі сур’ёзнымі выклікамі, у тым ліку сілавымі канфліктамі.

У нашым высокатэхналагічным свеце ўсе карыстаюцца смартфонамі, камерамі, праектарамі і г.д. Штодня мы пракочваем праз сябе аб’ём інфармацыі, параўнальны з тым, які чалавек ХІХ стагоддзя пракочваў за ўсё жыццё. І як гэта адбіваецца на нас — сур’ёзнае пытанне.

Нам трэба вучыцца жыць са складанасцю гэтага свету. Як вядома, старажытныя рымляне былі вельмі добрымі інжынерамі і будавалі складаныя для свайго часу, надзейныя збудаванні. Гэтыя збудаванні служылі некалькім пакаленням людзей, але, калі яны выходзілі са строю, высвятлялася, што з цягам часу людзі забыліся, як яны ўстроены, і ўжо не ведалі, як іх рамантаваць. Так многія выбітныя збудаванні былі закінуты. Здавалася б, прычым тут мы? А справа ў тым, што сёння чалавецтва ўжо не можа пабудаваць ракету, якая даставіла людзей на Месяц, мы проста забыліся, як гэта рабіць. Гонка паміж СССР і ЗША завяршылася палётам на Месяц амерыканскіх астранаўтаў, мэта была выканана, і падобныя ракеты сталі непатрэбнымі. Але нават калі б яны спатрэбіліся, то пабудаваць іх сёння было б праблематычна. Ну добра, ракеты. А калі мы забудзем, як рамантаваць атамныя электрастанцыі, хімічныя вытворчасці і г.д.? Гэта пагражае чалавецтву вельмі сур’ёзнымі наступствамі.

Нарэшце, нам трэба навучыцца жыць у балансе з прыродай. Сёння мы знішчаем яе, і гэта жахліва. 80% сусветнага акіяна знаходзіцца ў стане “перарыблівання” — рыба вылоўліваецца хутчэй, чым паспявае аднаўляцца папуляцыя. Зразумела, што наступнымі загінуць жывёлы, якія кормяцца рыбай, потым — жывёлы, якія кормяцца гэтымі жывёламі. Ланцужок вельмі крохкі. Рэй Брэдберы пісаў, што ад дня, калі памрэ апошняя пчала, чалавецтву застанецца жыць 5 гадоў. І гэта свет, які мы сёння канструюем сваімі дзеяннямі! Відавочна, калі мы не навучымся кіраваць складанасцямі гэтага свету, то рызыкуем дажыць да апакаліпсісу.

Будучыню магчыма змяніць

На шчасце, будучыня не прадвызначана, яе магчыма змяніць. Пры гэтым важна разумець, што нельга сабраць будучыню ў адзіночку, на гэтай машыне едзе 7,5 млрд чалавек. Людзям трэба дамовіцца, якую будучыню яны хацелі б сканструяваць.

Свет будзе прынцыпова іншым. З’явіліся дроны, іх ужо дораць дзецям на дзень нараджэння. У хуткім часе іх стане вельмі многа. Калі нас страшыць, што гэта сапсуе неба, то мы падобны на людзей ХІХ стагоддзя, якія з жахам адскоквалі ад аўтамабіляў. Апынуўшыся сёння ў Мінску ці ў іншым вялікім горадзе, яны, напэўна, вырашылі б, што трапілі ў пекла. Аднак гэта тая будучыня, якую стварылі іх нашчадкі.

Мяняецца медыцына, якая дзякуючы прарыўным тэхналогіям становіцца персанальнай. Калі я быў дзіцем, у аптэках было ўсяго дзве таблеткі ад галавы — аспірын і анальгін. Сёння іх ужо не менш за пяцьдзясят. А ў будучыні з’явяцца таблеткі, зробленыя персанальна для кожнага чалавека. І, што важна, медыцына становіцца прэвентыўнай. Як высвятляецца, лячыць чалавека вельмі дорага, значна лягчэй і танней зрабіць так, каб ён не хварэў. Гаворка ідзе пра здаровы лад жыцця, але не сумны (рэжым і каша на сняданак і вячэру), а цікавы і разнастайны.

