Свята фарбаў і песень

- 8:15Сацыяльны ракурс
Канцэрт праекта “Звонкая раніца” на Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім Віцебскай вобласці 2 верасня 2012 года. Удзельнікі канцэрта (злева направа): Ганна Антух, Злаціслава Нечуйвіцер, Алена Карпіцкая, Ірына Гапоненка, Юлія Жыдкая, Анатоль Васілевіч, Аліна Пяткевіч.
Канцэрт праекта “Звонкая раніца” на Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім Віцебскай вобласці 2 верасня 2012 года. Удзельнікі канцэрта (злева направа): Ганна Антух, Злаціслава Нечуйвіцер, Алена Карпіцкая, Ірына Гапоненка, Юлія Жыдкая, Анатоль Васілевіч, Аліна Пяткевіч.

Толькі адгрымелі фанфары Дня беларускага пісьменства, а тут зноў свята: 8 верасня сталіца нашай краіны будзе святкаваць 945-годдзе. Не застануцца ў баку ад святочных урачыстасцей і ўдзельнікі творчых праектаў “Настаўніцкай газеты” і газеты для падлеткаў “Переходный возраст”.

У святочны дзень на станцыі Заслонава Дзіцячай чыгункі адбудзецца пленэр “Мая сталіца” з удзелам юных мастакоў шэрагу навучальных устаноў Першамайскага раёна Мінска. Удзельнікі гурткоў і творчых аб’яднанняў мастацкай накіраванасці пачатковай школы № 198, сярэдніх школ №№ 63, 163 і 196, гімназіі № 2 збяруцца ў парку Чалюскінцаў і на Дзіцячай чыгунцы, каб пака­заць свае мастацкія работы і дапамагчы наведвальнікам пры дапамозе фарбаў і алоўкаў адлюстраваць сваё бачанне роднага горада. Як запэўнілі нас каардынатары пленэру, кіраўнікі гурткоў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” Першамайскага раёна Мінска Алеся Каблукова і Галіна Купцова, кожны, хто ў гэты дзень прыйдзе ў парк ці на станцыю Заслонава, зможа паспрабаваць сябе ў якасці мастака. З выявамі сталіцы, створанымі падчас пленэру, можна будзе пазнаёміцца на партале педагагічнай прэсы “Настаўніцкай газеты” www.ng-press.by.  Аўтары лепшых малюнкаў атрымаюць памятныя сувеніры ад газеты “Переходный возраст”.

Ксенія Вашчанка на канцэрце ў Глыбокім

Пленэр пачнецца ў 11 гадзін. У гэты ж час на адкрытай пляцоўцы Дзіцячай чыгункі, што на праспекце Незалежнасці, сваё майстэрства пакажуць творчыя калектывы Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. А з 13 да 16 гадзін адбудзецца гала-канцэрт фіналістаў і пераможцаў праекта “Звонкая раніца”, арганізатарам якога з’яўляецца ўстанова “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”. Юнакі і дзяўчаты з усёй рэспублікі прыедуць павіншаваць мінчан і гасцей сталіцы са святам. А тыя, хто ў гэты дзень не трапіць на канцэрт, змогуць убачыць яго на інтэрнэт-канале ng-press (http://www.ng-press.by/tv/). Дарэчы, хутка па раённых цэнтрах Беларусі пачнуцца кастынгі трэцяга сезона “Звонкай раніцы”, які, спадзяёмся, адкрые новых таленавітых выканаўцаў.

Чакаем вас на святочных мерапрыемствах.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
public@nastgaz.by
Фота аўтара.