Сям’я — у прыярытэце

- 11:12Навіны рэгіёнаў

Дом — гэта не проста месца, дзе ты жывеш, дом там, дзе цябе любяць. Гэты прынцып добра ведаюць прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі і дзеці, якім яны расчыняюць дзверы свайго жытла і свае сэрцы. Справу яны робяць пачэсную, высакародную, але і няпростую. І ім патрэбна падтрымка і дапамога. З разуменнем гэтага на Міншчыне быў праведзены форум замяшчальных сем’яў “Дом там, дзе любяць”.

У Мінскай вобласці склалася і пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўнай дапамогі і сацыяльнай абароны дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Вобласць шэраг гадоў займае лідзіруючае месца ў рэспубліцы па ўладкаванні на сямейныя формы выхавання выяўленых дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З 2008 па 2018 год колькасць інтэрнатных устаноў на Міншчыне скарацілася з 13 да 3. У 2017 годзе ўсяго 37 дзяцей з 361 выяўленага трапілі ў інтэрнатную сістэму. У Мінскай вобласці — 3880 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце да 18 гадоў. 64,23% з іх выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Апошнім часам у цэнтральным рэгіёне назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі: з кожным годам памяншаецца ўдзельная вага дзяцей, якія нарадзіліся па-за шлюбам, менш становіцца выпадкаў адмовы ад дзяцей, прыкметна павялічылася колькасць бацькоў, якія імкнуцца аднавіць свае бацькоўскія правы. Так, з 2009 года аднавіліся ў бацькоўскіх правах 355 бацькоў у дачыненні да 469 дзяцей. Дзякуючы рабоце ўсіх спецыялістаў і службаў, удаецца захаваць шматлікія сем’і ад разбурэння і выратаваць права дзяцей на пражыванне ў біялагічнай сям’і. За 2017 год сацыяльнымі прытулкамі пасля адпаведнай работы з сем’ямі вернуты бацькам 326 дзяцей, а гэта 52,7% ад агульнай колькасці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пражываюць у прытулках. Абласны форум замяшчальных бацькоў дазволіў яшчэ раз абмеркаваць прыярытэтныя напрамкі сумеснай работы бацькоў і спецыялістаў для паляпшэння жыцця самых маленькіх і самых неабароненых жыхароў вобласці, агучыць праблемы і знайсці шляхі іх вырашэння.

— Мы ўсе працуем для таго, каб дзеці выхоўваліся ў любові, атрымлівалі цяпло бацькоўскіх сэрцаў. Форма замяшчальнага бацькоўства для нас у прыярытэце. З вялікай удзячнасцю мы ставімся да людзей, якія бяруць на сябе адказнасць за лёсы дзяцей, выхоўваюць новае пакаленне. І мы імкнёмся ўсяляк падтрымліваць такія сем’і, забяспечваць эфектыўную дапамогу не толькі дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, але і іх прыёмным бацькам і бацькам-выхавальнікам. З гэтай мэтай і праводзіцца форум. Асноўная яго ідэя — стварэнне дыскусійнай пляцоўкі для адкрытага дыялогу спецыялістаў і бацькоў, — расказвае Ірына Міхайлаўна Пятрэнка, начальнік цэнтра падтрымкі сацыяльна-педагагічнай работы кадраў адукацыі МАІРА.
Удзел у форуме ўзялі каля 150 чалавек — бацькі і шырокае кола спецыялістаў: прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, супрацоўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама сацыяльна-педагагічных цэнтраў, спецыялісты SOS-вёсак, педагогі-псіхолагі, супрацоўнікі праваахоўных органаў, устаноў аховы здароўя і адукацыі, спецыялісты па педагагічнай, крызіснай і спецыяльнай псіхалогіі.

Работа форуму была падзелена на тры часткі, умоўна іх можна назваць афіцыйнай, часткай узаемадзеяння і ўрачыстай. Афіцыйнай часткай стала пленарнае пасяджэнне. Цікавым для прысутных было выступленне А.М.Каранкевіча, старшага каардынатара праграмнай дзейнасці па абароне правоў дзяцей прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі. Рэалізацыя права дзіцяці на пражыванне ў сям’і — галоўная задача дзяржавы. На гэтую пазіцыю ЮНІСЕФ звярнуў увагу выступоўца. Інтэрнатная ўстанова, нават самая лепшая, не можа замяніць сям’ю. І нашай краіне варта прадоўжыць работу па скарачэнні колькасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў інтэрнатах, на карысць сямейных форм уладкавання. Галоўнай жа мэтай сістэмы аховы здароўя і дзяцінства, па словах спецыяліста, павінна быць работа па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, раннім выяўленні і аказанні дапамогі сям’і з мэтай захавання ў ёй дзіцяці.

