Святлана КАВАЛЕЎСКАЯ: “Добрага спецыяліста трэба вырасціць”

- 11:33Якасць адукацыі

У Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2021—2025 гады адным са стратэгічных напрамкаў вызначана ўзаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. У якасці ўзмацнення такога ўзаемадзеяння мэтазгодна ажыццяўляць сумесную дзейнасць па фарміраванні заказу на падрыхтоўку педагагічных работнікаў, па распрацоўцы адукацыйных праграм падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам сацыяльнага заказу і патрабаванняў наймальнікаў да выпускнікоў меркаванага профілю, вызначэнні кампетэнцый, якія павінны быць сфарміраваны ў будучага педагагічнага работніка ў працэсе навучання. Як гэта рэалізуецца на практыцы, расказвае начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана КАВАЛЕЎСКАЯ.

— Забяспечыць высокую якасць адукацыі, высокую якасць прадметнага выкладання немагчыма без высокакваліфікаваных кадраў.

Штогадовы аналіз асноўных якасных паказчыкаў сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі (гэта, як правіла, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, выніковай атэстацыі, алімпіяднага руху, абласных і рэспубліканскіх кантрольных работ) паказаў, што праблемнымі раёнамі з’яўляюцца тыя, дзе самы нізкі працэнт педагогаў, якія маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, дзе не з’явіліся настаўнікі з кваліфікацыйнай катэгорыяй “настаўнік-метадыст”.

Галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама штогод праводзіцца прагназаванне, удакладненне звестак аб патрэбнасці ў працоўных рэсурсах. Для якаснага фарміравання кантрольных лічбаў прыёму на аснове ўдакладненай арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дадатковай патрэбы ў спецыялістах, рабочых і служачых, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 19 ліпеня 2021 г. № 972 “Аб некаторых пытаннях фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў”, у верасні актуалізуюцца звесткі аб патрэбнасці ў кадрах у АС “Дзяржзаказ і прыём”, штогод у сакавіку — красавіку фарміруюцца заяўкі на выдзяленне месцаў для мэтавай падрыхтоўкі на педагагічныя спецыяльнасці ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Зазначу, што работа з заказчыкамі кадраў, з установамі адукацыі, будучымі абітурыентамі вядзецца з 1 верасня.

У вырашэнні пытанняў забеспячэння сістэмы адукацыі вобласці педагагічнымі кадрамі стаўку робім на рэгіянальную УВА і ўраджэнцаў раёна, у які гарантавана вяртаюцца выпускнікі пасля заканчэння навучальнай установы (гэта дазваляе вырашаць жыллёвыя пытанні, часткова — пытанні замацаванасці спецыялістаў на месцах).

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 09.01.2017 № 4, колькасць месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў па педагагічных спецыяльнасцях устаноўлена да 40% ад кантрольных лічбаў прыёму. Таксама ўказам прадастаўлена права залічэння без уступных выпрабаванняў на ўмовах субяседавання асоб, якія прайшлі навучанне ў профільных педагагічных класах (сярэдні бал атэстата не ніжэйшы за 7, а адзнака па профільных прадметах не ніжэйшая за 8).

Мэтавая падрыхтоўка, на наш погляд, — гэта не льгота, а гарантыя.

У пытаннях падрыхтоўкі спецыялістаў па педспецыяль­насцях Гродзенская вобласць узаема­дзейнічае з 18 УВА і 12 ССНУ. Але найбольш цеснае супрацоўніцтва ў нас арганізавана з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы.

— Святлана Станіславаўна, раскажыце, калі ласка, падрабязней аб узаемадзеянні з ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Адзін з галоўных вектараў узаемадзеяння — падрыхтоўка педагагічных кадраў. На сённяшні дзень універсітэт рыхтуе педагогаў па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя геаграфіі і працоўнага навучання.

