Новыя кантакты дораць новыя магчымасці — у гэтым упэўнены ў гімназіі № 1 Дзяржынска, таму актыўна ўмацоўваюць міжнародныя сувязі. Нядаўна гімназія прымала расійскую дэлегацыю, у рамках сустрэчы быў падпісаны дагавор аб узаемадзеянні.
У Дзяржынск прыехалі калегі з Расіі — прадстаўнікі маскоўскай школы № 2010 імя Героя Савецкага Саюза М.П.Судакова. У гімназіі № 1 адбылася сустрэча педагагічнай грамадскасці дзвюх устаноў, якая прайшла пад дэвізам “Адукацыя без межаў”. Расійскія госці пазнаёміліся з дзейнасцю гімназіі — гісторыяй развіцця ўстановы, яе матэрыяльнай базай, арганізацыяй навучальнага і выхаваўчага працэсу, дасягненнямі педагогаў і навучэнцаў. Аб тым, наколькі ўсебакова развітыя і таленавітыя дзеці вучацца ў гімназіі, госці даведаліся падчас канцэрта, які для іх падрыхтавалі вучні. У сваю чаргу і супрацоўнікі гімназіі больш даведаліся аб рабоце маскоўскай школы дзякуючы відэароліку, які госці прывезлі з сабою.
Ва ўрачыстай атмасферы паміж школай № 2010 Масквы і гімназіяй № 1 Дзяржынска быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Свае подпісы на дакуменце пакінулі дырэктар школы Таццяна Яўгенаўна Бронзес і дырэктар гімназіі Валерый Леанідавіч Скуратовіч. Абодва бакі выказалі ўпэўненасць, што дагавор адкрые новыя магчымасці для педагагічных калектываў дзвюх устаноў.
Падпісаны дакумент будзе спрыяць распрацоўцы праграмы супрацоўніцтва ў сферы пачатковай і агульнай адукацыі. Прадугледжваюцца некалькі напрамкаў узаемадзеяння: развіццё партнёрскіх сувязяў паміж установамі; рэалізацыя праектаў, накіраваных на выхаванне вучняў на аснове прынцыпаў міру, талерантнасці, узаемапавагі; арганізацыя абмену навучэнцамі падчас канікул; абмен вопытам у галіне вучэбна-метадычнай і дыдактычнай падтрымкі вучняў i настаўнікаў. Таксама прадугледжваецца правядзенне сумесных канферэнцый і семінараў па актуальных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі, анлайн-турніраў, алімпіяд, конкурсаў для навучэнцаў і многае іншае.
Больш падрабязна пытанні ўзаемадзеяння ў найбліжэйшыя тэрміны кіраўнікі метадычных аб’яднанняў гімназіі і члены расійскай дэлегацыі абмеркавалі падчас правядзення круглага стала.
— Для нашай установы вывучэнне вопыту калег — як беларускіх, так і замежных — бесперапынны працэс. Гэта дае стымулы для далейшага развіцця, — расказвае Алена Анатольеўна Кулікоўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Дзяржынска. — У найбліжэйшых планах — узмацніць наша практычнае ўзаемадзеянне, арганізоўваць сумесныя майстар-класы, адкрытыя ўрокі, панарамы педагагічнага вопыту. Мы рады новым сябрам і ўпэўнены, што гэта сяброўства будзе карысна і нашай установе, і нашым партнёрам.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 1 Дзяржынска.