Сюрпрыз для матулі

- 15:55Рознае, Сацыяльны ракурс
“А я ведаю, як мы будзем віншаваць маму з 8 Сакавіка, — кажа сямігадовы Максім, які да гэтага ціхенька маляваў, пакуль дарослыя размаўлялі. — Прачнёмся рана-рана і пойдзем да яе чытаць вершы. Хутка Сеня скажа, каму што вучыць”. “З раніцы, канечне, я на рабоце буду, таму дзеці свята пачнуць, я ўжо ўвечары далучуся”, — дадае Віталь Віктаравіч, які сядзіць побач з хлопчыкам. “Так, мне муж кожнае свята сюрпрыз рыхтуе. Летась, напрыклад, у Мінск паехалі ў боўлінг, дзе нас чакалі сябры”, — дадае жанчына, якая сядзіць насупраць мяне і якую Максімка называе маці. Дарослыя і хлопчык толькі што вярнуліся з Дзіцячага кардыяхірургічнага цэнтра, што ў Мінску.
Усё пачалося з Максіма

Гаворка ідзе пра дзіцячы дом сямейнага тыпу з пасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна. У Марыны Аляксандраўны і Віталя Віктаравіча Гарнастай тры родныя сыны — Мікіта (ён студэнт БАТУ і да таго ж працуе ў тутэйшай СВК), пятнаццацігадовы Яўген і дванаццацігадовы Арсеній (той самы Сеня, які дапамагае малым падрыхтавацца, каб павіншаваць маці) — і яшчэ восем дзяцей, якіх яны выхоўваюць. Максім — адзін з гэтых малых. Ён з’явіўся ў сям’і яшчэ трохгадовым хлопчыкам, і якраз тады Марына Аляксандраўна атрымала статус прыёмнай маці.
“Мы ўбачылі хлопчыка на сацыяльным канцэрце, прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей, куды нас запрасілі як мнагадзетную сям’ю, — узгадвае Марына Аляксандраўна. — Максім тады знаходзіўся ў сацыяльным прытулку ў Мінску. Мы ведалі, што хлопчык хварэе, не разумелі, праўда, наколькі значныя гэтыя праблемы. Я доўга не адважвалася сказаць мужу пра тое, што хачу ўзяць малога, але ён успрыняў усё як трэба. А Максім, калі прывезлі яго да нас на выхадныя, многаму здзіўляўся. Падводзіў да пліты і пытаўся: “А што гэта такое?” Потым цягнуў у агарод глядзець, як морква расце, якія там сланечнікі квітнеюць. Ён настолькі адаптаваўся да нас за гэтыя візіты, што, калі забіралі яго ў прыёмную сям’ю, мы ўжо і ўявіць не маглі, як можа быць інакш”.
Магчыма, хтосьці з вас, паважаныя чытачы, чуў пра гэтага хлопчыка ці бачыў яго па тэлевізары, бо сёлета малому рабілі няпростую аперацыю (грошы на яе збіралі праз спецыяльны фонд), з Масквы прыязджаў спецыяліст. Пра падзею шмат гаварылі, і Максімка на нейкі час стаў у пэўным сэнсе тэлевізійнай зоркай, бо здымалі яго амаль усе беларускія каналы. Да гэтага была спроба зрабіць аперацыю ў Вільнюсе, але не атрымалася, атрымалася ў Мінску. “Спачатку, як узялі Максіма, было страшна, — шчыра кажа Марына Аляксандраўна, — але ў Дзіцячым кардыяхірургічным цэнтры мне ўсё не толькі дакладна расказалі, але нават намалявалі вялікае сэрца, растлумачылі, як і што ў ім адбываецца, як гэта можна выправіць, як самой дапамагаць хлопчыку, калі ў яго здараюцца прыступы”. Не хавае жанчына і таго, што першы час, калі ёй даводзілася вельмі часта ляжаць з Максімам у бальніцы, перажывалі яе родныя дзеці, бо мама падоўгу не была дома. Як расказвае Марына Аляксандраўна, яна таксама нейкі час даволі сур’ёзна хварэла, але дзеля Максіма “адкінула сваю хваробу”, якая, можна сказаць, адступіла дзякуючы хлопчыку. “З Максіма пачалося ўсё”, — дадае мая суразмоўніца.

