Самыя родныя людзі для маленькага дзіцяці — яго бацькі, якія любяць дзіця і прымаюць яго такім, якое яно ёсць. Кожная сям’я — гэта асобная краіна традыцый, поглядаў, інтарэсаў, патрэб і запытаў.
Менавіта сям’я садзейнічае паўнавартаснаму выхаванню і развіццю маленькага чалавека, фарміраванню ў яго ўменняў мець зносіны з дзецьмі і дарослымі, пераадольваючы цяжкасці. Здаровая, моцная, шчаслівая сям’я — залог стабільнасці і росквіту любога грамадства.
Найважнейшымі сацыяльнымі функцыямі сям’і з’яўляюцца выхаванне і развіццё дзяцей, сацыялізацыя падрастаючага пакалення. Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту прыходзяць у дзіцячы сад з пэўнай сацыяльнай пазіцыяй, сфарміраванай у сям’і. Гэтая сацыяльная пазіцыя ўплывае на адносіны дашкольніка не толькі з аднагодкамі, але і з дарослымі.
Апошнім часам у літаратуры па псіхалогіі шырокае распаўсюджванне атрымаў тэрмін “культура сям’і” адносна пазіцыі абодвух бацькоў у выхаванні дзіцяці. Вядома, што жыццядзейнасць дзіцяці адбываецца дзякуючы наяўнасці дзвюх узаемазвязаных сістэм, што перасякаюцца, — свету дарослых і свету дзяцей, кожны з якіх мае для дзіцяці сваю значнасць.
Рабоце з сям’ёй уласціва свая спецыфіка, што абумоўлена асаблівасцямі аб’екта псіхатэрапеўтычнага ўздзеяння і, перш за ўсё, тым, што сям’я з’яўляецца адносна закрытай сістэмай. Акрамя таго, неабходна ўлічваць тое, што сем’і маюць свае сацыякультурныя асаблівасці. У прыватнасці, у нашай краіне сем’ям уласціва патрыярхальнасць, сумеснае пражыванне некалькіх пакаленняў, эмацыянальная і матэрыяльная ўзаемазалежнасць членаў сям’і. Многія сем’і з’яўляюцца функцыянальна няпоўнымі, што часткова звязана з асаблівасцямі іх культурна-гістарычнага развіцця. Акрамя таго, іх адрознівае невысокі ўзровень псіхалагічнай культуры.
Сем’і аб’ядноўваюцца ў клуб, таму што гэта:
- новыя знаёмствы;
- цікавыя зносіны;
- арганізацыя сямейнага вольнага часу;
- новы пазітыўны вопыт сямейных адносін і выхавання;
- зносіны і развіццё дзяцей;
- навізна ў штодзённым жыцці;
- эмацыянальная разгрузка;
- рэалізацыя ўласных ідэй, планаў і магчымасцей;
- набыццё новых захапленняў;
- месца, дзе лепш пазнаеш сябе і сваіх блізкіх.
У мэтах паспяховага станаўлення асобы дзіцяці, яго сацыялізацыі ў сям’і ў яслях-садзе № 12 “Бярозка” Жодзіна функцыянуе бацькоўскі клуб “Сямейны ачаг”, які дапамагае наладжваць цеснае супрацоўніцтва дзіцячага сада з сям’ёй.
У рабоце клуба асноўны арыенцір робіцца на павышэнне педагагічнай і псіхалагічнай культуры бацькоў, удасканаленне ўмоў выхавання дзіцяці ў сям’і і ў дзіцячым садзе, павышэнне кампетэнтнасці ў галіне выхавання дзяцей і ўмення спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі, а таксама на фарміраванне ў свядомасці бацькоў значнасці сямейнага выхавання ў сем’ях.
Асноўнымі формамі работы клуба з’яўляюцца пасяджэнні з элементамі трэнінгавых практыкаванняў на розныя віды дзейнасці і псіхічных станаў, семінары-практыкумы, сумесная гульнявая і творчая дзейнасць, гульня-трэнінг.
Вынікі работы клуба паказваюць, што падчас сумесных мерапрыемстваў бацькі і дзеці маюць магчымасць раскрыць свае здольнасці і творчы патэнцыял, падзяліцца асабістым сямейным вопытам, прымяніць свае веды, уменні і навыкі пры вырабе сямейнага калажу, паўдзельнічаць у калектыўным абмеркаванні якой-небудзь актуальнай праблемы, а таксама адпачыць з карысцю і атрымаць зарад бадзёрасці. Усё гэта з’ядноўвае і ўмацоўвае сям’ю, робіць яе жыццё насычаным і цікавым, збліжае бацькоў і дзяцей, братоў і сясцёр.
Актуальнасць дзейнасці клуба “Сямейны ачаг” тлумачыцца неабходнасцю вырашэння такіх важных задач нашай установы дашкольнай адукацыі, як выхаванне гарманічна развітой асобы дзіцяці, якая валодае ўстойлівым светапоглядам, сацыяльнымі і маральнымі перакананнямі, уменнямі прызнаваць і рэальна ацэньваць сваю асобу.
Дадатак
Якія бываюць сямейныя каштоўнасці і як іх выхаваць.
Сцэнарый клуба “Сямейны ачаг” на тэму “Сям’я і сямейныя каштоўнасці”.
Дзейнасць бацькоўскага клуба накіравана на стварэнне ўмоў для паўнавартаснага асобаснага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту, фарміравання патрыятызму, адказнасці, духоўна-маральных каштоўнасцей, пазітыўнай сацыялізацыі ва ўстанове дашкольнай адукацыі і сям’і.
Вольга АСТАПКОВІЧ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 12
“Бярозка” Жодзіна.