Таіса Данілевіч: ключавая роля ў развіцці належыць удумлівым кіраўнікам, адкрытым да нестандартных падыходаў

- 14:25Образование: взгляд через эпохи

Мінская вобласць заўсёды адрознівалася адметным падыходам у сістэме адукацыі і выхавання. Спалучэнне традыцый і навацый, ініцыятыўнасць і амбіцыйнасць маладых настаўнікаў у адзінстве з вопытам старэйшых педагогаў дазволілі вобласці быць лідарам, часам апярэджваючы іншых на некалькі крокаў.

Пра развіццё сістэмы адукацыі Міншчыны карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала заслужаны работнік адукацыі начальнік упраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама з 2002 па 2012 год Таіса Іванаўна Данілевіч.

Бачыць у вучнях асобу

Таіса Іванаўна Данілевіч — выдатнік адукацыі, адзіны ў краіне начальнік упраўлення па адукацыі, удас­тоены ганаровага звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. У 2012—2016 гадах — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Мае дзве падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, грамату Савета Міністраў.

— Таіса Іванаўна, вы прайшлі шлях ад настаўніка да дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Як фарміраваліся вашы прафесійныя ўстаноўкі, светапогляд?

— Ролю настаўніка ў жыцці кожнага з нас цяжка пераацаніць. У Нагародавіцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна, дзе вучылася, мяне акружалі выдатныя педагогі. Менавіта яны разгледзелі мае лідарскія якасці і дапамаглі ім развіцца. Тады я зразумела, што няма нічога больш важнага, чым вучыць дзяцей, бачыць у кожным з іх асобу і верыць у іх.

Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага я прыйшла працаваць у Чаланецкую пачатковую школу Салігорскага раёна. Побач са мной былі вопытныя настаўнікі, у якіх я навучылася быць сабой і адчуваць удзячнасць за дапамогу, зносіны і давер.

Мне заўсёды было важна зразумець і дзіця, і дарослага, своечасова заўважыць поспехі тых, хто побач, і падтрымаць іх.

Мой вопыт як кіраўніка фарміраваўся ў сярэдняй школе № 1 Салігорска, дзе я была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Дырэктар установы Надзея Іванаўна Балацевіч — мой першы настаўнік на гэтай ніве і настаўнік на ўсё жыццё. Набыты вопыт стаў трывалым падмуркам для работы на пасадах загадчыка аддзела арганізацыйна-кадравай работы, загадчыка аддзела адукацыі Салігорскага гарвыканкама. Найвялікшай адказнасцю для мяне стала выбранне старшынёй Салігорскага гарадскога Савета дэпутатаў (два скліканні) і прызначэнне начальнікам упраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама. Мне пашчасціла праца­ваць з такімі міністрамі, як Пётр Брыгадзін, Аляксандр Радзькоў, Сяргей Маскевіч. Сур’ёзны ўплыў на маё станаўленне як кі­раўніка аказалі віцэ-прэм’ер урада Анатоль Тозік і, вядома ж, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які для мяне заўсёды быў і застаецца прыкладам кіраўніцкай волі, любові да краіны і людзей.

— Вы кіравалі абласной сістэмай адукацыі амаль 11 гадоў. Якія найбольш важныя дасягненні ў адукацыі можаце адзначыць і чым ганарыцеся?

— Не буду хаваць, я ганаруся вынікамі работы абласной сістэмы адукацыі, якія маюць важнае значэнне для яе далейшага развіцця. У сярэдзіне 1990-х і пачатку 2000-х гадоў фарміравалася нацыянальная сістэма адукацыі, перад якой кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг важных задач. У першую чаргу было неабходна стварыць умовы для паўнавартаснага развіцця адораных і таленавітых дзяцей, у тым ліку сельскіх. Дзякуючы губернатару Мікалаю Фёдаравічу Дамашкевічу, на базе двух прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, якія знаходзіліся ў Мінску, быў адкрыты абласны ліцэй для адораных дзяцей з сельскай мясцовасці. У вобласці была створана эфектыўная сістэма работы з адоранымі сельскімі дзецьмі, якая ўлічвала магчымасці ўстаноў адукацыі рознага ўзроўню.

Выхаванне грамадзяніна і патрыёта заўсёды было ў прыярытэце. Мы адкрылі абласное кадэцкае вучылішча, дзе сёння паспяхова рыхтуюць кадры для сілавых структур, выхоўваюць патрыётаў. У вобласці актыўна рэалізоўваліся маштабныя і перспектыўныя праекты. Міністр адукацыі А.М.Радзькоў называў нас піянерамі ва ўсіх грандыёзных пачынаннях. Абласныя бацькоўскія сходы ўпершыню пачалі право­дзіцца ў нас на Міншчыне. Гэта былі між­раённыя сустрэчы з бацькамі, навучэнцамі, настаўнікамі ў фармаце адкрытага дыялогу. Мы адкрыта абмяркоўвалі самыя хвалюючыя пытанні і праблемы.

