1 верасня ў галоўнай педагагічнай ВНУ краіны адбылося свята “БДПУ — свет ведаў, свет магчымасцей”. Святочны дзень адкрыла віншавальная акцыя “БДПУ: мары спраўджваюцца!”, удзел у якой прынялі выхаванцы сталічнага дзіцячага сада № 35, навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці сярэдняй школы № 6, першакурснікі БДПУ, студэнты — актывісты грамадскіх арганізацый універсітэта, магістранты вышэйшай навучальнай установы.
Асаблівым Дзень ведаў стаў для ўсіх першакурснікаў БДПУ. Пераступіўшы парог вядучай педагагічнай ВНУ краіны, яны акунуліся ў насычанае студэнцкае жыццё. Перад уваходам ва ўніверсітэт студэнты разам з рэктарам БДПУ А.І.Жуком загадалі свае самыя запаветныя жаданні і сімвалічна запусцілі ў сталічнае неба паветраныя шары.
— У кожнага чалавека ёсць запаветная мара. Мая ўжо спраўдзілася — я стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Планую працягнуць сямейную дынастыю педагогаў і, як мая любімая бабуля, стаць выдатнай настаўніцай, — падзялілася планамі першакурсніца факультэта пачатковай адукацыі Алена Макась.
Рэктар універсітэта зрабіў салодкі падарунак выхаванцам падшэфнага дзіцячага сада № 35 і пажадаў новых ведаў і яркіх адкрыццяў у новым навучальным годзе.
— Педагог цікавы дзецям тым, што ён з імі на адной хвалі, а недзе нават і наперадзе: не толькі добра арыентуецца ў інтэрнэт-прасторы і смартфонах, але і можа цікава арганізаваць вольны час, падтрымаць любую дзіцячую актыўнасць. Адным словам, каштоўны той педагог, які выходзіць за рамкі педагогікі і з’яўляецца творчай, крэатыўнай асобай, — падзяліўся з “Настаўніцкай газетай” рэктар БДПУ А.І.Жук. — Для першакурснікаў — будучых педагогаў, якія толькі ўліваюцца ў нашу ўніверсітэцкую сям’ю, сённяшняе свята — своеасаблівы навігатар у будучае студэнцкае жыццё. Для іх пачынаецца новы няпросты этап прафесійнага станаўлення, і вельмі важна, каб з першай хвіліны знаходжання ў нашых сценах дзяўчаты і хлопцы не былі прадастаўлены самі сабе. Вядома, на факультэтах ім раскажуць пра вучэбны працэс, пазнаёмяць з раскладам і г.д., а вось як сябе можна рэалізаваць як асобу, праявіць свае спартыўныя і творчыя здольнасці, уліцца ў наш універсітэцкі рух, расказваюць актывісты грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў універсітэта.
На працягу святочных мерапрыемстваў у галоўным корпусе ўніверсітэта працавалі пляцоўкі арганізацый і аб’яднанняў універсітэта: БРСМ, першаснай прафсаюзнай арганізацыі, студэнцкага савета, упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, псіхалагічнай службы, валанцёрскага цэнтра, Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, Цэнтра студэнцкай творчасці, спартыўнага клуба “Педагог”. Студэнты-актывісты падрыхтавалі крэатыўныя прэзентацыі сваіх пляцовак, з якіх першакурснікі даведаліся аб асноўных напрамках дзейнасці ўніверсітэта і, вядома, аб магчымасцях, якія адкрывае перад імі БДПУ.
Пасля першакурснікаў універсітэта чакала канцэртная праграма, падчас якой з галоўнай сцэны ўніверсітэта з прывітальным словам да студэнтаў звярнуўся рэктар БДПУ А.І.Жук, сваё мастацтва прадэманстравалі творчыя калектывы ўніверсітэта.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.