Днямі ў рамках Тыдня маладога спецыяліста ў Жодзіне прайшоў педагагічны конкурс “Запалі сваю зорку”, падчас якога аддзел адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама і Жодзінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі правялі анлайн-галасаванне на лепшага маладога педагога горада. У гэтым конкурсе вучнёўскіх сімпатый перамагла сямейная пара маладых настаўнікаў з сярэдняй школы № 6 Жодзіна Таццяна Васільеўна і Яўген Міхайлавіч Юрыц.
Можна сказаць, што гэтую пару звязала менавіта педагогіка. Студэнткай Таццяна працавала ў дзіцячым аздараўленчым летніку імя Гагарына. Яўген прыехаў туды ў якасці трэнера, каб набрацца вопыту ў рабоце з дзецьмі (у школе выкладаў фізічную культуру ў старшых класах і адчуваў, што педагагічнага вопыту работы з малодшымі вучнямі не хапае). Як жартуюць у сям’і настаўнікаў, з чарговай змены малады чалавек прывёз не толькі неабходны вопыт, але і жонку.
Яўген Міхайлавіч, які працуе ў жодзінскай школе № 6 настаўнікам фізічнай культуры і трэнерам па валейболе, мае за плячыма 5 гадоў педагагічнага стажу. Таццяна Васільеўна размеркавалася ў гэтую ж школу пасля ўніверсітэта, другі год выкладае школьнікам фізіку і інфарматыку. За такі невялікі прамежак часу яны змаглі заваяваць сэрцы сваіх вучняў настолькі, што падчас галасавання за лепшага маладога педагога школьнікі не толькі роднай навучальнай установы, але і горада падтрымалі іх сваімі галасамі і хваляваліся за вынік куды больш за сваіх настаўнікаў.
“Вучні вельмі перажывалі, уважліва сачылі за рэйтынгамі. Калі для нас галасаванне было проста нейкім бонусам, часткай асноўнага конкурсу “Запалі сваю зорку”, то для дзяцей — галоўнай тэмай тыдня. Іх шчырае імкненне паказаць, наколькі мы ім дарагія, падбадзёрванне вельмі падтрымалі не толькі падчас конкурсу, але і зараз адкрываюць другое дыханне і жаданне працаваць, здзіўляць і радаваць сваіх вучняў. Мы з мужам разумеем, што калі такая дзіцячая падтрымка ёсць, значыць, мы як педагогі знаходзімся на правільным шляху”, — дзеліцца адчуваннямі Таццяна Васільеўна.
У роднай школе іх успрымаюць як педагагічную пару. Нават урокі яны вядуць у адных і тых жа класах — 8-х, 9-х і 11-х. А ў 7 класе, дзе Таццяна Васільеўна з’яўляцца класным кіраўніком, Яўген Міхайлавіч вядзе трэніроўкі па валейболе. Такая работа ў тандэме дае добрыя вынікі. “У падлеткавы перыяд дзеці супрацьстаяць часам не толькі свайму настаўніку, але і ўсяму свету, таму непрыемныя сітуацыі на ўроках, зразумела, бываюць. У нас з мужам ёсць пункцік: не сячы з-за пляча ў такіх сітуацыях. Збіраемся вечарам дома, абмяркоўваем, прыходзім да агульнага рашэння. Да аднаго і таго ж дзіцяці знаходзім розныя падыходы, але глядзім на сітуацыю аднолькава. Калі гэта адзінкавы выпадак, можам пагаварыць і падтрымаць дзіця, калі адбываецца сістэматычна, пачынаем адносіцца да яго на сваіх уроках больш строга. Не караем, але пачынаем патрабаваць на адным узроўні з іншымі, без паблажлівасці. Часам нас з мужам успрымаюць як загаворшчыкаў, але інакш нельга, у такіх сітуацыях павінна быць сістэма”, — пераканана настаўніца. — Пакідаць рабочыя моманты на рабоце і не пераносіць іх абмеркаванне дамоў не атрымліваецца. Таму работу складана адпусціць, нават знаходзячыся дома. Мы з мужам прыйшлі да высновы, што педагог — не прафесія, а стыль жыцця”.
Таццяна і Яўген перакананы, што калі ў сям’і абое педагогі — гэта толькі на карысць. Побач чалавек, які заўсёды разумее цябе не проста на эмацыянальным, але і на прафесійным узроўні, перажывае твае паражэнні і радуецца тваім узнагародам як сваім. “У гэтым годзе я пачала выкладаць у выпускным класе. Шчыра прызнаюся, пачынаць з імі было вельмі цяжка, таму што вопыту работы з адзінаццацікласнікамі ў мяне яшчэ не было. Здавалася, што не будуць успрымаць як настаўніка, была паніка, страх”, — расказвае Таццяна Васільеўна. “Я падтрымліваў, мог як бы выпадкова зайсці ў кабінет з нейкім пытаннем, тым самым паказаць дзецям, што ў жонкі таксама ёсць падтрымка”, — далучаецца да размовы Яўген Міхайлавіч.
Свой настаўніцкі аўтарытэт і аўтарытэт класнага кіраўніка Таццяна зарабляла сама — крэатывам, стараннасцю, жаданнем зрабіць умовы для навучання дзяцей максімальна спрыяльнымі. “Зараз, калі я з’яўляюся яшчэ і класным кіраўніком аднаго з 7-х класаў, адчуваю асаблівую адказнасць за дзяцей. Мне вельмі пашанцавала, што ў класнае кіраўніцтва дасталіся такія ж дзеці, як я сама: жвавыя, гарэзлівыя, жывыя, актыўныя. І бацькі такія ж: прыемныя, простыя ў зносінах, яны разумеюць, што галоўная наша з імі мэта — дзеці. Стараюся не выступаць перад імі як настаўнік, не павучаю, а па-сяброўску прапаноўваю ім пашукаць разам вырашэнне той ці іншай праблемы”.
Для кожнага вучнёўскага ўзросту ў яе склаўся свой падыход. У старшых класах яна хутчэй старэйшы сябар — падштурхнуць, дапамагчы, растлумачыць, прымусіць паверыць у сябе, сфарміраваць сітуацыю поспеху, калі вучні адчуваюць, што яны самі справіліся, — менавіта гэтую ролю лічыць пераважнай. Да малодшых дзяцей зусім іншы падыход — крэатыў, праблемныя пытанні, трэніроўка лагічнага мыслення. Усё, што вывучаецца ў тэорыі, на ўроках Таццяны Васільеўны вучні абавязкова правераць і на практыцы. “Я стараюся да кожнага дзіцяці знайсці падыход, каб усе былі занятыя. Напрыклад, нядаўна прапанавала вучням незвычайную для іх работу: на апошнім тыдні яны пакажуць мініяцюры, звязаныя з тым ці іншым фізічным раздзелам, які вывучылі ў гэтым навучальным годзе”, — паведаміла настаўніца.
Шчырыя і ўважлівыя адносіны да дзяцей прыносяць прафесійныя перамогі: летась на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергія і асяроддзе пражывання” вучань Таццяны Васільеўны Данііл Стаін атрымаў дыплом III ступені, а на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў Ульяна Каралёнак і Ганна Намітава занялі 2-е месца.
Яўген Міхайлавіч стаў сёлета лаўрэатам гарадскога этапу конкурсу “Настаўнік года”. “Колькі сябе помню — займаўся барацьбой. Скончыў БДУФК па спецыяльнасці “Трэнер самба”, а працаваць давялося ў школе. Сутыкнуўся з тым, што вопыту катастрафічна не хапала. Настаўнік фізкультуры павінен умець усё! — гаворыць малады настаўнік. — Дапамагалі калегі нашай школы і іншых школ горада, звяртаўся да тых настаўнікаў, у якіх вучыўся калісьці сам. За пяць гадоў назапасіў добры настаўніцкі і трэнерскі вопыт, таму зараз стараюся ўсімі сіламі дапамагаць маладым спецыялістам, якія прыходзяць працаваць у нашу навучальную ўстанову. Увесь педагагічны працэс пабудаваў на асабістым прыкладзе. Ніколі не стаю ўбаку, пакуль вучні займаюцца. Гэта дапамагае не прымушаць займацца спортам, а зацікавіць ім дзяцей. Сярод маіх выпускнікоў ёсць тыя, хто зараз уваходзіць у спартыўныя зборныя Беларусі”.
Усе тыя праблемныя моманты, якія для маладога спецыяліста на першым месцы работы здаюцца невырашальнымі, Таццяна Васільеўна, дзякуючы падтрымцы сваіх калег, пераадолела лёгка: “Для мяне было сапраўдным адкрыццём, што ў школе шмат вопытных педагогаў, якія ніколі не лічылі ніжэй свайго статусу даць маладому, “зялёнаму” яшчэ настаўніку, параду. Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Алена Васільеўна Долгая, настаўнік фізікі Васіль Міхайлавіч Буйвідовіч, настаўніца англійскай мовы Святлана Іванаўна Каляда, намеснікі дырэктара — усіх і не пералічыць — дзеляцца сваімі напрацоўкамі, каб было прасцей увайсці ў прафесію, падказваюць, запрашаюць на свае адкрытыя мерапрыемствы. Дырэктар Сяргей Міхайлавіч Жылко нездарма называе школу нашым другім домам. Напэўна, маладыя спецыялісты, якія прыходзяць сюды працаваць, як ніхто адчуваюць дамашнюю атмасферу нашай навучальнай установы”.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва сям’і ЮРЫЦ.