Сям’я: пункт прызначэння

- 11:48Сацыяльны ракурс

Роля сям’і ў грамадстве, прафілактыка дзіцячай безнагляднасці, аднаўленне бацькоўска-дзіцячых адносін, супрацоўніцтва сям’і і школы — “Настаўніцкая газета” пастаянна звяртаецца да гэтых і іншых актуальных тэм. А таму мы, канечне, не маглі абмінуць круглы стол, які прайшоў у сталічным Доме прэсы ў чаканні Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” нацыянальнага форуму “Сям’я ХХІ стагоддзя”.

Круглы стол быў прысвечаны павышэнню ролі СМІ ў вырашэнні актуальных пытанняў паляпшэння здароўя жанчын, умацавання сямейных каштоўнасцей, прапагандзе здаровага ладу жыцця і праводзіўся падчас Тыдня маці. Але абмеркаванне выйшла за рамкі зададзенай тэмы, ахапіўшы самыя розныя пытання і жыцця сучасных беларускіх сем’яў, іх перспектыў. Пачалася ж гаворка з разваг аб ролі жанчыны ў сям’і.

Валянціна Вітальеўна РАЖАНЕЦ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Сям’я — гэта мадэль дзяржавы або мадэль прадпрыемства, дзе маці — эканаміст, які падлічвае і размяркоўвае бюджэт. А яшчэ яна і крэатыўны дырэктар, і псіхолаг, і выхавальнік, і кулінар, і рукадзельніца. Ад маці ў многім залежыць мікраклімат, настрой і ўтульнасць у доме. На дапамогу ёй прыходзяць сучасныя тэхніка і тэхналогіі, але задач і амбіцый у сучаснай жанчыны намнога больш, чым было раней.

У Рэспубліцы Беларусь зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2017—2020 гады, накіраваны на забеспячэнне роўных правоў і магчымасцей мужчын і жанчын. Шматлікія мерапрыемствы плана прадугледжваюць пашырэнне эканамічных магчымасцей, гендарна арыентаваную ахову здароўя. Беларусь уваходзіць у лік 15 краін свету, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або пераўзыходзіць аналагічны паказчык сярод мужчын. І нагадаю: 2017 год аб’яўлены Годам сям’і ў краінах СНД, асаблівая ўвага звернута зараз на гэты важны сацыяльны інстытут, павышэнне прэстыжу сям’і. У Беларусі выбудавана сістэма дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Але падкрэслю: гэта менавіта меры падтрымкі, а не поўная замена дзяржавай канстытуцыйных абавязкаў грамадзян клапаціцца пра дзяцей і бацькоў.

Святлана Уладзіміраўна СІТНІКАВА, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, першы намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз жанчын”:

— Асаблівы клопат нашай грамадскай арганізацыі — гэта падтрымка жанчын у розных сітуацыях, для гэтага ў нас ёсць даўнія традыцыі, мы праводзім, напрыклад, конкурс “Жанчына года”, які праходзіць, можна сказаць, на дзяржаўным узроўні. Калі ёсць пэўныя цяжкасці, то наш клопат — дапамагчы, падтрымаць як матэрыяльна, так і маральна. Калі жанчына спатыкнулася і нават апынулася ў месцах пазбаўлення волі, мы таксама падтрымаем. Мы разлічваем, што жанчыны, якія прайшлі такі неверагодна складаны шлях, змогуць вярнуцца ў сям’ю.

Калі жанчына разумее сваю ролю ў сям’і, то ўсё складзецца. Гэта вельмі важна ў наш час, калі многія дзяўчаты лічаць, што мужчына павінен рабіць для сям’і ўсё, а яны такія прыгажуні-разумніцы нічога нікому не павінны. Канечне, гэты выхаваўчы аспект неабходна ўлічваць не тое што са школьнага — з дашкольнага ўзросту, каб дзяўчынка разумела, што ёй давядзецца выконваць пэўную ролю ў сям’і, а будаванне сям’і — гэта праца. На мой погляд, гэта і ёсць самае складанае і важнае.

Журналісты пыталіся ў мяне, ці не варта вярнуць у школу выкладанне такога прадмета, як “Псіхалогія сямейнага жыцця, або Этыка сямейных адносін”. Ведаеце, чаму з яго выкладаннем не склалася? Настаўнікі, на жаль, аказаліся негатовымі. Пытанні сям’і складаныя, трэба іх вырашаць, і магчымасці такія ёсць. Сёння нарэшце і сродкі масавай інфармацыі павярнуліся да гэтай тэмы і пазітыўна настроены, каб падтрымліваць ідэю сям’і.