Рэалізуюцца планы сумесных мерапрыемстваў галоўнага ўпраўлення адукацыі з рэгіянальнай УВА ў межах абласнога педагагічнага кластара. На кожным факультэце, дзе праводзіцца падрыхтоўка педагогаў, створаны каардынацыйныя саветы, у склад якіх уваходзяць выкладчыкі ўніверсітэта і заказчыкі кадраў (педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі органаў упраўлення адукацыі). Дзейнасць гэтых каардынацыйных саветаў дазваляе забяспечыць прынцып практыка-арыентаванага падыходу ў падрыхтоўцы спецыялістаў. Сёння ў студэнтаў ёсць магчымасць у якасці баз практык выкарыстоўваць лепшыя ўстановы адукацыі. Лепшыя настаўнікі прымаюць удзел у рабоце дзяржаўных экзаменацыйных камісій, у камісіях па правядзенні субяседавання з абітурыентамі — выпускнікамі педагагічных класаў. Каля дзесяці гадоў назад мы распрацавалі і рэалізуем план сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі.

З 2014 года створана віртуальная Кніга пашаны маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, абнаўленне якой праводзіцца штогод да Дня настаўніка. Гэтая віртуальная кніга ўяўляе сабой сеткавы рэсурс, размешчаны на сайтах галоўнага ўпраўлення адукацыі і інстытута развіцця адукацыі. У 2019 го­дзе абласным грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” і Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі зацверджана прэмія “Паспяховы старт” маладым педагогам сіс­тэмы адукацыі вобласці, уручэнне якой прымеркавана да Дня настаўніка.

З 2014 года мы адкрылі першыя педагагічныя класы і сумесна з настаўнікамі-практыкамі, навукоўцамі ўніверсітэта і Гродзенскага абласнога ІРА распрацавалі праграму факультатыўных заняткаў “Прызванне — педагог”. Летась у вобласці ў профільных класах (групах) педагагічнай накіраванасці вучыўся 901 навучэнец (у 2019 годзе — 835), такія класы створаны ў кожным раёне. Сумесную задачу бачым не ў колькасці класаў і дзяцей у іх, а ў якасці, якая вымяраецца колькасцю выпускнікоў, якія працягнулі навучанне ў педагагічных УВА, скарыстаўшыся сваёй ільготай. З гэтай мэтай мы сумесна з ГрДУ праводзім фестываль педагагічных класаў, арганізуем профільныя змены “Настаўнік NEXT”.

Вынікам сумеснай работы стала тое, што ва ўніверсітэце план прыёму на педагагічныя спецыяльнасці, у тым ліку на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, выкананы. Тым не менш нам яшчэ ёсць над чым працаваць у гэтым кірунку.

Для ўдасканалення работы з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі, павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў у пытаннях даследчай дзейнасці, у пытаннях эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі створаны 29 філіялаў кафедр ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Адзін з найважнейшых складнікаў узаема­дзеяння з установамі вышэйшай адукацыі — сумесная прафарыентацыйная работа. Як наладжана яна ў вас у вобласці?

— На працягу шэрага гадоў мы рэалізуем праграму “Прафпрагноз”, мэтай якой з’яўляецца вывучэнне прафесійных намераў выпускнікоў школ для аказання ім інфармацыйнай падтрымкі. І ў сваю чаргу, універсітэт, дзякуючы праграме, бачыць працэнт выпускнікоў вобласці, якія маюць намер паступіць у ГрДУ, што дазваляе адкарэкціраваць формы работы са школамі.

З мэтай прафарыентацыйнай работы сумесна з ГрДУ імя Янкі Купалы праводзяцца абласныя алімпіяды, конкурсы, турніры: адкрытая рэгіянальная алімпіяда па геаграфіі, алімпіяда па эканоміцы, алімпіяда па журналістыцы “Медыя і я”, алімпіяда па педагогіцы “Адкрываю свет педагагічных прафесій” і інш.

На базе ліцэя № 1 Гродна дзейнічаюць тры філіялы навуковых кафедр ГрДУ імя Янкі Купалы. Супрацоўніцтва з ім садзейнічае прадукцыйнай арганізацыі даследчай работы з ліцэістамі, якія становяцца пераможцамі абласных навукова-практычных канферэнцый, Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, а таксама павышэнню якасці профільнага навучання ва ўстанове адукацыі. Так, асобныя факультатывы па праграмаванні ў ліцэі вядуць выкладчыкі ўніверсітэта, а цяперашнія студэнты і выпускнікі факультэта матэматыкі і інфарматыкі знаёмяць выхаванцаў ліцэя з рэалізаванымі бізнес-стартапамі і дзейнасцю ІТ-кампаній у рэгіёне. Праз сюжэтныя гульні “Расследуй злачынства”, “Пасяджэнне суда” ліцэісты юрыдычнага профілю разам са студэнтамі юрыдычнага факультэта ўніверсітэта асэнсоўваюць усю складанасць і адказнасць будучай прафесіі.

