Такі прыцягальны STEM

- 11:42Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У Оршы адбыўся фінал адкрытага конкурсу праектаў для педагагічных работнікаў. 

Прапанова падзяліцца вопытам і атрымаць дасведчаную экспертную ацэнку сваіх лепшых напрацовак па ўкараненні STEM-падыходу ў адукацыйны працэс для развіцця ў навучэнцаў цікавасці да навукова-тэхнічнай, даследчай і інавацыйнай дзейнасці знайшла водгук у педагогаў з розных рэгіёнаў нашай краіны. Арганізатарамі конкурсу выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама сумесна з адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій, Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама. На папярэднім этапе былі зарэгістраваны 322 конкурсныя работы, 21 з іх па рашэнні журы прайшла ў фінал, дзе сустрэліся прадстаўнікі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і Мінска. 

Аляксандр Кандратовіч, начальнік цэнтра педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі ВАІРА: “Конкурс стаў яскравым пацвярджэннем таго, што ў Беларусі дынамічна і сістэмна развіваецца STEM-адукацыя. Прычым пабудаваная не выключна на робататэхніцы, а менавіта на класічным падыходзе. Парадавала, што сапраўдныя педагагічныя зоркі ёсць не толькі ў буйных гарадах, але і ў невялікіх райцэнтрах, сельскіх школах. Вопыт партнёрства з Паркам высокіх тэхналогій у нас багаты і дае добры плён. Безумоўна, мы абавязкова працягнем супрацоўніцтва ў STEM-напрамку”.  

Сапраўдныя педагагічныя зоркі ёсць не толькі ў буйных гарадах, але і ў невялікіх райцэнтрах, сельскіх школах.

Лідары конкурсу вызначыліся па выніках пуб­лічнай абароны праектаў. У намінацыі “Дашкольнік у свеце STEM” лепшым прызнаны праект “Водаправод пабудуем самі”, падрыхтаваны выхавальнікамі ясляў-сада  № 111 Віцебска Ірынай Лук’яненка і Ірынай Мядзведзевай (на здымку). Як паведаміла кіраўнік гэтай установы адукацыі Святлана Мяснікова, абе­дзве канкурсанткі ў калектыве — у ліку лепшых педагогаў: таленавітыя, ініцыятыўныя, выдатна працуюць з дзецьмі і іх бацькамі, пастаянна шукаюць штосьці новае ў рабоце і прымяняюць здабыткі на практыцы. Ірына Мядзве­дзева ў прафесіі больш за 10 гадоў, зараз рыхтуецца атэставацца на вышэйшую катэгорыю. Выхавальніца многа і вынікова працуе ў напрамку экалагічнай адукацыі, што знайшло адлюстраванне ў праекце. Ідэя незвычайнага водаправода належыць Ірыне Лук’яненка. Дарэчы, у гэтай удзель­ніцы конкурсу нетыповае прафесійнае партфоліа. Памочнік выхавальніка ў 38 гадоў вырашыла на­быць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Педагогіка дзяцінства”: сёння яна выхавальніца і студэнтка 4 курса ВДУ імя П.М.Машэрава. Чалавек мэтанакіраваны і творчы, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, Ірына Віктараўна пастаянна развіваецца ў педагагічнай дзейнасці. У скарбонцы яе дасягненняў — перамога на раённым прафесійным конкурсе сярод маладых спецыялістаў, шэраг паспяхова рэалізаваных праектаў. 