Вера Васільеўна МАРТЫНАВА, дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук:

— У нашай краіне склалася сістэма падтрымкі сям’і. Лічу важным, што першы кампанент гэтай сістэмы — дзяржпадтрымка, пра што ўжо гаварыла паважаны дэпутат. Другі кампанент — сістэма сацыяльна-педагагічных, псіхалагічных і сацыяльных устаноў, якія мэтанакіравана дапамагаюць сем’ям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Безумоўна, кампанентамі з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, а таксама рэлігійныя канфесіі.

Акрамя таго, важная частка сістэмы і школа, бо ў ёй дзіця праводзіць 11 гадоў. Настаўнік, працуючы з дзецьмі, заўсёды працуе з сям’ёй. Абсалютна зразумела: калі ў дзіцяці ёсць праблема, то яе вытокі трэба шукаць у сям’і. Таму педуніверсітэт і паставіў сабе задачу рыхтаваць педагога да работы з сям’ёй. З гэтай мэтай мы разам з Беларускім саюзам жанчын рэалізоўваем адукацыйны праект “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”. Яго мэта — сфарміраваць разуменне каштоўнасці сям’і, культуры сямейных адносін і важнасці нараджэння і выхавання здаровых дзяцей.

А якое ўяўленне аб здаровай, шчаслівай сям’і сёння ёсць у нашай моладзі? Напярэдадні рэалізацыі праекта мы правялі вялікае сацыялагічнае даследаванне сярод старшакласнікаў (ахапілі больш за 500 чалавек), бацькоў і педагогаў. На думку юнакоў і дзяўчат, добая сям’я павінна быць заснавана на ўзаемаразуменні (амаль 30%), на каханні (25%), павазе (13%). Гэтыя лічбы нас усіх радуюць. Але насцярожвае, што адказнасць як аснову добранадзейнай сям’і адзначылі ўсяго 4,6% апытаных маладых людзей. 1,1% указалі на тое, што ў сям’і неабходна ўзаемная падтрымка. А мне здаецца, што ўзаемная падтрымка і адказнасць — гэта самае галоўнае ў стварэнні добранадзейнай і шчаслівай сям’і. Вось над чым нам трэба думаць сёння.

Прывяду яшчэ адну лічбу: амаль 60% апытаных старшакласнікаў упэўнены, што яны створаць шчаслівую сям’ю, 26% кажуць, што, хутчэй за ўсё, так у іх і будзе. Гэта, безумоўна, радуе. Але не сакрэт, што сёння вялікая праблема — сужыццё, незарэгістраваны шлюб, да якога імкнецца даволі вялікая частка нашай моладзі. Амаль палова старшакласнікаў сказалі, што станоўча ставяцца да такой з’явы. Амаль такая ж колькасць бацькоў таксама станоўча ацэньваюць так званы грамадзянскі шлюб. Вось што трывожна. Таму я абсалютна хачу падтрымаць Святлану Уладзіміраўну ў тым, што школа павінна рыхтаваць дзяцей да сямейнага жыцця. За гэта ў нашым даследаванні выказаўся 81% бацькоў.

Час задацца пытаннем, наколькі мы рыхтуем нашых школьнікаў жыць, будаваць узаемаадносіны, любіць, сябраваць. Таму мы і ўнеслі прапанову ў Міністэрства адукацыі, каб у сціслым графіку 11-гадовага навучання адшукаць месца псіхалогіі. І мы павінны дапамагчы бацькам у выхаванні дзяцей, бо зараз у многім страчана цеплыня ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, якую замяняе Viber і іншыя сродкі. У гэтым сэнсе важна ўвесці ў работу школ практыку бацькоўскіх універсітэтаў.

С.У.СІТНІКАВА:

— Ці не атрымаецца, што мы перакладзём адказнасць за выхаванне дзяцей цалкам на школу?

В.В.МАРТЫНАВА:

— Так пытанне не стаіць. Ніхто і ніколі не заменіць бацькоў у выхаванні і ў развіцці асобы дзіцяці. Асноўны, пярвічны сацыяльны інстытут — гэта сям’я. Але мы добра разумеем, што сёння бацькі стаяць перад такім колам пытанняў, што трэба бывае параіцца з псіхолагам, педагогам, урачом. А наша задача — праз вучэбныя курсы даваць будучым педагогам веды аб тым, як працаваць з сям’ёй. Гэта ідзе ў нас праз вывучэнне сямейнай педагогікі, сацыяльна-педагагічнай дапамогі сям’і, сем’язнаўства.

