Святкуем, выязджаем, дапамагаем

- 10:56Нашы дзеці

Прадстаўнікі каля 90 дзяржорганаў сёлета ўдзельнічаюць у Рэспубліканскай дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці”. Выезды запланаваны або ўжо адбыліся больш чым на 100 аб’ектаў. Гэта і школы-інтэрнаты, і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, і бальніцы, дзе лечацца малыя, якія, на жаль, захварэлі пад Новы год. Але свята чакае кожнага. Абавязкова.

Дабрачынная навагодняя акцыя пачалася 11 снежня ўрачыстым адкрыццём у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. З таго моманту кіраўнікі і прадстаўнікі многіх устаноў і арганізацый наведалі малых і павіншавалі іх з надыходзячымі Калядамі і Новым годам, іншыя збіраюцца зрабіць гэта. Так, Міністэрства спорту і турызму выбрала для свайго святочнага наведвання Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча, а Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь — кадэцкае вучылішча на Віцебшчыне ў пасёлку Лужасна.

Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі (канцэрн “Белнафтахім”) наладзіў паездку ў Мазырскі дзіцячы дом, працягвае марафон добрых спраў візітам да выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната № 11 сталіцы. У канцэрне “Беллесбумпрам” вырашылі наведаць хлопчыкаў і дзяўчынак з Бабруйскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. А кіраўніцтва дзяржаўнага аб’яднання “Беларуская чыгунка” накіравалася ў аграгарадок Ждановічы, каб павіншаваць навучэнцаў Мінскай абласной школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.

Такіх святочных наведванняў з пачатку акцыі “Нашы дзеці” адбылося нямала, а запланавана яшчэ больш. І кожнае з іх — гэта не толькі падарункі, святочныя канцэрты, якія дзеці рыхтуюць для сваіх гасцей. Гэта таксама радасць зносін дарослых адказных людзей і дзяцей, якім неабходны цяпло і ўвага, гэта адчуванне яднання і пачуцця локця.

Не адстаюць ад дзяржорганаў і ўстановы ў рэгіёнах, а таксама грамадскія аб’яднанні. Так, дабрачыннае аб’яднанне “Свет без межаў” вырашыў арганізаваць паказ спектакля ў Рускім драматычным тэатры імя Горкага для выхаванцаў устаноў закрытага тыпу.

А на Міншчыне сваю акцыю “Нашы сэрцы — дзецям” (складовая частка Рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”) пачало абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду. Першы візіт і першы святочны канцэрт былі арганізаваны ў аддзяленні афтальмалогіі, кардыялогіі, пульманалогіі і лор-аддзяленні Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, што ў аграгарадку Лясны. Канцэрт аддзяленню фонду дапамаглі зладзіць юныя артысты з ансамбля “Пралеска” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, а сабраць падарункі — айчынныя і замежныя спонсары. 154 дзіцяці атрымалі падарункі ў першы дзень акцыі, усяго ж абласное аддзяленне дзіцячага фонду падрыхтавала 1800 падарункаў на 10 тысяч рублёў.

Сёлета прадстаўнікам дзіцячага фонду дапамагаў валанцёрскі клуб Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

— Мы 27-ы раз арганізоўваем акцыю “Нашы сэрцы — дзецям”, — расказала старшыня Мінскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Галіна Генадзьеўна Пранько. — Заўсёды стараемся падтрымаць малых, якія аказаліся ў бальніцы, стварыць для іх навагоднюю атмасферу, таму прыязджаем з Дзедам Марозам, Снягуркай і казачнымі персанажамі. Сёлета ў дзень адкрыцця акцыі артысты працавалі адразу на дзвюх пляцоўках, таму мы запрасілі на свята дзве пары Дзядоў Марозаў і Снягурак. А працягнецца наша акцыя да 12 студзеня ва ўсіх раёнах вобласці, актывісты фонду наведаюць малых у бальніцах, дзіцячых дамах сямейнага тыпу. 27 снежня 30 выхаванцаў такіх дамоў мы запрасілі на навагодні паказ у Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў.

Марына ХІДДЖАЗ.