Святлана Мотуз: аўтарытэт майстра — гэта аснова асноў у навучанні прафесіі

- 13:27Столичный мастер

Святлана Мотуз працуе майстрам вытворчага навучання ў Мінскім дзяржаўным каледжы інавацыйных будаўнічых тэхналогій імя І.М.Жыжаля. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Папярэдні навучальны год быў напружаным, але цікавым. Адбыўся выпуск яе вучэбнай групы, выхаванцы добра здалі іспыты, і ўсе былі размеркаваны на базавыя прадпрыемствы — МАЗ, будаўнічыя арганізацыі Мінска.

Уплывовая фігура

Лёс Святланы Мотуз ужо 15 гадоў звязаны з Мінскім дзяржаўным каледжам інавацыйных будаўнічых тэхналогій імя І.М.Жыжаля.

— Першыя крокі ў рабоце майстрам даліся мне няпроста, — успамінае Святлана Антонаўна. — У клас увахо­дзіла з заміраннем сэрца. На першым курсе навучэнцы шумлівыя, непаслухмяныя… Калі ўсё пусціць на самацёк, у самым пачатку не з’яднаць іх, то далей будзе цяжэй. Трэба наладзіць кантакт з кожным навучэнцам і павольна, удумліва выбудоўваць з імі зносіны.

Кожны чалавек — гэта непаўторная асоба. Таму нельга аднолькава падыходзіць да ўсіх навучэнцаў. Індывідуальны падыход майстар прымяняе як да тых, хто адстае ў вучобе, так і да здольных хлопцаў і дзяўчат, каб даць ім больш шырокі прастор для навучання з улікам іх магчымасцей. З кожным годам навучэнцы сталеюць і становяцца больш дысцыплінаванымі, мэтанакіраванымі. Але гэта таксама само не прыходзіць.

Менавіта майстар павінен раскрыць самыя лепшыя ўласцівасці прафесіі, яе значнасць для грамадства, прыярытэты ў далейшым жыцці і ў пабудове прафесійнай кар’еры. А для гэтага самому трэба быць прафесіяналам, уплывовай фігурай і заваёўваць аўтарытэт.

Cвятлана Антонаўна лі­чыць, што майстру нале­жыць вырашальная роля ў навучанні моладзі, выхаванні і фарміраванні ў яе любові да прафесіі.

Педагог ведае будаўнічую сферу дасканала, асвоіла шэраг прафесій. Яна не толькі выдатны дрэваапрацоўшчык, але і вучыць прафесіям аддзелачніка, тынкоўшчыка, маляра, плітачніка, абліцоўшчыка, да таго ж працягвае ўдасканальваць сваё майстэрства на курсах павышэння кваліфікацыі.

Аўтарытэт майстра — гэта аснова асноў у навучанні прафесіі. Ён складаецца з глыбокага ведання сваёй справы, асабістага прыкладу, чалавечых якасцей, дзе прэваліруе паважлівае стаўленне адно да аднаго. Майстар павінен ­раіць, паказваць навучэнцам той ці іншы прафесійны рух, а не загадваць рабіць самім.

— Аўтарытэт лёгка страціць, — адзначае Святлана Антонаўна. — Калі словы разыходзяцца са справай, калі патрабаванні, якія прад’яўляюцца да навучэнцаў, не лічацца абавязковымі для самога сябе, то сувязь з выхаванцам перарываецца і потым яе цяжка ўзнавіць.

Рычагі матывацыі

Сёння большасць падлеткаў прыходзяць у каледж неўсвядомлена. Выбар прафесіі часцей рабяць не яны самі, а іх бацькі або сябры. Каб у самым пачатку заха­піць іх вучобай, майстру трэба мець матывацыйныя рычагі, а гэта значыць, знайсці такія кропкі ўздзеяння, каб кожны навучэнец пранікся сваёй будучай прафесіяй і цалкам пагрузіўся ў яе. Святлана Антонаўна лічыць, што ў гэтым дапамагаюць урокі вытворчага навучання, калі падлеткі ў рэальнасці знаёмяцца з азамі прафесіі. У большасці сваёй навучэнцы, асабліва хлопцы, любяць папрацаваць рукамі. І майстар дае ім такую магчымасць.

Змест вытворчага навучання па прафесіях будаўнічай галіны мяняецца штогод, як і сама галіна. Сёння ў будаўніцтве з’яўляецца шмат новых матэрыялаў, тэхналогій, прыёмаў і методык, новых інструментаў і прыстасаванняў. Работа ўсё больш аўтаматызаваная, больш цікавая, не манатонная. Кіраўніцтва каледжа ў асобе І.Л.Кузьміной імкнецца ісці ў нагу з часам і пастаянна абнаўляе матэрыяльную базу ўстановы. З’явілася шмат новых механізаваных прыстасаванняў, інструментаў. Напрыклад, раней тынкаванне сцяны выконвалася навучэнцамі простым шпаталем, а цяпер спецыяльным валікам, што істотна паскорыла работу і павысіла яе ­якасць. Акрамя гэтага, усе новыя віды будаўнічых работ, прыёмы іх выканання, якія Святлана Антонаўна маніторыць у сацыяльных сетках, яна імкнецца ўкараняць у вучэбны працэс. Так, па-за вучэбнай праграмай майстар дэманструе прыёмы дэкаратыўнай тынкоўкі, дзе можна праявіць творчую фантазію, прасторавае ўяўленне, уменне адчуваць колеравую гаму.