Протаіерэй Сяргей ЛЕПІН, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы:

— Шлюб — гэта не проста партнёрства, не проста нейкі мікраэканамічны саюз, не проста ўзнаўленне і рэпрадукцыя. Гэта таінства даўжынёй у жыццё. Таму сямейныя і царкоўныя каштоўнасці супадаюць.

Сям’я сапраўды шмат у чым залежыць ад выхавання, і не толькі дзяцей.

Многія недарэчнасці і ад таго, што мы маем пэўныя базавыя праблемы, у тым ліку на ўзроўні педагагічных установак. Я гавару аб пэўнай бясполасці нашай адукацыі. На мой погляд, мы занадта абстрагуемся ад таго, што адукацыя і выхаванне — гэта непазбежна выхаванне або хлопчыка, або дзяўчынкі. І таму мы цалкам бы падтрымалі прадмет па асновах псіхалогіі сямейнага жыцця.

І яшчэ: шлюб, насуперак меркаванню большасці, — гэта не асабістая справа кожнага, шлюб — гэта заява перад грамадствам аб тых абавязках, якія людзі бяруць адно перад адным, гэта прадмет грамадскага права.

Ксёндз-канонік Юрый САНЬКО, прэс-сакратар Канферэнцыі рымска-каталіцкіх епіскапаў Беларусі:

— У нас ёсць школы сямейнага жыцця, дзе працэнтаў 80 навучэнцаў — гэта людзі, якія прыйшлі не для таго, каб потым працаваць сямейнымі кансультантамі, а для таго, каб самім стварыць здаровыя сем’і. Ёсць таксама аддзелы, падобныя тым, што дзейнічаюць у Праваслаўнай царкве, якія займаюцца сямейнай тэматыкай. Падрыхтоўка маладых да вянчання — гэта не проста запаўненне нейкіх папер, пратаколаў, гэта перш за ўсё катэхізацыя, гэта курс адказнага бацькоўства, які вядуць прафесіяналы, урачы.

Радуе, што мы зараз гаворым на такія тэмы, але гаварыць пра каштоўнасць сям’і варта ўсё жыццё. Ад зін з кірункаў, якім мы зараз занепакоены, — гэта рух чайлдфры, выклік, з якім сутыкнулася наша грамадства. Мы павінны пра гэта памятаць і рабіць на гэтым акцэнт.

А яшчэ варта звяртаць увагу на тое, што празмерная апека бацькоў не спрыяе выхаванню асоб, і на тое, што для сучасных дзяцей часта ніхто не з’яўляецца аўтарытэтам: ні настаўнік, ні іншы дарослы.

Людміла Анатольеўна АНДРЭЕВА, галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”:

— Хачу закрануць тэму здароўя, важную для сям’і. Вельмі часта пад здаровым ладам жыцця чамусьці разумеюць толькі правільнае харчаванне, існаванне фізічнай абалонкі. Я працую ў спецыфічнай сферы, і мы гаворым, што ўсе фізічныя хваробы ад нерваў. Раней пра людзей з псіхічнымі захворваннямі гаварылі, што гэта душэўнахворыя людзі. Працуючы ў такой клініцы, я бачу, што выхад ёсць толькі ў тым выпадку, калі мы дастукаемся да душы чалавека і на першае месца паставім духоўны складнік. Код душы, прыгажосць душы — гэта асноўнае, а ўсё астатняе — часовае.

Кацярына Барысаўна МАЛЬЦАВА, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей:

— Сёння актуальныя, на жаль, такія праблемы, як насілле ў сям’і, суіцыды, наркаманія сярод падлеткаў і шмат чаго яшчэ. Цяжкі іспыт для сем’яў, канечне, і сітуацыі вострага гора: страта блізкіх, атрыманне інваліднасці, цяжкага дыягназу. У нашым цэнтры працуюць і крызісныя, і сямейныя псіхолагі, і дзіцячыя. Але ў гарадскім цэнтры ўсяго 12 псіхолагаў, яны не ў сілах ахапіць увесь горад Мінск. У Беларусі ўсяго 2 такія цэнтры. Таму так важна ўзаемадзеянне, каб бацькоўскія ўніверсітэты дзейнічалі і ва ўстановах адукацыі, і ў царкве, каб падключаліся грамадскія арганізацыі.