Міншчына стала першай у краіне, дзе актыўна пачала праводзіцца аптымізацыя навучальных устаноў. З 2003 года ў вобласці з’яўляліся ўстановы адукацыі новага тыпу, рэарганізоўваліся прафесійна-тэхнічныя ўстановы, ствараліся ўмовы для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў па розных прафесіях. Усё гэта адбывалася з улікам кадравых патрэб аграрнага сектара рэгіёна.

Нашы педагогі шмат увагі ўдзялялі арганізацыі працоўнага выхавання ва ўсіх установах адукацыі вобласці, асабліва з удзелам выхаванцаў школ-інтэрнатаў. Зыходзячы з таго, што ў сваёй рабоце важную ролю адводзілі пераемнасці, мы стваралі пры школах-інтэрнатах жывёлагадоўчыя і раслінаводчыя структуры, у якіх дзеці вучыліся працаваць. Дзякуючы такому падыходу, многія навучэнцы потым аддавалі перавагу аграрным прафесіям, знаходзілі сваё прызванне.

Па ініцыятыве старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры ў рэгіёне стартаваў перспектыўны праект па фарміраванні фінансавай дасведчанасці навучэнцаў. Тады сённяшні губернатар Аляксандр Турчын працаваў у аблвыканкаме старшынёй камітэта па эканоміцы, мы з ім амаль кожны дзень абмяркоўвалі механізмы пагружэння вучняў у рэальны бізнес.

Прыемна, што на Міншчыне рэалізуюцца маштабныя праекты, якія аб’ядноўваюць тысячы педагогаў, кіраўнікоў, навучэнцаў і іх бацькоў. Адны з самых удалых, на мой погляд, — дзіцячыя і мала­дзёжныя парламенты.

Што тычыцца нашай паспяховасці, то яна ў першую чаргу забяспечвалася адказнымі і кваліфікаванымі кадрамі, прыняццем нестандартных, эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў і падтрымкай з боку раённых і Мінскага абласнога выканкамаў, Міністэрства адукацыі.

— Шмат імён ужо прагучала. Каго яшчэ ўспамінаеце і за што ім удзячны?

Мне пашчасціла працаваць з такімі намеснікамі, як Мікалай Башко, Мікалай Кулеш, Людміла Малец, Галіна Казак, Алег Семянчук. Гэта кіраўнікі з аналітычным мысленнем, якія ўмеюць бачыць перспектыву і прымаць на сябе адказнасць за вынік. Акрамя гэтага, істотны ўклад у наш агульны поспех унеслі многія кіраўнікі раённых адукацыйных сістэм. Так, аддзел адукацыі Дзяржынскага раёна пад кіраў­ніцтвам Вацлава Матусевіча быў прызнаны лепшым у краіне. Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа і Салігорскі дзяржаўны каледж забяспечвалі кадравую стабільнасць усёй сістэмы адукацыі вобласці, але перш за ўсё дашкольнай і пачатковай. Слуцкі дзяржаўны каледж стаў адной з наймацнейшых устаноў у краіне і нават сёння знахо­дзіцца на лідзіруючых пазіцыях.

Мы забяспечылі павышэнне якасці спецыяльнай адукацыі за кошт развіцця сістэмы інтэграванага навучання і выхавання, інавацыйных падыходаў, стварылі аптымальную сетку ўстаноў, якія рэалізуюць праграмы спецыяльнай адукацыі, падрыхтавалі прафесійныя педагагічныя кадры, здольныя задаволіць патрэбы ўсіх дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця: у цесным партнёрстве з упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама паспяхова рэалізоўваўся праект “Дзіцячая вёска “Вытокі”.

Дасягнуць вяршынь

— Ці часта даводзілася адстойваць інтарэсы Міншчыны на рэспубліканскім узроўні? Якіх пытанняў гэта ты­чылася? Ці лёгка вам было зайсці ў кабінет губернатара?

— Па пытанні рэарганізацыі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі ў ходзе напружаных дыскусій на рэспуб­ліканскім узроўні і дзякуючы падтрымцы старшыні аблвыканкама Мікалая Фёдаравіча Дамашкевіча нам удалося адстаяць свае пазіцыі. Губернатар лічыў, што па­стаяннае павышэнне прафесійнага ўзроўню педагога з’яўляецца вызначальнай умовай развіцця сістэмы абласной адукацыі. Мы падзялялі яго пункт гледжання і аказвалі ўсялякую падтрымку абласному ІРА ў падрыхтоўцы ўласных навуковых кадраў. Праблема вырашалася не за кошт выкладчыкаў УВА, а шляхам прыцягнення да адпаведнай работы метадыстаў з паспяховым настаўніцкім вопытам. У выніку больш за 10 метадыстаў і выкладчыкаў інстытута без адрыву ад практычнай дзейнасці атрымалі навуковую ступень і вучонае званне.

