Свята творчасці і інклюзіі

- 11:44Спецыяльная адукацыя

У Мінску ўпершыню прайшоў майстар-клас па беларускіх рамёствах для дзяцей з аўтызмам. Бясплатныя заняткі арганізаваў Цэнтр дзіцячага развіцця “Бэбі-клаб” пры падтрымцы кампаніі Velcom для выхаванцаў Сямейнага інклюзіў-тэатра “і”. Майстар-клас аб’яднаў як звычайных, так і асаблівых дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў.

Падчас майстар-класа па беларускіх рамёствах спецыялісты Цэнтра дзіцячага развіцця “Бэбі-клаб” зрабілі з дашкольнікамі зарадку, расказалі на беларускай мове пра традыцыйныя рамёствы і правялі заняткі па лепцы з экагліны. У падарунак дзеці забралі з сабой сімпатычных птушак, якіх самі змайстравалі.

“70 працэнтаў нашых педагогаў маюць кваліфікацыю, якая дазваляе працаваць з асаблівымі дзецьмі. Гэта педагогі-псіхолагі, лагапеды і іншыя спецыялісты, — тлумачыць дырэктар сеткі дзіцячых цэнтраў развіцця “Бэбі-клаб” Вікторыя Копелева. — Мне як маладой маме блізкая ідэя стварэння інклюзіўнага грамадства. Я хачу, каб нашы дзеці з ранняга ўзросту вучыліся жыць у рэальным свеце і падтрымліваць зносіны з рознымі людзьмі”.

“У Беларусі сёння не хапае пляцовак для гульняў і развіцця асаблівых дзяцей, — канстатуе мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра “і” Ірына Пушкарова. — Мы бачым, што многія дзяржаўныя, прыватныя цэнтры, гурткі і студыі не гатовы працаваць з дзецьмі, якія маюць парушэнні. На гэта ёсць прычыны. Першая — недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, другая — адсутнасць сродкаў у бацькоў, якія трацяць грошы на аплату цьютараў і фізіятэрапеўтычныя працэдуры для дзяцей. Асаблівасць нашага Сямейнага інклюзіў-тэатра “і” — у стварэнні ўнікальнага інклюзіўнага асяроддзя, дзе звычайныя таленавітыя дзеці з ранняга ўзросту вучацца нармальна ўспрымаць асаблівых, а дзеці з аўтызмам пераадольваюць цяжкасці развіцця і фарміруюць навыкі камунікацыі. Работа ў тэатры наладжана наступным чынам: спачатку праводзяцца індывідуальныя заняткі (па вакале, харэаграфіі, акцёрскім майстэрстве), на якіх дзеці авалодваюць неабходнымі навыкамі, а затым пачынаюцца рэпетыцыі ў трупе і ўдзел у спектаклях”.

Клопат пра дзяцей і падтрымка беларускай культуры з’яўляюцца важнымі складнікамі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі Velcom. Пры яе падтрымцы Сямейны інклюзіў-тэатр “і” паставіў спектаклі “Флейта-чарадзейка” і “Чыгунка”, якія з аншлагам прайшлі ў Мінску і абласных гарадах Беларусі. “Адна з праблем асаблівых дзяцей — парушэнне каардынацыі рухаў. Мы падтрымалі гэты майстар-клас, які, з аднаго боку, дапамагае палепшыць іх маторыку, а з другога — далучае дзяцей да беларускай мовы і культуры з ранняга ўзросту. Мы спадзяёмся, што наш прыклад натхніць многіх дапамагаць дзецям з абмежаваннямі”, — адзначае начальнік аддзела камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў.


У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адбылося гарадское свята, прысвечанае Міжнароднаму дню інвалідаў. У ім прынялі ўдзел выхаванцы цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёнаў Мінска, спецыяльных і дапаможных школ (усяго 120 чалавек).

Адкрылася свята выставай творчых работ выхаванцаў цэнтраў і спецыяльных школ. Педагогі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі правялі майстар-класы па розных кірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва. Адбыўся святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў цэнтраў і школ, а таксама выхаванцаў палаца дзяцей і моладзі. Перад дзецьмі выступіў заслужаны аматарскі калектыў — хор “Крынічка”. Танцавальныя і пеўчыя таленты прадэмастравалі выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната № 7, ЦКРНіР Цэнтральнага раёна, школы-інтэрната № 10. Выступілі ўдзельнікі студыі жэставай песні “Знесеныя жэстам” і ўзорнага дзіцячага тэатра пантамімы “Спадарожнік” школы-інтэрната № 13 для дзяцей з парушэннем слыху, а таксама навучэнцы спецыяльнага інтэрната № 14 для дзяцей з парушэннем слыху і сярэдняй школы № 91 імя Хасэ Марці, якую таксама наведваюць дзеці з парушэннем слыху. Святочныя нумары прадставілі і навучэнцы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку.


3 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся культурны праект “Інклюзіўны музей: натхняючы адно аднаго…”, які быў рэалізаваны сумесна з БелАДДІіМІ з мэтай далучэння да прыгожага дзяцей і маладых людзей праз мастацтва і творчасць, зніжэння сацыяльных і камунікатыўных бар’ераў паміж людзьмі з інваліднасцю і без.

У праграме прыняла ўдзел дызайнер Таццяна Яфрэмава. У музеі прайшоў паказ яе калекцыі сезона “вясна-лета — 2018” з выкарыстаннем элементаў зразумелай мовы — піктаграм. Ужо другі сезон Таццяна сумесна з БелАДДІіМІ рэалізоўвае праекты ў рамках тыдня беларускай мовы.

Да культурнай ініцыятывы далучыліся музычны калектыў In Canto (класічнае выкананне), Нік Ферэшціян (ігра на саксафоне), клуб эстэтычнай групавой гімнастыкі “Сільфіда”. Вакальныя і танцавальныя творы выканалі дзеці і падлеткі з БелАДДІіМІ Ілья Шпак, Віялета Банковіч, а таксама Ксенія Халкоўская, Соф’я Бранько і Соф’я Празнова (калектыў Magic girls). Новы погляд на тэатральную пастаноўку прапанавалі выкладчыкі Інтытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама юнакі і дзяўчаты з Маскоўскага раёна Мінска. Яны паказалі музычна-сцэнічнае прадстаўленне “Зімняя фантазія” — вынік сумеснай работы Share Music Sweden і БДПУ імя Максіма Танка.

У рамках праграмы прайшлі выставы творчых работ. Быў прадстаўлены фотапраект “Рукі клопату”. Карціны ў тэхніцы акварэль і квілінг прадэманстраваў малады чалавек з аўтызмам Аляксандр Козін. Са сваімі работамі вступілі мастакі-аматары з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Майстар-класы для дзяцей па роспісе фігурак з гіпсу, па вырабе ёлачных цацак правялі спецыялісты сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай і ўдзельнікі валанцёрскага руху “Добрае сэрца” (БРСМ). Культурны праект падтрымалі спевакі Георгій Калдун, Jule Kravitz, Алекс Дэвід, Аляксей Грос.

Надзея ЦЕРАХАВА.