І яшчэ такі момант. Узгадваю праект дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць анкахворых дзяцей. Правялі даследаванне і высветлілася, што пасля доўгага лячэння дзіцяці таты часта сыходзяць з сем’яў. Чаму? Таму, што нашы жанчыны, як заўсёды, узвальваюць усё на свае кволыя плечы і цягнуць, не даючы магчымасці мужчыне ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Сёння на базе РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ёсць стацыянар, ёсць псіхолаг. І калі сем’і прыходзяць на нейкія працэдуры, яны маюць магчымасць пагаварыць з псіхолагам, які далучае да гаворак як мага больш бацькаў. І ведаеце, у РНПЦ адзначаюць станоўчую дынаміку такой работы.

У нашым цэнтры таксама адкрываецца аддзяленне дзённага знаходжання для работы з такімі сем’ямі, каб псіхолагі маглі максімальна ўключаць бацьку ў працэс вырашэння праблемы. Нагадаю яшчэ, што з 2009 года рэалізоўваецца праект “Тата-школа”, калі бацькі дзеляцца вопытам па прынцыпе “роўны — роўнаму”. Праект рэалізоўваецца пры падтрымцы аднаго з грамадскіх аб’яднанняў, ён вельмі паспяховы. Сёння “Тата-школы” ёсць пры ўсіх тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Павел Сямёнавіч КАРАНЕЎСКІ, намеснік генеральнага дырэктара СТБ:

— Я 25 гадоў працую на тэлебачанні і скажу, што мы можам зрабіць са свайго боку. Тут два аспекты. Першы — матэрыяльны, падтрымка дзяржавы. І мы расказваем пра гэта, пра базіс, які створаны ў нас і якім не могуць ганарыцца нават Германія, Швецыя і многія іншыя краіны. І гэта не толькі фінансавая дапамога, а тая ж самая сістэма аховы здароўя.

Але, як мне здаецца, асабліва важны для сродкаў масавай інфармацыі духоўны, маральны бок сям’і, пра які мы можам расказваць. І тут я ўдзячны нашым духоўным айцам, якія з адкрытым забралам выступаюць супраць таго, што адбываецца ў свеце, у тым ліку і ў нашым грамадстве. Гэта занадта талерантнае стаўленне да розных перверсій, з-за чаго бацькоў ужо там-сям вызначаюць як асоб ніякага роду.

Хачу звярнуць увагу на тое, што мы як народ захаваліся дзякуючы моцы сям’і. Таму так важна ствараць вобраз паўнацэннай, нармальнай сям’і. Мы паказваем такія сем’і, у тым ліку бацькоў, якія бяруць прыёмных дзяцей.

Ганна Іосіфаўна ЯШЧУК, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат эканамічных навук:

— Я ўспрымаю сябе як абсалютна шчаслівага чалавека, бо мае жыццёвыя каштоўнасці супалі з кірункам маёй навуковай работы. Яшчэ ў 2007 годзе навуковы кіраўнік падказаў мне тэму навуковай работы па сямейнай палітыцы. Што цікава: дысертацыя па эканоміцы стаіць на стыку эканомікі, сацыялогіі, псіхалогіі, паліталогіі. І сапраўды, для сям’і важныя ўсе аспекты, пра што мы сёння і гаворым.

Дазвольце зрабіць яшчэ адну заўвагу: моладзі трэба паказваць як мага больш станоўчых прыкладаў сем’яў. А лепшы прыклад — асабісты. Важна, каб людзі ганарыліся вялікай сям’ёй, а не апошняй мадэллю айфона.

Таццяна Аляксандраўна КРАЎЧАНКА, старшыня Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў, член праўлення Беларускага саюза жанчын:

— Сапраўды, многае залежыць ад рэкламы, ад прапаганды. І хачу падтрымаць думку, што мы ўвесь час звяртаем увагу на выхаванне дзяўчынак. А як мы выхоўваем хлопчыкаў? Яны ж толькі і бачаць тату, які на канапе перад тэлевізарам. Вось вам і ўся гармонія ў сям’і. А гармонія — гэта ўсё папалам: і добрае, і дрэннае.
У рабоце круглага стала прыняў таксама ўдзел міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, які падкрэсліў, што агучаныя тэмы сведчаць пра зацікаўленасць грамадства ў развіцці інстытута сям’і. Прыведзеныя прыклады звязаны не столькі з эканамічным, сацыяльным жыццём, колькі з духоўным развіццём кожнага чалавека: бацькі, маці, дзяцей.

Марына ХІДДЖАЗ.