Аб сямейных формах жыццеўладкавання дзяцей-сірот як альтэрнатыве інтэрнатнай сістэме на прыкладзе Мінскай вобласці расказала ў сваім выступленні І.М.Пятрэнка, начальнік цэнтра падтрымкі сацыяльна-педагагічнай работы кадраў адукацыі МАІРА. Аб розных формах і сістэме работы з дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, паведаміла педагог-псіхолаг Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Т.Л.Канашонак.

Пытанні жыццеўладкавання ў замяшчальныя сем’і дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прапанавала абмеркаваць Н.К.Віктароўская. Дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР падкрэсліла важнасць міжведамаснага ўзаемадзеяння пры ўладкаванні дзяцей з АПФР у замяшчальныя сем’і, а таксама неабходнасць сур’ёзнай падрыхтоўкі бацькоў, якія вырашылі зрабіць такі крок.

Другая частка форуму прадугледжвала ўзаемадзеянне і абмен думкамі ўдзельнікаў. Яны сустрэліся ў рамках работы секцый і дыскусійных пляцовак. Тут бацькі маглі задаць пытанні спецыялістам і выказаць прапановы і заўвагі па розных аспектах сваёй работы. Так, у секцыі “Сіла — у каманднай рабоце” абмяркоўвалі, як выхоўваць у дзяцей павагу да закону і правапарадку, як засцерагчы іх ад дрэннай сцяжынкі правапарушэнняў і злачынстваў. У секцыі “Права на правы” ўзнімалі шматлікія прававыя пытанні. На дыскусійнай пляцоўцы “Рыхтуем да самастойнага жыцця” дзяліліся сакрэтамі, як навучыць дзіця распараджацца ўласнымі грашыма, арганізоўваць свой побыт, як падрыхтаваць яго да сямейнага жыцця і многае іншае.

Вялікім попытам карысталіся майстар-класы “Здаровыя бацькі — здаровая сям’я” і “Творчая майстэрня прыёмных бацькоў”, дзе ўдзельнікам расказалі аб спосабах прафілактыкі прафесійнага выгарання, а таксама арганізацыі цікавага і карыснага сямейнага вольнага часу.

Падчас трэцяй, урачыстай, часткі форуму прыёмным бацькам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у справу выхавання дзяцей, уручылі ўзнагароды. Арганізатары падкрэслілі, што ўзнагарод і прызнання заслугоўваюць усе прыёмныя бацькі вобласці, бо робяць высакародную і важную справу.

Ідэя форуму — даць магчымасць для непасрэдных зносін прыёмных бацькоў паміж сабой і са спецыялістамі — была рэалізавана. Важнасць і карыснасць падобных мерапрыемстваў відавочная і для спецыялістаў, і для бацькоў.

— Дыялог атрымаўся шматгранным, ён закранаў розныя аспекты. Цудоўна, што тут сабраліся розныя катэгорыі спецыялістаў. Такія мерапрыемствы неабходны, каб можна было задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць на іх адказы, выказаць сваё меркаванне, бачанне і каб разам мы маглі выпрацаваць стратэгію для далейшай дзейнасці, — дзеліцца думкамі Анжэла Уладзіміраўна Даненка, дырэктар СПЦ Барысаўскага раёна. — Такія сустрэчы даюць адчуць плячо падтрымкі, зразумець, што ўсе мы робім адну справу на карысць дзяцей.

Прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі выбралі надзвычай складаную работу. Яны працуюць 24 гадзіны ў суткі без выхадных. Пры гэтым часта сустракаюцца са спецыфічнымі праблемамі, абмеркаваць якія са знаёмымі, сябрамі і нават роднымі немагчыма. Форум стварыў для іх магчымасць апынуцца ў асяроддзі аднадумцаў, людзей, якія пра іх сітуацыі, праблемы і радасці ведаюць па ўласным вопыце або разбіраюцца ў такіх пытаннях прафесійна. Такія зносіны вельмі запатрабаваныя. Нездарма многія бацькі казалі, што ім не хацелася, каб мерапрыемства заканчвалася. Часу абмеркаваць усе пытанні не хапіла, таму яны спадзяюцца, што форум стане як мінімум штогадовым.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.