Работа і не толькі

Так, паступова, наколькі гэта магчыма ў такой сітуацыі, усё наладзілася, Максім усё радзей трапляў у бальніцу. “Наша ўрач з раённай бальніцы нават сказала неяк, што не чакала такога: мы даволі хутка дабіліся таго, што на працягу года ў бальніцу з Максімам трапілі ўсяго раз”, — узгадвае Марына Аляксандраўна. А прыёмная сям’я тым часам павялічылася: Марына Аляксандраўна і Віталь Віктаравіч узялі яшчэ дваіх дзяцей. Што да дзіцячага дома сямейнага тыпу Гарнастай, то яго гісторыя пачалася ў кастрычніку 2012 года. Зараз Максім у ім самы малодшы выхаванец, ёсць яшчэ брат і сястра Рустам і Паліна, Мікіта, Іван і Люда (яны таксама брат і сястра), Вераніка і Даша.
“Дзеці розныя, і сітуацыя ў кожнага свая, да кожнага неабходны асаблівы падыход, — расказвае мама-выхавальніца дзіцячага дома, які яна сама пераважна называе сям’ёй. — Здаецца, у мяне вялікі бацькоўскі вопыт, свае тры сыны, старэйшаму ўжо 22, але майго вопыту не заўсёды хапала, да кожнага з дзяцей шукала свой шлях”. Так, Паліна вельмі добра вучыцца, гледзячы на Арсенія, занялася музыкай, зацікавіліся ёй і Рустам з Мікітам, а таксама Даша і Вераніка. Вяснушкаваты Мікіта, між іншым, калісьці быў галаўным болем для Марыны Аляксандраўны і Віталя Віктаравіча. Ён з тых хлапчукоў, на якіх, як кажуць, “шкура гарыць”, вакол іх усё круціцца, падае, разбіваецца. Але паступова хлопец выправіўся, многаму навучыўся, у тым ліку таму, як сябе паводзіць. Да яго нярэдка прыязджаюць бабуля і сястра, дык, па словах Марыны Аляксандраўны, бабуля ўсё пытаецца, як удалося дасягнуць такіх поспехаў у яго выхаванні і навучанні. “Людзі здзіўляюцца, бывае, што мы настолькі мякка паводзім сябе з дзецьмі, а я лічу, што гэта адзіны магчымы метад выхавання, — кажа Марына Аляксандраўна. — Самыя строгія метады пакарання для дзяцей у нас з мужам — забарона на нейкі час карыстацца камп’ютарам або глядзець тэлевізар, пазбаўляем цукерак. Або скажам, што не возьмем на рыбалку”.
Рыбная лоўля, дарэчы, — адно з сямейных захапленняў. Тата яшчэ любіць хакей, іншыя віды спорту і дзяцей да іх далучае. Часта Гарнастаі і іх падапечныя выязджаюць у лес. “Мы аўтамабіль купілі ў крэдыт яшчэ да таго, як у нас з’явілася столькі дзяцей, — расказваюць яны. — Здаецца, такая вялікая машына — на сем месцаў, але цяпер не хапае”. А куплялі яе і дзеля таго, каб выязджаць на прыроду, на шашлыкі, збіраць грыбы і ягады, бо гэта таксама адно з вялікіх сямейных захапленняў. І Максіму неабходна як мага часцей бываць на свежым паветры, чаму хобі Гарнастаяў толькі спрыяюць.
А Марына Аляксандраўна працягвае расказваць пра сваіх падапечных. Вось Люда і Ваня. Яны так цесна звязаны адно з адным, што ім цяжка развітацца нават на кароткі час, вельмі сумуюць. Люда, дарэчы, таксама мае інваліднасць, тры разы на тыдзень займаецца ў мясцовым Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Клопатаў, як вы разумееце, хапае. І Марына Аляксандраўна кажа шчыра, што здараліся ў яе жыцці моманты, калі здавалася, сіл больш не хопіць. “Здавалася, што ніхто мяне не чуе, не разумее, — прызнаецца яна. — Ды і фізічная стомленасць падступала”. Але пры гэтым мая суразмоўніца расказвае, што, калі прыходзіць у сацыяльны прытулак, ёй становіцца сорамна. Бо дапамагчы хочацца ўсім, а адзін дзіцячы дом зрабіць гэта не здольны. І яшчэ Марына Аляксандраўна кажа, што лічыць гэтую форму ўладкавання дзяцей перспектыўнай, бо ў такім дзіцячым доме ствараецца сямейная атмасфера.
“Гэта, канечне, мая работа, я ўсё разумею. У нас вось Рустама збіраюцца ўсынавіць, і гэта добра. Хаця пакуль ён сам пагаджаецца толькі на тое, каб пайсці ў тую сям’ю часова, не хоча ехаць ад нас надоўга. Мне і цяжка ў гэтай сітуацыі і радасна адначасова, бо для хлопчыка гэта лепш, — заўважае жанчына. — У адносінах да другога дзіцяці мама збіраецца аднавіць бацькоўскія правы, таксама добра, бо няма нікога больш роднага, чым маці. Але я не магу сказаць дзецям, што наша з імі жыццё — гэта толькі мая работа. Яны мяне называюць хто як сам хоча: хто мамай, хто Марынай Аляксандраўнай”.