Я працавала з трыма губернатарамі Міншчыны, і ўсе яны лічылі пытанні адукацыі аднымі з найважнейшых. Кіраўнікі заўсёды былі адкрытыя для вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у нашай сферы. Дарэчы, гэтая ўстаноўка дзейнічала і на ўзроўні райвыканкамаў. Я не сумняваюся, што і сёння ўсё складваецца менавіта так.

А што да таго, ці лёгка было адчы­ніць дзверы ў кабінет кіраўніка вобласці, то скажу, што сістэма адукацыі ва ўсе часы была ў прыярытэце ў кіраўніцтва абл­выканкама.

Сёння галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама ўзначальвае Мікалай Мікалае­віч Башко. Гэта кампетэнтны, інтэлігентны, вопытны і разумны чалавек. Пад яго кіраўніцтвам вобласць дасягнула вяршынь і працягвае займаць лі­дзіруючыя пазіцыі ў шматлікіх кірунках. Я ўпэўнена, што дзякуючы Мікалаю Башко і яго намеснікам так будзе і далей.

— Паспяховасць сістэмы адукацыі вызначаюць кадры. Раскажыце пра свой вопыт работы з педагогамі.

Мне заўсёды было важна чуць нашых настаўнікаў. Цікава і пазнавальна было абмяркоўваць з імі новыя ідэі. Мы адсочвалі найноўшыя тэндэнцыі і ў грамадскім развіцці, і ў прафесійным асяроддзі, удзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных семінарах, абмяркоўвалі перадавыя педагагічныя напрацоўкі, вылучалі тое, што можна адаптаваць у нашых установах.

Пастаянная ўвага выканаўчай улады да адукацыі, павага да ветэранаў педагагічнай працы і клопат пра іх, настаўніцтва і ўсебаковая падтрымка моладзі, дастойнае прызнанне і заахвочванне вынікаў нас­таўніцкай работы, саюз сям’і і школы, сацыяльнае партнёрства — усё гэта нязменныя складнікі паспяховасці сістэмы, якая і сёння дынамічна развіваецца. Асабліва радуе маштабнае будаўніцтва сучасных дзіцячых садоў, цэнтраў, школ, узвядзенне арэнднага жылля для педагогаў. Уражвае матэрыяльна-тэхнічная аснашча­насць устаноў. У вобласці створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі. Шчырая і цвёрдая грамадзянская пазіцыя, добрасумленная праца нашых педагогаў, згуртаванасць і адзінства з бацькамі ў поглядах на выхаванне дзяцей, уменне цаніць тое, што зроблена кіраўніком дзяржавы для людзей і краіны, шмат у чым вызначылі далейшае развіццё Міншчыны.

Праверана часам

— Ваша жыццё — гэта пастаяннае ўзаемадзеянне з людзьмі. Якія якасці цэніце ў настаўніках і кіраў­ніках?

— Лічу, што самае галоўнае для нас­таўніка — гэта любіць і разумець дзяцей, умела спалучаць патрабавальнасць і дабрыню. Для добрага педагога не бывае дрэнных дзяцей, а значыць, і дрэнных лю­дзей. Усё залежыць ад умення ўзаема­дзейнічаць з навакольнымі, будаваць зносіны ў калектыве. Цаню ў настаўніках гатоўнасць да пастаяннага самаразвіцця, прафесіяналізм, адданасць сваёй справе.

За доўгія гады работы я прыйшла да высновы, што ў развіцці сістэмы ключавая роля належыць удумлівым кіраўнікам, якія адкрыты да нестандартных падыходаў у вырашэнні кіраўніцкіх пытанняў.

Цаню па-сапраўднаму творчых кіраўнікоў, якія хутка разумеюць сутнасць новых ідэй, якія бачаць іх перспектыў­насць у кантэксце дзяржаўных задач і ўме­юць накіраваць на іх рэалізацыю намаганні ўсяго калектыву. Кіраўніку неабходна мець дзяржаўнае мысленне. Як гаворыць Прэзідэнт, кожны кіраўнік павінен быць перакананым дзяржаўнікам у самым леп­шым сэнсе гэтага слова. Для мяне асаб­лівую каштоўнасць мае тое, што праверана часам. Прымаючы ўдзел у розных мерапрыемствах, напрыклад, у дзіцячым садзе № 3, у сярэдніх школах № 2 і № 3 Бараўлян, часта размаўляю з дзецьмі і кожны раз пераконваюся, што яны выхоўваюцца на стваральным вопыце старэйшых пакаленняў, на павазе да дзяржаўных сімвалаў і любові да Радзімы. Сённяшнія школьнікі ўмеюць і хочуць працаваць, праяўляць свае таленты і здольнасці на карысць краіны. Гэта на справе пацвярджае ісціну: выхаваць патрыёта можа толькі той, хто сам з’яўляецца сапраўдным патрыётам.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА