Сям’я — найвышэйшая каштоўнасць

- 11:51Нашы дзеці

Значнасць сям’і ў Беларусі неабходна павысіць, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко, уручыўшы падарункі пацыентам РНПЦ “Маці і дзіця” ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

“У гэтым годзе ў Беларусі адзначаецца зніжэнне нараджальнасці. Гэта звязана ў першую чаргу з памяншэннем колькасці жанчын фертыльнага ўзросту. Сёння ў краіне шмат форм падтрымкі дзяцей і маці. Але не заўсёды фінансавыя стымулы з’яўляюцца стымуламі для нараджэння дзяцей. Так, мацярынскі капітал паказаў сваю эфектыўнасць толькі ў першыя 2—3 гады, а далей сітуацыя стабілізавалася. У Беларусі неабходна павысіць каштоўнасць, значнасць сям’і”, — сказаў Васіль Жарко.

Акрамя неабходнасці павышэння нараджальнасці, сярод першарадных задач віцэ-прэм’ер назваў захаванне даступнасці аказання медыцынскай дапамогі на ўсіх узроўнях, а таксама тэмпаў інфарматызацыі галіны, што дае магчымасць зняць частку нагрузкі з медперсаналу. “У Беларусь на лячэнне штогод прыязджаюць 160—170 тысяч замежных грамадзян. Гэта сведчыць аб тым, што ўзровень аказання медыцынскай дапамогі, асабліва ў рэспубліканскіх установах, высокі”, — адзначыў ён.

Васіль Жарко наведаў радзільнае фізіялагічнае і радзільнае абсервацыйнае аддзяленні РНПЦ. Віцэ-прэм’ер падкрэсліў важнасць правядзення штогадовай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. “Вельмі важна дапамагаць дзецям, праяўляць да іх увагу і берагчы іх. Яны — наша будучыня”, — сказаў ён.