Свой настрой ствараем самі

Тое, што лепшы прыклад для любога дзіцяці — яго бацькі, вядомая ісціна. Калі ж паводзіны бацькоў асацыяльныя, цяжка чакаць чагосьці добрага. Таму, упэўнена, адносіны паміж бацькамі ў прыёмнай сям’і або паміж мужам і жонкай у дзіцячым доме сямейнага тыпу, як у выпадку сям’і Гарнастай, надзвычай важныя, бо добрыя адносіны паміж бацькамі могуць стаць для дзяцей станоўчым прыкладам для стварэння ў будучыні ўласных сем’яў. Не трэба шмат часу, каб заўважыць, што ў гэтай сям’і муж і жонка вельмі трапятліва ставяцца адно да аднаго. І на сямейных фотаздымках Марына Аляксандраўна і Віталь Віктаравіч амаль заўсёды побач. Вось яшчэ некалькі штрыхоў да сямейнага партрэта: садзіцца за вялікі стол тут любяць разам; Максім, пакуль дарослыя размаўлялі, намаляваў перш за ўсё дом, у якім жыве, і дрэвы вакол яго. Як сцвярджае сама Марына Аляксандраўна, у іх дзіцячым доме зараз склалася атмасфера даверу і паміж выхаванцамі, і паміж дарослымі і дзецьмі, свой асаблівы мікраклімат. Адчуванне даверу — вельмі важны складнік такога выхавання. Бо дзе яшчэ яго адчуць дзецям, якія засталіся без родных бацькоў?
А 8 Сакавіка ў гэтым доме, без сумненняў, будзе панаваць святочная атмасфера. Яе абяцаў тата, які не стаў раскрываць, чым збіраецца парадаваць жонку ў гэты дзень, але заўважыў, “што на свята ў нас будзе святочны настрой”. Магчыма, як гэта было ўжо не раз, стварыць яго дапамогуць сябры сям’і Гарнастай. Аднойчы, напрыклад, святкавалі так: кожны мужчына гаварыў сваёй жонцы самыя добрыя словы, расказваў пра тое, за што ён яе любіць. “Я спачатку вырашыла, што гэта неяк зусім па-дзіцячаму, але потым пераканалася, што такія словы вельмі важныя. І для дзяцей таксама, яны ж бачаць, якія адносіны паміж намі”,— прызнаецца Марына Аляксандраўна.
“Сябры, сярод іх ёсць і мнагадзетныя сем’і, і прыёмныя, і звычайныя, нас заўсёды падтрымліваюць, — у адзін голас гавораць муж і жонка. — Прычым яны не толькі з намі сябруюць, яны любяць нашых дзяцей. А ёсць у нас, напрыклад, бабуля-суседка, якая казляня нядаўна прывяла, гаспадарка ж у нас не маленькая: і свінні ёсць, і козы, і сабака, нядаўна нават рыбак і папугая завялі. Дык вось бабуля, пра якую мы ўзгадалі, да нас вельмі добра ставіцца, яна сама вырасціла шасцёра дзяцей, кажа, што нават у царкве нас бласлаўляе”.
Але ёсць і іншае стаўленне да Гарнастаяў, як, верагодна, амаль да любой сям’і, якая выхоўвае няродных дзяцей. Бывае, што ім зайздросцяць, маўляў, такія грошы атрымліваюць, лічаць, што вялікі дом, пабудаваны па спецыяльнай праграме, — уласнасць сям’і. Праўда, аднойчы Марына Аляксандраўна не вытрымала, паказала чалавеку, што пазайздросціў яе заробкам, разліковы лісток. Сказаць, што таго здзівіла пазначаная там лічба, значыць не сказаць нічога. Першая зарплата, як узгадвае жанчына, была ў яе менш за два мільёны, муж аформлены на палову стаўкі, працуе яшчэ ў аэрапорце. А я вось, напрыклад, упэўнена, што і значна большыя грошы нямногіх заахвоцяць да такой работы, бо для яе патрэбны і асаблівы характар, і пэўныя схільнасці, і вялікія сілы, як маральныя, так і фізічныя. Хочацца пажадаць маёй сённяшняй гераіні менавіта гэтага: сіл, святочнага настрою, падтрымкі тых, хто знаходзіцца побач.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.