— Нельга не парадавацца за такія кадры, — адзначыла Святлана Мяснікова. — Непасрэдна над водаправодам у мініяцюры мы пачалі працаваць задоўга да конкурсу. У снежні мінулага года многа абмяркоўвалі разам, што б яшчэ незвычайнае, цікавае і карыснае зрабіць для дзяцей, за якія новыя тэмы ўзяцца. Варыянтаў прагучала мноства ў самых розных сферах — ад звязаных з космасам да біялогіі і што­дзённага побыту. Вось у Ірыны Лук’яненка і ўзнікла ідэя пабудаваць водаправод. Ідэя хутка знайшла практычнае ўвасабленне: педагогі прыдумалі самаробны канструктар са звычайных поліпрапіленавых труб, нарэзалі іх, сабралі з дапамогай сантэхнічных дэталей, размалявалі. Распрацавалі 16 розных гульняў на развіццё логікі і алгарытмікі. Мець справу з рэальным водаправодам, складваць трубы, запус­каць па іх ваду дзецям вельмі спадабалася. Калі коратка ахарактарыза­ваць агульную рэакцыю — быў сапраўдны выбух эмоцый. З першага разу не ўсё атрымалася гладка, бо вада ў некаторых месцах пачала падцякаць. Гэта выклікала яшчэ большую зацікаўленасць у выхаванцаў і паставіла перад імі праблемную задачу: што рабіць? Дзеці ра­зам з выхавальнікамі падкручвалі трубы, ставілі іх больш шчыльна — рамантавалі свой водаправод. Паставілі сістэмы фільтрацыі з ватных дыскаў, запусцілі і атрымалі чыстую ваду. Зразумела, мы скарысталіся нагодай і пагутарылі з выхаванцамі аб беражлівых адносінах да вады, іншых прыродных рэсурсаў. На момант, калі вырашылі ўдзельнічаць у конкурсе, падрыхтоўчая работа была праведзена, бо хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо не проста былі знаёмыя з водаправодам, а актыўна з ім гулялі. Нам захацелася паказаць выніковыя заняткі. Праект важны ў плане ранняй прафарыентацыі па інжынерных прафесіях. І, безумоўна, тыя эмоцыі, якія дзеці перажылі ў працэсе сумеснай работы, застануцца ў памяці і адгукнуцца ў будучыні.

У намінацыі “STEM-педагог” канкурсанты спаборнічалі ў трох узроставых групах. Пераможцамі сталі настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 12 Оршы Алеся Карняенка і Людміла Падаксёнава з праектам “Аб чыгунцы і бяспечных паводзінах” (1—4 класы), настаўніца матэматыкі Капцянскай базавай школы Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза Г.С.Грыгор’ева Ірына Зубрыцкая з праектам “Матэматычны кветнік” (5—6 класы), настаўніцы інфарматыкі Глыбоцкай раённай гімназіі Лідзія Раманчук і сярэдняй школы № 1 Глыбокага імя П.В.Сухога Алена Нікіфаровіч з праектам “Глыбокае ў стылі STEM” (7—8 класы). 

— Мы разам з аўтарам ідэі гэтага праекта намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце Вольгай Пахоменка нацэліліся наглядна паказаць чацвёртакласнікам арганізацыю руху на чыгунцы, — расказала Людміла Падаксёнава. — Орша — буйны чыгуначны вузел, школа знаходзіцца побач з чыгункай. Таму азнаямленне, вывучэнне — толькі першы крок. Чырвонай ніткай праз праект прахо­дзіць менавіта бяспека: мы імкнуліся сфарміраваць у школьнікаў навыкі бяспечных паводзін на чыгунцы і паблізу яе. Наш трэнажор якраз дазваляе змадэля­ваць розныя праблемныя сітуацыі і здарэнні, якія мо­гуць адбыцца на чыгунцы з пешаходамі, і, адпаведна, адпрацаваць алгарытмы правільных бяспечных паводзін. Скажы дзіцяці “нельга” — яно, магчыма, зацікавіцца і паспрабуе зрабіць насуперак. А тут нашы вучні на прыкладзе робатаў Matatalab, якіх самі запраграмавалі, наглядна прасачылі наступствы. Напрыклад, выключылі датчыкі слыху і пераканаліся: пры перахо­дзе чыгункі трэба абавязкова знімаць навушнікі, інакш можа здарыцца бяда. Акрамя гуку, эксперыментавалі з асвятленнем, мянялі хут­касць руху. Нас так захапіла справа, што вырашылі працягнуць яе і пачаць аналагічны праект па бяспецы аўтадарожнага руху. Станоўчых момантаў рэалізацыі такога праекта многа. Характэрна, што ўсе юныя ўдзельнікі праекта выказалі жаданне ўступіць у атрад юных чыгуначнікаў, які традыцыйна дзейнічае ў нашай школе на паралелі 8—9 класаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена
ўдзельнікамі праекта.