Светлая школа гальшанская

- 10:44Гродзеншчына

У старажытныя Гальшаны мы ехалі за гісторыяй. І мы яе пачулі — гісторыю школы даўжынёй у 240 гадоў і гісторыю мястэчка даўжынёй амаль у восем стагоддзяў.

Традыцыі і інавацыі

Гальшанская сярэдняя школа Ашмянскага раёна незвычайная — гэта своеасаблівы сімбіёз традыцый і інавацый. Тут адчуваецца душэўнасць вясковай установы і адначасова гатоўнасць рэалізоўваць самыя сучасныя, у тым ліку міжнародныя праекты.

— Наша школа — гэта 228 навучэнцаў і 32 настаўнікі, — расказвае дырэктар Марына Гайдукевіч. — Заняткі наведваюць дзеці з 28 вёсак, іх падвоз ажыццяўляецца трыма аўтобусамі. Для зручнасці дзяцей і бацькоў працуюць тры групы прадоўжанага дня. Адпаведна, у школе ўдзяляецца вялікая ўвага не толькі вучэбнаму працэсу, але і пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў.

Ва ўстанове адукацыі вельмі добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Тут ёсць усё для вучобы і ўсебаковага развіцця дзяцей: выдатныя спартыўныя збудаванні, сучасныя камп’ютары, мультыборд, інтэрактыўныя дошкі. Школьнікі маюць магчымасць вывучаць тры замежныя мовы: англійскую, нямецкую і французскую.

Шмат увагі ўдзяляецца спорту. Гальшанскія дзеці неаднаразова станавіліся прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сярод іх ёсць майстры спорту міжнароднага класа, кандыдаты ў майстры спорту, прызёры міжнародных спаборніцтваў сярод юніёраў.

Дырэктар школы Марына Гайдукевіч.

Адметна, што многія дзеці захапляюцца шашкамі і шахматамі. У школе абсталяваны спецыяльны куточак, дзе можна спакойна пагуляць у вольны час. Гэта своеасаблівая гальшанская традыцыя, якая ідзе ад настаўнікаў: сярод іх шмат аматараў шахматных камбінацый, яны ахвотна перадаюць свой вопыт вучням. Нядзіўна, што дзеці займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных спаборніцтвах.

Ёсць адзін маркёр, па якім беспамылкова можна меркаваць пра атмасферу ў школе, наколькі добра там настаўнікам і дзецям. Гэты маркёр — жаданне вярнуцца. Дык вось, 70% настаўнікаў гальшанскай школы — яе выпускнікі. Людзі стараюцца падтрымліваць тую душэўную атмасферу, у якой раслі і сталелі самі.

І яшчэ. На коміне Гальшанскай школы ёсць буслянка. Кожную вясну сюды вяртаюцца птушкі, падпраўляюць гняздо, выводзяць дзетак. І хоць у школе цяпер газавае ацяпленне і комін ужо не патрэбен — яго не разбураюць, бо гэта падмурак буслінага дома. У Гальшанах трапятліва зберагаюць усё, што напрацавалі іншыя.

Міжнародныя праекты

За апошнія 7 гадоў Гальшанская сярэдняя школа прыняла ўдзел у шасці міжнародных гуманітарных праектах. Раскажам толькі пра некалькі з іх.

Сельскагаспадарчы праект, арганізаваны пры падтрымцы міжнароднай грамадскай арганізацыі “Дапамажы людзям” (Галандыя), рэалізоўваўся на працягу 5 гадоў. Школа бязвыплатна атрымлівала насенне агародніны, два—тры разы на год праводзіліся семінары па навучанні галандскім тэхналогіям вырошчвання розных культур. Заробленыя грошы ішлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, вырашчаная агародніна паступала ў школьную сталовую.

Праект “Прыцягненне супольнасцей да прапаганды здаровага ладу жыцця” рэалізоўваўся пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа. Гальшанская школа выступала ў гэтым праекце як партнёр з міні-ініцыятывай “Вела-ўра”. У выніку школа змагла набыць палаткі, рукзакі, веласіпеды. Былі распрацаваны тры веламаршруты па гістарычных мясцінах. Цяпер кожны жыхар мястэчка, а таксама шматлікія турысты, якія наведваюць Гальшаны, могуць бясплатна ўзяць у школе веласіпед і праехацца па адным з маршрутаў. Таксама ў рамках праекта была абноўлена трэнажорная зала, якую могуць наведваць не толькі школьнікі, але і дарослыя жыхары мястэчка. Адметна, што вялікім попытам трэнажорка карыстаецца ў гальшанскіх пенсіянераў.

