Сямейны алімп

- 18:40Выхаванне, Спартыўныя падзеі

Пра знакамітую беларускую лёгкаатлетку Настассю Мірончык­Іванову чулі ўсе. Але нямногія ведаюць, што яе сям’я ўяўляе сабой сапраўдную дынастыю педагогаў фізічнай культуры.

Выхаваў чэмпіёнку

Бацька спартсменкі Сяргей Аляксеевіч Мірончык выкладае фізічную культуру і здароўе ў сярэдняй школе № 13 Слуцка. Ён захапіўся спортам яшчэ ў дзяцінстве і дапамог пасябраваць з ім сваёй дачцэ.

— Насця нарадзілася ў сям’і педагогаў, — расказаў Сяргей Аляксеевіч. — Мама — настаўніца пачатковых класаў, я — фізічнай культуры і здароўя з 35-гадовым працоўным стажам. У 5 класе мы аддалі Насцю на лёгкую атлетыку. Спачатку яна сумяшчала трэніроўкі з заняткамі ў мастацкай школе, але, калі пачала перамагаць на раённых і абласных спаборніцтвах, вырашыла засяродзіцца на спорце. Затым змагла паказаць добры вынік на рэспубліканскім першынстве і працягнула навучанне ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Якраз тады адбыўся пераломны момант: Насця правяла там тыдзень-другі і вярнулася дадому. Але мы яе пераканалі, і, мяркуючы па выніках, усё было не дарма. Неўзабаве прыйшоў і міжнародны поспех: дачка заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы сярод моладзі.

З дзяцінства фізкультура была маім любімым прадметам. Памятаю, у 9 класе выканаў нарматыў на першы разрад па зімовым мнагаборстве. Туды ўваходзілі стральба, лыжная эстафета і падцягванне. Асабліва добра атрымалася праявіць сябе ў апошнім элеменце праграмы: падцягнуўся 30 разоў. Пасля школы паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Там маім класным кіраўніком была алімпійская чэмпіёнка 1964 года гімнастка Алена Уладзіміраўна Ваўчэцкая, таму стараўся пераймаць каштоўны спаборніцкі вопыт, заняткаў не прапускаў.

Любоў да спорту ў нас — гэта сямейнае. У школьныя гады мы з братам пастаянна ўдзельнічалі ў гарадскіх і абласных спаборніцтвах. Затым мая дачка стала спартсменкай з сусветным імем, а пляменніца выкладае фізкультуру ў сярэдняй школе № 11 Слуцка.

Па слядах бацькі

Брат Сяргея Леанід Аляксеевіч Мірончык выкладае фізічную культуру і здароўе ў сярэдняй школе № 11 Слуцка. Ён не толькі прывіў сваёй дачцэ любоў да спорту, але і дапамог вызначыцца з прафесіяй.

Цяпер падрастае ўнук. Моцны, высокі — даныя выдатныя. Хто ведае, можа, і ён у будучыні звяжа сваё жыццё са спортам і фізічным выхаваннем.

— У школьныя гады фізкультура мне давалася лёгка, — адзначыў Леанід Аляксеевіч. — Да таго ж я адчуваў рэальную ка­рысць ад заняткаў, станавіўся ўсё мацнейшым. Гэты прадмет дапамагае арганізму развівацца фізічна, падтрымлівае цела ў тонусе. Дзякуючы фізкультуры, менш хварэеш і ў цэлым адчу­ваеш сябе лепш. Яшчэ я часта падарожнічаю па краіне, люблю турызм. Калі дачка крыху падрасла, пастаянна браў яе з сабой. Лене так усё гэта падабалася, што яна вырашыла пайсці па маіх слядах, хоць першапачаткова мы з жонкай хацелі, каб яна стала ўрачом. Аддалі ў ліцэй на падрыхтоўчыя курсы, ужо рыхтавалі дакументы для паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Але ў апошні момант яна адмовілася. У кампаніі будучых медыкаў ёй аказалася нецікава, таму вырашыла паступаць у педагагічны. Цяпер ужо можна ска­заць, што гэтае рашэнне было лёсавызначальным, бо яна стала сапраўдным прафесіяналам і знайшла сваё месца ў жыцці.

Сініца ў руках

Дачка Леаніда Аляксеевіча дасягнула не толькі поспеху ў кар’еры, але і сямейнага шчасця. Падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка Алена пазнаёмілася з будучым мужам.