Мы будзем жыць у свеце дапоўненай рэальнасці (дзякуючы “Пакемонам усе ведаюць, што гэта такое). А гэта значыць, што павінны з’явіцца людзі, якія будуць яе ствараць, — канструктары новых сусветаў. Чалавек сыдзе з масавай прамысловай вытворчасці, як калісьці сышоў з масавай сельскай гаспадаркі, бо можна будзе кіраваць складанымі індустрыяльнымі аб’ектамі аддалена. Там будуць працаваць робаты, а не людзі. Напрыклад, кітайцы ўжо прадэманстравалі, што з дапамогай гіганцкіх 3D-прынтараў можна надрукаваць катэджны пасёлак за тыдзень. І гэта цалкам мяняе будаўнічую галіну.

Зменіцца ўяўленне пра работу. Мы прывыклі думаць, што работа — гэта прыкоўванне да камп’ютара ці станка, калі чалавек з 9 да 18 гадзін мусіць цягнуць лямку. Але сёння ўжо зразумела, што работа можа адбывацца паўсюль. Напрыклад, сёння я працаваў у холе атэля “Пекін”, перапісваючыся з Якуцкам, Масквой і Санкт-Пецярбургам. Дагэтуль я працаваў на вышыні 10 тысяч метраў у самалёце на шляху з Масквы ў Мінск. І ёсць яшчэ больш цікавыя перспектывы. Так, летась з’явіўся цудоўны стартап, які прапаноўвае за грошы (даволі вялікія, каля 5 тысяч долараў) на працягу года правезці вас прыкладна па 15 краінах, дзе вам не толькі пакажуць мясцовыя славутасці, але і забяспечаць паўнавартасным працоўным месцам (пастаянны інтэрнэт, доступ да неабходнай аргтэхнікі і г.д.).

Сёння людзі ўсё часцей задумваюцца пра тое, што карысныя выкапні трэба здабываць у космасе. Гучыць фантастычна, але існуюць прынамсі два сур’ёзныя стартапы, якія падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні. Справа ў тым, што рэдказямельных элементаў на планеце вельмі мала, размешчаны яны нераўнамерна: большасць з іх залягае ў Кітаі. І Кітай на дзяржаўным узроўні забараніў экспарт гэтых элементаў (а яны выкарыстоўваюцца ва ўсёй сучаснай электроніцы). Таму ёсць ідэя здабываць рэдказямельныя элементы ў космасе і дастаўляць на зямлю.

У нас вельмі актыўна развіваецца штучны інтэлект. Сёння вакол гэтага вельмі шмат страхаў (тэрмінатар, матрыца і г.д.), але са штучным інтэлектам можна супрацоўнічаць, у яго можна вучыцца. Такі вопыт ужо ёсць.

Мяняюцца асновы эканомікі. Напрыклад, малавядомы пакуль у Расіі WeChat — гэта не проста кітайскія сацыяльныя сеткі, а месэнджар, які дазваляе карыстальнікам, акрамя звычайных камунікацый, унутры Кітая аплачваць камунальныя паслугі, пакупкі ў інтэрнэт-магазінах і афлайн-магазінах, рабіць грашовыя пераводы і г.д. Герман Грэф яшчэ ў 2012 годзе гаварыў, што галоўны канкурэнт банкаў — гэта не іншыя банкі, а Google. І гэта так, фінансы трансфармуюцца. Наяўныя грошы паміраюць, хутка такі ж лёс напаткае і карткі. За ўсё можна будзе заплаціць з уласнага смартфона — і гэта сапраўдны выклік для банкаў.

Да нас прыходзяць разумныя кантракты, і ўжо не патрэбны юрысты, бо такія кантракты выконваюцца самі. Прыходзяць вялікія даныя, якія дазваляюць заточваць сэрвісы пад розных людзей і рабіць іх індывідуальнымі.

І ў якасці адказу на несправядлівасць свету нараджаецца так званая эканоміка даверу, калі прадукт ператвараецца ў паслугу. Uber — гэта не проста таксі: у чалавека ёсць машына, і ён згодны падзяліцца прасторай у гэтай машыне з іншымі людзьмі за невялікія грошы. Ёсць стартапы, дзе людзі дзеляцца ўласным парковачным месцам, калі яно вызваляецца. Надзвычай папулярны праект Аirbnb: людзі дзеляцца сваім жытлом. Ужо не трэба валодаць нечым у адзіночку — і гэта спараджае новую эканоміку.

Свет становіцца глабальным. Вядома, мы можам пабудаваць сцяну вакол сябе, але будзем ураз выкінуты на абочыну цывілізацыі, бо нельга будаваць эканоміку ў асобна ўзятай краіне. І свет становіцца ўсё больш аўтаматызаваным, таму мы павінны вучыцца шукаць сябе і знаходзіць, чым кожны з нас зоймецца ў жыцці.