Летась школа ўключылася ў міжнародны гуманітарны праект Інжынірынгавага дывізіёна Дзяржкарпарацыі “Расатам” (тэма — “Гальшаны — здаровае мястэчка” ў намінацыі “Культура і спорт”). Як вынік — удалося набыць камп’ютарную тэхніку, дадатковыя веласіпеды, трэнажоры і ўвогуле палепшыць умовы для заняткаў спортам.

Школьныя прысады

— Ужо трэці год у нашай школе дзейнічае вучэбная бізнес-кампанія FLORES, — гаворыць Марына Гайдукевіч. — Яе мэта — не толькі зарабіць грошы, але і прывіць дзецям любоў да працы на зямлі, да прыгажосці, запоўніць іх час карыснай справай, навучыць фінансавай дасведчанасці.

У распараджэнні вучэбнай бізнес-кампаніі ёсць тры цяпліцы, дзе школьнікі вырошчваюць расаду кветак і агародніны, невялікія дэкаратыўныя кусты. Дзеці расказалі, што, у адрозненне ад канкурэнтаў, яны прапаноўваюць вялікі асартымент раслін, прывабных па кошце і знешнім выглядзе. Асаблівая ўвага ўдзяляецца экалагічнасці працэсу. Так, пры вырошчванні расады практычна адмовіліся ад мінеральных угнаенняў. Дзеля эканоміі пачалі самастойна вырабляць біягумус на аснове рэшткаў раслін і апалага лісця з выкарыстаннем каліфарнійскіх чарвякоў. З мэтай экалогіі і таксама дзеля эканоміі для пікіроўкі расады выкарыстоўваюць пакеты ад малака, для захавання насення шыюць мяшочкі са старой баваўнянай тканіны.

За грошы ад продажу расады (летась зарабілі больш як 7 тысяч рублёў) абсталявалі некалькі кабінетаў, замянілі заслону ў актавай зале, закупілі спортінвентар, камп’ютарную тэхніку і многае іншае.

Кветкі, вырашчаныя школьнікамі, радуюць жыхароў не толькі Гальшан, але і ўсяго Ашмянскага раёна. Расаду ахвотна набываюць установы адукацыі і аховы здароўя, сельскія саветы, дарожная служба і іншыя арганізацыі.

Тэрыторыя Гальшанскай школы багата ўпрыгожана кветкамі і кустамі, якія вырасцілі навучэнцы. А яшчэ дзеці разам з настаўнікамі добраўпарадкавалі сквер адпачынку, пасадзілі 16 гектараў лесу. Летась у гонар 75-годдзя Перамогі заклалі яблыневы сад (75 дрэўцаў). Сёлета ўжо будуць каштаваць першыя яблыкі.

Шматвекавая спадчына

Гонарам Гальшанскай школы з’яўляецца народны гісторыка-краязнаўчы музей імя Эдуарда Корзуна. Тут прадстаўлена шматвекавая, насычаная падзеямі і багатая на асобы гісторыя мястэчка — ад старажытнасці да нашых дзён, этнаграфічная і археалагічная спадчына гальшанскай зямлі.

Расказваюць, што былы дырэктар школы заснавальнік музея Эдуард Сямёнавіч Корзун па крупінках збіраў звесткі, факты, дакументы па гісторыі Гальшан. Ён выязджаў працаваць у бібліятэкі і музеі Вільні, Мінска, Гродна, Маладзечна. Вёў перапіску з архівамі Мінска, Вільні, Варшавы, Кракава, Санкт-Пецярбурга, Масквы. Сустракаўся са старажыламі, славутымі землякамі. Асабіста ўдзельнічаў у археалагічных раскопках. Арганізаваў збор экспанатаў вучнямі, настаўнікамі, бацькамі.

У 50-х гадах мінулага стагоддзя ў Гальшанах пабываў Уладзімір Караткевіч. Пазней пісьменнік даслаў пісьмо мясцовым краязнаўцам. Заключныя радкі адрасаваны ўсім гальшанцам: “Бывайце шчаслівыя, добра вучыцеся і будзьце сапраўднымі людзьмі. І яшчэ старайцеся не бурыць тое з даўніны, што дасталося Вам у Вашыя рукі”.

Кажуць, калі Караткевіч убачыў Гальшанскі замак, быў ужо вечар, і ён падаўся пісьменніку чорным. Магчыма, менавіта тады Караткевіч і прыдумаў назву для будучага рамана. Ахутаны легендамі замак даваў яму натхненне.