За 10 гадоў работы ў якасці настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя і Дзяніс Віктаравіч, і Алена Леанідаўна атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яны бачаць сябе ў гэтай прафесіі і максімальна рэалізуюць уласны патэнцыял.

— Мы з Дзянісам вучыліся ў адной групе, а цяпер выкладаем у школе № 11 разам з татам, — расказала Алена Леанідаўна. — Падчас першага года работы мы асвойваліся і імкнуліся перай­маць вопыт у старэйшых калег. Затым я пайшла ў дэкрэтны водпуск, а адразу пасля яго заканчэння мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Першапачаткова планавала годна выступіць на раённым этапе, але ў выніку выйшла ў рэспубліканскі фінал. “Крыштальнага жураўля” заваяваць не ўдалося, але “Сінічка” за перамогу сярод педагогаў Мінскай вобласці — таксама дастойны вынік. Вельмі дапамаглі бацька і муж: мы разам складалі майстар-класы і рыхтаваліся да ўсіх этапаў праекта.

Пасля ўдзелу ў гэтым конкурсе з’явілася ўпэўненасць ва ўласных сілах. Я атрымала статус маладога спецыяліста ў сваёй галіне. У 2017 годзе рыхтавала да ўдзелу ў раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі двух навучэнцаў нашай школы. Яны прайшлі ў фінал і занялі там
3-е месца. Высокія вынікі надаюць стымул, запальваюць агонь у вачах. Зараз алімпіяда ўжо мае рэспубліканскі статус, а яе прызёры атрымліва­юць ільготы пры паступленні ў профільныя навучальныя ўстановы. Гэта матывуе і выкладчыкаў, і навучэнцаў, дапамагае ўсвядо­міць, што фізкультура можа адкрыць перспектывы для выбару жыццёвага шляху.

У нашай школе дзеці гэты прадмет вельмі любяць. Важна паказаць вучню, што тут ён можа дасягнуць поспеху. Калі ў яго загараюцца вочы, ён сам пачынае імкнуцца да большага і расці як фізічна, так і ментальна. Таксама не трэба саромецца хваліць дзяцей. Яны павінны адчуваць падтрымку, а таксама мець правільны прыклад перад вачамі.

Змена падрастае

Дзяніс Віктаравіч Сасноўскі працуе разам з жонкай і спецыя­лізуецца на настольным тэнісе і валейболе. Акрамя педагагічнай дзейнасці, выкладчык не забывае аб уласным фізічным развіцці: гуляе ў аматарскай лізе па футболе. А летась, выступаючы за каманду педагогаў Слуцкага раёна, Дзяніс Віктаравіч стаў чэмпіёнам Мінскай вобласці па валейболе.

— Многія пытаюцца, ці не ўзнікае паміж намі рознагалоссяў на тэму таго, як выбудоў­ваць сістэму работы. Наадварот, мы ідэальна дапаўняем адно аднаго ў адукацыйным працэсе за кошт правільнага размеркавання сфер дзейнасці. Напрыклад, я разам з Леанідам Аляксеевічам больш займаюся падрыхтоўкай да спартакіяды, а алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі  — ніва Алены, — заўважыў Дзяніс Віктаравіч.

Не абавязкова дасягаць вяршынь ва ўсіх відах спорту. Можна засяродзіцца на адной дысцыпліне ці нават на асобным практыкаванні, якое атрымліваецца ў падапечнага.

Другі год запар нашы навучэнцы ўдзельнічаюць у праекце “Лепшы спартыўны клас”. У мінулым годзе яны сталі чэмпіёнамі вобласці, а ў гэтым пастараюцца паўтарыць поспех. Галоўнае, што наладжана сістэмная работа, калі старэйшыя дзеці падаюць прыклад і падцягваюць малодшае пакаленне. Нядаўна пяцёра нашых падапечных прайшлі ў другі тур міжнароднай алімпіяды Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, выйграўшы канкурэнцыю ў трохсот удзельнікаў. Таксама рэгулярна праводзіцца дыстанцыйная алімпіяда для педагагічных работнікаў. Мы ўдзельнічалі ў ёй у 2019 і 2022 гадах. Атрымалася, што са Слуцкага раёна ў нас тры дыпломы — у мяне, у жонкі і ў Леаніда Аляксеевіча. Увогуле, усёй сям’ёй працуем зладжана і вынікова, стараемся ахапіць як мага больш спаборніцтваў.

Дачка падрастае. Пытаецца, кім ёй быць. Наконт працягу дынастыі пакуль не загадваем, але ў алімпіядзе будзе ўдзельнічаць адназначна.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.