Цудоўны ўзрост, каб сабраць каманду

Сучасную адукацыю можна параўнаць не са стралой, што выпушчана і ляціць да пэўнай мэты, а хутчэй з навігатарам па горадзе, які будуецца з неверагоднай хуткасцю: адкрываюцца і закрываюцца дарогі, узводзяцца новыя развязкі — і чалавеку, каб рухацца, трэба пастаянна перабудоўваць сваю траекторыю. Па гэтай прычыне трэба быць гатовым вучыцца ўсё жыццё.

Нам увесь час гавораць, што трэба ўмець канкурыраваць з іншымі. Аднак я скажу, што не менш важна ўмець камунікаваць, супрацоўнічаць, дамаўляцца і заўсёды памятаць, што вы ў гэтым свеце не адны. Трэба вучыцца жыць у мультыкультурным асяроддзі. Прычым гаворка не толькі пра людзей іншых нацыянальнасцей. Калі вы будзеце працаваць з людзьмі, старэйшымі за вас на 20 гадоў, то гэта ўжо іншая культура.

Што да робатаў, то яны не знойдуць прымянення там, куды людзі прыходзяць па чалавечае. Наўрад ці вам будуць даспадобы танцы або сеанс псіхатэрапіі з робатам (на мой погляд, гэта тое ж, што сеанс з васьміногам). Нават у век аўтаматызацыі застанецца шмат таго, дзе будуць запатрабаваны чалавечыя адносіны, а гэта значыць, што іх трэба развіваць у сабе. А вось у гэтым пытанні мы часта наіўныя, бо ў нас з дзіцячага садка перастаюць вучыць розным эмацыянальным рэчам, такім як спагадлівасць, суперажыванне, сумесная радасць і гараванне.

Вядома, важна ўсё, што звязана з мысленнем: крытычнае мысленне, сістэмнае мысленне, уменне пераносіць свае навыкі з адной галіны ў другую. Вы паглыбляецеся ў свет, дзе вам давядзецца пастаянна збягаць ад аўтаматызацыі. Зараз гэта можа гучаць фантастычна, але ў той момант, калі вы страціце работу, бо стварылі новага, больш эфектыўнага робата ці больш эфектыўную тэхналогію, вам давядзецца думаць, як прымяніць свае веды ў іншай галіне. Чым больш галін вы ахопіце сваёй увагай, тым лепш.

Сёння, выбіраючы прафесію, трэба думаць, ці туды я цэлю, бо можа стацца так, што мішэнню будзе абрана прафесія, якой заўтра проста не стане. Так, у канцы 90-х вытворцы пэйджараў укладвалі вялікія грошы ў стварэнне кол-цэнтраў і каляровыя апараты. Але галіна памерла за два гады, бо з’явіліся мабільныя тэлефоны. Трэба старацца прадбачыць падобнае.

Абавязкова варта працаваць падчас вучобы, хаця б для таго, каб адчуць: маё гэта ці не маё. Прычым не так, што чалавек вучыцца на фізіка, а падпрацоўвае аніматарам, а прымяняць тое, чаму вы вучыцеся, на практыцы.

У свеце будучыні знайсці сябе зможа любы чалавек, калі ён адказна адносіцца да свайго лёсу. Пры гэтым можна ўпэўнена назваць галіны, якія будуць запатрабаваны. Гэта ўсё, што звязана з новымі ІТ-тэхналогіямі: штучны інтэлект, вялікія даныя, воблакі і г.д. Гэта новая энергетыка, новы транспарт, разумныя дамы, новыя матэрыялы, біятэхналогіі, генетыка, медыцына.

З пагрозамі будучыні, пра якія згадвалася вышэй, дапамогуць справіцца прадпрымальнікі, якія будуць ствараць штосьці новае, і летуценнікі — людзі, якія любяць тое, што яны робяць.

Арганізоўвайцеся! Вы ў цудоўным узросце, каб пачаць збіраць каманду і будаваць сетку. Старайцеся не страчваць набытыя ў юнацтве адносіны. Любіце тое, што робіце. Калі не любіце, то кідайце і шукайце сваё. Памятайце, што любоў — гэта не тое, што лёгкае і радаснае, а тое, што вас заводзіць і напаўняе энергіяй.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.