Тактыльныя адчуванні, або Як фізіку адчуць рукамі

- 12:09Якасць адукацыі
"Навальніца"

Нядаўна ў нашай газеце была надрукавана невялікая замалёўка Генадзя Іванавіча Вараб’ёва, настаўніка фізікі сярэдняй школы № 111 Мінска, дзе ён прадставіў сваю вынаходку —“Кінематычны куб”. Гэта ўніверсальны пераўтваральнік напрамку руху. Апарат выкарыстоўваецца для дэманстрацыі дзеяння нерухомых блокаў.

Нагадаем, якасная навізна апарата ў тым, што з яго дапамогай можна адвольна змяняць напрамак сілы. На гранях куба замацаваны блокі. У раўчукі блокаў пэўным чынам укладваецца шнур. Напрамак цягавай сілы змяняецца. Кінематычны куб, з улікам варыянтаў вырабу, можа выкарыстоўвацца ў якасці развіццёвай цацкі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Г.І. Вараб'ёў

Генадзь Іванавіч — неардынарны чалавек і неабыякавы настаўнік. А кінематычны куб з’яўляецца далёка не першай вынаходкай педагога. На працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці ён нешта прыдумвае, каб навучэнцам было цікава, а галоўнае, зразумела. Завітаўшы ў рэдакцыю, Генадзь Іванавіч прынёс толькі кінематычны куб, таму каб паглядзець на астатнія педагагічныя, метадычныя і фізічныя вынаходкі педагога, зробленыя самім настаўнікам, а таксама з удзелам вучняў і іх бацькоў, я накіравалася ў 111-ю школу сталіцы.
Мы ўжо звыкліся з тым, што рэальная дэманстрацыя фізічных з’яў замяняецца камп’ютарнымі мадэлямі, бо гэта проста і даступна ў любой школе, але ў Генадзя Іванавіча сваё меркаванне на гэты конт. Паліцы шафаў яго лабаранцкай запоўнены самымі рознымі прыстасаваннямі (аж вочы разбягаюцца!), якія можна памацаць, пакруціць у руках. Па меркаванні педагога, фізічны эксперымент трэба прапускаць праз рукі. “Даўно вядомы факт”, — скажуць калегі Генадзя Іванавіча. Так то яно так, але каб даць сваім вучням адчуванне тактыльнасці, трэба самому быць з рукамі.
“Квадратны куб” у натуральную велічыню хоць і самаробны, але варты таго, каб выпускацца на прамысловай аснове. Ён рэальна развівае прасторавае мысленне. На жаль, навуковыя асновы методыкі выкладання згублены. Сапраўдная практыка заснавана на глыбокай тэорыі. Сёння фізічны эксперымент успрымаецца як нескладаны і неглыбокі этап вывучэння фізікі, хаця насамрэч такое ўспрыняцце ўзнікае ад няведання і няўмення настаўніка.

"Квадратны куб" у натуральную велічынюФізічны эксперымент якраз і дазваляе навучэнцу не проста патлумачыць фізічную з’яву, а адчуць яе, паўдзельнічаць у яе стварэнні ці адчуць яе ўздзеянне. Вось гэты квадратны куб з’яўляецца сапраўднай праявай гуманізму ў навучанні, калі дзіця не разумее і не можа ўявіць квадратны куб, яно можа яго ўбачыць, памацаць, тактыльна ўспрыняць.

— Каб зразумець, што такое шчыльнасць (гэта маса адзінкі аб’ёму), трэба дзіцяці даць у рукі адзінку аб’ёму, і ён яе адчуе. Вось вазьміце ў руку кубічны сантыметр, і вы адчуеце не толькі яго велічыню, але і шчыльнасць. А вось гэтыя пластыкавыя геаметрычныя фігуры неабходны для вывучэння фізічнага цела і рэчыва. Рэчыва адно і тое ж, а целы рознай формы.

— Гэта называецца “Набор па механіцы” (з простымі механізмамі), які прымяняецца для дэманстрацый і вывучэння раздзела па механіцы. Ён можа выкарыстоўвацца як у звычайнай школе, так і ў вышэйшай. Цяпер працую над задачамі з практычным зместам, што неабходна пры палітэхнізацыі навучання. Як правіла, устаноўка штаціваў, замацаванне простых механізмаў аднімае шмат часу, а ўлічваючы тое, што многім настаўнікам даводзіцца працаваць без кваліфікаваных лабарантаў, працэс яшчэ больш зацягваецца.
Устаноўка прадстаўленага набору займае мінімум часу. Зручнай з’яўляецца і форма штаціву, якая дазваляе замацаваць усе віды механізмаў. Усё гэта стварае якасна новую аснову для вывучэння матэрыялу. Простыя механізмы вывучаюцца ў 7 класе, і, напрыклад, звяртаючыся да рычагоў, дзеці могуць паказаць усе іх віды, дзякуючы гэтаму набору. І трэба адзначыць, што працуюць дзеці з такім прыборам больш актыўна.

Набор па механіцыТакім чынам, фарміруецца культура ўспрыняцця, а гэта тое, чаго катастрафічна не хапае сучасным навучэнцам. Вучні з дзявяткай па матэматыцы не ў стане вызначыць плячо сілы. Больш за тое, некаторыя не ў стане правесці звычайны перпендыкуляр. Дынамічны стэрэатып прымушае дзіця перпендыкуляр праводзіць толькі па адвесе.
— А вось гэты прыбор з’явіўся дзякуючы навукова-практычнай канферэнцыі, хаця там ён застаўся практычна без увагі. А ён дазваляе даследаваць такую з’яву, як навальніца. Мы даследавалі навальніцы ў мікрараёне Лошыца. Дарэчы, Юрый Андрэевіч Курачкін, доктар фізіка-матэматычных навук, загадчык лабараторыі тэарэтычнай фізікі Інстытута фізікі НАН Беларусі, адзначыў, што гэтая работа заслугоўвае ўвагі. У шматлікіх навуковых літаратурных крыніцах адзначаецца, што імперычных звестак па навальнічнай актыўнасці недастаткова. А мае навучэнцы ведаюць, што, напрыклад, маланкаадвод побач з домам устанаўліваць нельга, а толькі на адлегласці 8 метраў.

"Навальніца" Яшчэ ў Генадзя Іванавіча ёсць набор драўляных кубікаў для вывучэння аб’ёмаў, спружыны самых розных памераў для вывучэння дэфармацыі. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца і звычайныя губкі, напрыклад, для мыцця посуду. А каб засвоіць тэму “Трэнне”, патрэбны звычайныя падшыпнікі і балабушка, якая і ўвагу прыцягвае, і сілу трэння дэманструе. Для тактыльнага адучування маецца скрыначка з кавалачкамі наждачнай паперы. У яшчэ адной скрыначцы, якая знаходзіцца на паліцы ў лабаранцкай, знаходзіцца провад, парэзаны на кавалкі. Гэта для вывучэння правадніка.
Ёсць у арсенале сродкаў навучання майго суразмоўцы і ўнікальны дынамометр, самы вялікі ў нашай краіне. Вырабіў такі прыбор Максім Нарэйка, вучань Генадзя Іванавіча. Максім не выдатнік, але Генадзь Іванавіч змог на ўласным прыкладзе паказаць яму, што фізіка, якую адчуваеш рукамі, і зразумелая, і цікавая. А напрыканцы хочацца прывесці словы Г.І. Вараб’ёва, які яшчэ піша вершы:

Идеальный ученик— сам во всё умом проник.
Идеальный педагог — помешать ему не смог.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by
Фота аўтара.