Пры падтрымцы рэзідэнта Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы ААТ “МагСаюз” ліцэісты набываюць вопыт інжынерных распрацовак на аснове дапоўненай рэальнасці. Рэалізаваны маладзёжныя ініцыятывы: сістэма заахвочвання і стымулявання станоўчай актыўнасці навучэнцаў “Матыўарт”, інавацыйны праект па арганізацыі шостага школьнага дня для падлеткаў “Сфера N: школа, субота, падзея” і інш.

Сумесна з лячэбным факультэтам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў ліцэі № 1 рэалізуецца праект “Школа абітурыента”, накіраваны на прафарыентацыю навучэнцаў да атрымання медыцынскай прафесіі.

— Святлана Станіславаўна, якое месца ва ўзае­мадзеянні з рэгіянальнай УВА займае перападрыхтоўка кадраў?

— Перападрыхтоўка дазваляе аператыўна вырашаць пытанні забеспячэння сістэмы адукацыі вобласці кваліфікаванымі кадрамі. Найбольшую патрэбу ў перападрыхтоўцы мы адчуваем у выхавальніках дашкольнай адукацыі, настаўніках працоўнага навучання. Перападрыхтоўка інстытутам павышэння кваліфікацыі пры ГрДУ імя Янкі Купалы па гэтых спецыяльнасцях паспяхова рэалізуецца.

Штогод у галіну прыходзіць каля 700 маладых спецыялістаў, з іх 60% — з вышэйшай адукацыяй, 40% — з сярэдняй спецыяльнай.

Сёлета ў штатны расклад устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўводзяцца стаўкі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Згодна з патрабаваннямі, што прад’яўляюцца да пасады, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні павінен разам з вопытам ваеннай службы ва Узброеных Сілах мець вышэйшую адукацыю, адпаведную педагагічнай дзейнасці, або вышэйшую адукацыю і перападрыхтоўку па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя”. На канец жніўня ў вобласці былі ўведзены 180 ставак ваенкіраўнікоў. Задача стаіць не дагрузіць дадатковым функцыяналам настаўнікаў, а ўзяць на работу для якаснага выканання маладых афіцэраў-адстаўнікоў. Аналіз кадраў паказаў, што педагагічную адукацыю мае нязначны працэнт афіцэраў. Таму перападрыхтоўка па профілі “Педагагічная дзейнасць” для гэтай катэгорыі работнікаў вельмі актуальная. Выступілі з ініцыятывай перад Міністэрствам адукацыі арганізаваць іх перападрыхтоўку на бюджэтнай аснове.

Бачым пытанні ў дасведчанай інфармацыйна-тлумачальнай рабоце УВА з выпускнікамі ў пытаннях размеркавання і пераразмеркавання. Кафедры павінны тлумачыць сваім выпускнікам тэрміны прыбыцця на працоўныя месцы, падставы для пераразмеркавання, умовы адпрацоўкі пасля заканчэння навучання па мэтавай падрыхтоўцы і інш.

— І ўсё ж, як жа забяспечыць рэгіён высокакваліфікаванымі кадрамі?

— Забяспечыць рэгіён высокакваліфікаванымі кадрамі можна толькі дзякуючы сумеснай рабоце ўстаноў, якія арганізуюць падрыхтоўку кадраў, і заказчыкаў: органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў-наймальнікаў. Заказчыкі кадраў павінны дакладна разумець, што, сфарміраваўшы толькі заяўку-заказ, яны рызыкуюць не толькі не атрымаць высокакваліфікаванага спецыя­ліста, але і мець вакансіі. Добрага спецыяліста трэба вырасціць: спачатку сфарміраваць у школьніка ўстойлівую матывацыю да атрымання педагагічнай прафесіі ў профільным педкласе, гарантаваць яго паступленне ў профільную УВА або ССНУ на педагагічную спецыяльнасць, а затым стварыць усе неабходныя ўмовы, каб малады спецыяліст не расчараваўся і застаўся ў прафесіі. Лічу, што ў нас у краіне для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.