— Музей быў адкрыты ў 1963 годзе, і сёння тут зберагаецца 1,5 тысячы аўтэнтычных экспанатаў, — гаворыць Марына Гайдукевіч. — Яны дапамагаюць адчуць сувязь часоў і пакаленняў, выхоўваюць у вучняў павагу да таленавітых творцаў і будаўнікоў, садзейнічаюць эстэтычнаму выхаванню, выклікаюць пачуццё гордасці за родны край.

Асобная экспазіцыя ў музеі прысвечана школе, якая дзейнічае ў Гальшанах ужо 240 гадоў (першыя згадкі ў дакументах адносяцца да 1781 года). Гэта была двухкласная рэлігійная школа пры кляштары францысканцаў. У 1862 годзе ў мястэчку адкрыта народнае вучылішча, якое скончылі пісьменнікі Адам Станкевіч і Вінцук Адважны. Потым было шмат розных пераўтварэнняў. А ў 1965 годзе Гальшанская школа пераехала ў светлы трохпавярховы будынак, дзе знайшлося месца і старажытнай мінуўшчыне, і захапляльнай будучыні.

“Каменная кветка”

Вядома, мы не маглі абмінуць увагай знакаміты Гальшанскі замак. Немагчыма, няправільна быць у Гальшанах і не дакрануцца да гэтых старажытных сцен. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Малышка правяла для нас бліцэкскурсію па старажытных руінах і нядаўна адноўленай вежы.

Мястэчка вядома з XIII стагоддзя як уладаранне князёў Гальшанскіх. Самая знакамітая прадстаўніца роду — Соф’я Гальшанская. Пабраўшыся шлюбам з польскім каралём Ягайлам, яна паклала пачатак вялікакняжацкай і каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая на працягу стагоддзяў кіравала дзяржавамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Зрэшты, знакаміты замак пабудавалі не Гальшанскія, а наступныя ўладальнікі гэтых зямель — Сапегі. Ён узведзены ў першай палове XVII стагоддзя і архітэктурна быў больш падобны на палац. Нездарма сучаснікі называлі Гальшанскі замак “каменнай кветкай”.

На жаль, падчас Паўночнай вайны (1700—1721) замак быў моцна пашкоджаны, цалкам аднавіць яго так і не ўдалося. Разбурэнне замка прадоўжылася ў XIX стагоддзі, калі новыя гаспадары пачалі ўзрываць вежы і гандляваць цэглай. У XX стагоддзі замкавыя муры руйнавалі, каб атрымаць будаўнічы матэрыял для ўзвядзення Дома культуры і кароўніка.

Цяпер Гальшанскі замак на рэстаўрацыі. Ужо адноўлена Паўночная вежа, ажыццяўляецца рэканструкцыя прылеглых да яе фрагментаў сцен. Частка муроў будзе надзейна закансервавана і абаронена ад далейшага разбурэння.

Гальшанцы вельмі рады, што сімвал іх мястэчка адраджаецца і гісторыя зноў уступае ў свае правы. Гэта для прыезджых Соф’я, Ягайла, магнаты Сапегі — персанажы з гістарычных кніг, а для тутэйшых людзей гэта рэальныя асобы. Яны хадзілі пад гэтым небам, па гэтых сцежках і любілі Гальшаны гэтак жа, як любяць іх сённяшнія жыхары. Мястэчка дагэтуль ахутана легендамі. І Соф’я Гальшанская тут больш яркі і жывы вобраз, чым многія папулярныя сённыя знакамітасці.

Вось такія яны, Гальшаны — старажытныя і адначасова сучасныя. Тут ведаюць гісторыю і мараць пра будучыню. І радзіма для гальшанцаў — гэта не толькі зямля, але і многія пакаленні продкаў, якія пакінулі тут свае сляды. Маленькае беларускае мястэчка з вялікім зместам!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Нам вельмі не хацелася пакідаць гасцінную Гродзеншчыну з яе старажытнымі замкамі, велічнымі храмамі, цудоўнымі ўстановамі адукацыі і людзьмі, шчыра ўлюбёнымі ў сваю справу і сваю зямлю. Напэўна, і Гродзеншчына не хацела развітвацца з намі. На зваротнай дарозе ў Мінск наша маршрутка паламалася… роўна насупраць Крэўскага замка. Найлепшая неспадзяванка, якая толькі можа здарыцца ў дарозе! Пакуль мы чакалі новую машыну са Смаргоні, палюбаваліся яшчэ і краявідамі гістарычнага Крэва.

Дзякуй, Гродзеншчына, што не адпускаеш! Дзякуй, дарагія гаспадары, што паказалі свой край ва ўсёй прыгажосці. Мы па-добраму ўражаны. Любім усіх. І да новых сустрэч!