Паспяховае авалоданне прафесіяй, павышэнне цікавасці да яе, разуменне значнасці сваёй працы, пачуццё адказнасці за яе закладваюцца як на ўроках вытворчага навучання, так і ў ходзе практыкі на будаўнічым аб’екце. Майстру важна пры гэтым паказваць прыклад у рабоце, а не назі­раць збоку. Святлана Антонаўна на аб’екце адразу бярэцца за справу, як і ў майстэрні, ву­чыць кожнаму руху і не раз яго паўтарае, прывучае падапечных ахайна ставіцца да свайго рабочага месца, трымаць у чысціні будаўнічы інструмент і тым самым паважліва ставіцца да сваёй прафесіі.

Майстар лічыць, што найбольшы ўплыў на паспяховае авалоданне выбранай спецыяльнасцю, на фарміраванне дасканалага ўяўлення аб ёй аказвае знаёмства з вытворчасцю, куды ў далейшым будуць уладкаваны выпускнікі каледжа. Таму Святлана Антонаўна імкнецца цесна супрацоўнічаць з базавымі прадпрыемствамі. Наведваючы будаўнічыя арганізацыі, навучэнцы бачаць сваю прафесію ўжо ў дзеянні. Яны знаёмяцца з сучасным абсталяваннем, матэрыяламі, арганізацыяй працы ва ўмовах вытворчасці, назіраюць канчатковы вынік работы калектыву — гатовыя будаўнічыя аб’екты.

Вучыць прафесіі — выхоўваць чалавека

— Важна не раздзя­ляць прафесійнае навучанне і выхаванне. Гэта ўзаемазвязаныя працэсы, таму мы павінны фарміраваць у навучэнцаў не толькі прафесійныя кампетэнцыі, але і рысы характару. З гэтай мэтай праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў, якія збліжаюць усіх нас і ўмацоўваюць калектыў, — адзначае С.А.Мотуз. — Праводжу ў групе класныя гадзіны прафесійнай накіраванасці і прысвечаныя выхаванню маладых людзей. Мы сустракаемся з прадстаўнікамі будаўнічай і іншых галін, удзельнічаем у прафесійных конкурсах, выхаваўчых і спартыўных мерапрыемствах.

Майстар павінен пада­ваць прыклад навучэнцам як у рабоце, так і ў зносінах з людзь­мі. Святлана Антонаўна наладжвае цесны кантакт з бацькамі, якія дапамага­юць уплываць і на паводзіны іх дзіцяці, і на яго навучанне. Калі здараецца нейкая праблема, педагог паведамляе баць­кам, каб разам яе выра­шыць.

Лепшай узнагародай для настаўніка з’яўляецца глыбокая ўдзячнасць навучэнцаў за ўсё тое, што ён даў ім на працягу навучання. А калі яго выпускнікі паспяхова праца­ўладкоўваюцца, гэта пацвярджае: майстар вырасціў спецыяліста і чалавека, які адпавядае запытам вытворцаў і нашага грамадства. Зна­чыць, роля педагога стала вырашальнай, лічыць Святлана Мотуз.

***

Святлана Мотуз родам з вёскі Расохі, што ў Лагойскім раёне, з мнагадзетнай сям’і. Акрамя яе, бацькі гадавалі яшчэ 12 дзяцей. Яны раслі працавітымі, спагадлівымі і паважлівымі людзьмі. Святлана даглядала бацькоў у старасці, захавала бацькоўскі дом, куды сёння з радасцю прыязджае. Малая радзіма стала для яе аддушынай, дзе можна набрацца сіл, адпачыць душой, палюбавацца прыгажосцю навакольнай прыроды.

Святлана з маленства расла творчай, узнёслай дзяўчынкай, яна добра малявала, танцавала, вырошчвала кветкі, любіла жывёл. Пасля заканчэння школы паехала ў Мінск і паступіла ў прафтэхвучылішча № 52 на дрэваапрацоўчую спецыяльнасць, меркавала ў гэтай сферы праяўляць свае творчыя здольнасці. Скончыла прафтэхустанову з чырвоным дыпломам і планавала працаваць па профілі. Настаўнікі ­С.С.Халмоўскі і В.А.Парамонава заўважылі ў ёй педагагічныя здольнасці, спакойны характар, дабрыню, працавітасць, адказ­насць і палічылі, што яна прыроджаны майстар вытворчага навучання і здольна ву­чыць іншых. Святлана і сама адчувала жаданне дзяліцца сваімі прафесійнымі навыкамі з моладдзю, таму паступіла ў Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА