Свята ў падарунак

- 11:29Нашы дзеці

10 студзеня завяршылася дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая на працягу месяца аб’яднала ўсіх неабыякавых і дапамагла падарыць свята і навагодні настрой кожнаму дзіцяці. Усе школы Гродзенскага раёна прынялі актыўны ўдзел у ёй. Не стала выключэннем і Верцялішкаўская сярэдняя школа.

У межах акцыі былі праведзены “Дзень пажаданняў” (усе жадаючыя маглі пакідаць пажаданні сваім сябрам і калегам на імправізаванай ялінцы з далонек), “Дзень прадказанняў” (і настаўнікі, і вучні мелі магчымасць атрымаць навагоднія прадказанні ад Дзеда Мароза і Снягуркі), “Дзень навагодніх ранішнікаў”, аперацыя “Таямнічы Дзед Мароз”, экскурсіі і многае іншае.

Безумоўна, самым запамінальным для хлопчыкаў і дзяўчынак стаў “Дзень навагодніх ранішнікаў”, бо калі яшчэ ўбачыш настаўніка фізкультуры ў касцюме Дзеда Мароза, а настаўніка інфарматыкі ў касцюме Снягуркі! Дзеці з задавальненнем вадзілі карагоды ля ёлкі, прымалі ўдзел у конкурсах і, вядома ж, расказвалі вершы Дзеду Марозу, а пасля за гэта атрымлівалі салодкія прызы. Ніводнае дзіця не засталося без увагі і падарунка!

Акрамя таго, па выніках паўгоддзя былі адзначаны дыпломамі і падарункамі самыя таленавітыя і актыўныя вучні школы. Асаблівую ўвагу ўдзялілі дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, дзецям-інвалідам і дзецям-сіротам. Наша школа паўдзельнічала ў зборы падарункаў для хлопчыкаў і дзяўчынак, у якіх, на жаль, няма самага галоўнага — мацярынскай любові і клопату.

Навагоднія святы падышлі да канца, але як бы хацелася, каб вера ў цуд і дабро не пакідала нашых дзяцей на працягу ўсяго года.

настаўнік англійскай мовы
Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.