Святкавалі дзень дронаў

- 12:30Адукацыйная прастора

Святкаванне Міжнароднага дня дронаў адбылося ў сярэдняй школе № 21 Магілёва.

Тэматычнае мерапрыемства праходзіла ў горадзе ўпершыню і аб’яднала хлопчыкаў і дзяўчынак з розных школ горада, якія захапляюцца новымі тэхналогіямі. Яго арганізатарамі выступілі стваральнікі Магілёўскай школы праграмавання “ДРОНІ”.

На працягу суботняга дня дзеці з энтузіязмам запускалі ў школе невялікі дрон DJI Tello EDU, выконвалі з ім розныя трукі, задавалі маршрут палёту дрона па пэўнай геаметрычнай фігуры пры дапамозе моў праграмавання Scratch і Python.

— Дроны ўжо сёння ўжываюцца ў розных сферах дзейнасці: у ахове і патруляванні, медыцыне, сельскай гаспадарцы, фатаграфіі, арміі, транспарце, дастаўцы, геадэзіі, рэкламе. Гэтыя невялікія беспілотнікі зараз актыўна задзейнічаны і ў барацьбе з пандэміяй каранавіруса па ўсім свеце. З іх дапамогай ажыццяўляюць патруляванне вуліц, інфармаванне людзей, дастаўку медыкаментаў. У далейшым сферы выкарыстання дронаў будуць толькі пашырацца. Кіраванне дронамі — прафесія будучыні. Пра гэта кажа Атлас новых прафесій. Нядзіўна, што сучасным дзецям вельмі цікавы гэты кірунак. Хлопчыкі і дзяўчынкі літаральна ў захап­ленні ад дронаў. Для іх убачыць дрон, кіраваць ім — тое ж самае, што ўбачыць НЛА! Наша свята пакінула ў дзяцей толькі станоўчыя эмоцыі, — расказаў кіраўнік Школы праграмавання “ДРОНІ” Андрэй Музараў.

Паводле яго слоў, дэталёвае вывучэнне праграмавання і электронікі вельмі спрыяе развіццю ў дзяцей навыкаў крытычнага мыслення, уменняў крэатыўна вырашаць розныя жыццёвыя праблемы.

Школа праграмавання “ДРОНІ” ў Магілёве была створана зусім нядаўна, але яе значнасць ужо ацанілі на высокім узроўні. У мінулым годзе ініцыятыва па стварэнні незвычайнай школы стала лепшай на конкурсе Mogilev InvestDay ў намінацыі “Інавацыйны праект”. “ДРОНІ” таксама аказалася ў ліку лідараў сёлетняга рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Андрэя МУЗАРАВА.