Талакой усё пад сілу

- 11:26Адукацыйная прастора

Як свой шлях да мэты зрабіць устойлівым? Як стаць “рухавіком” важнай для ўсіх справы? Як пачаць глабальныя змены з лакальных? Як сваёй ідэяй захапіць і школу, і ўсіх сваіх землякоў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні на працягу трох дзён шукалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-практыкуму “Арганізацыя практык адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў сістэме грамадска-актыўнай дзейнасці ўстановы адукацыі ў мясцовай супольнасці”. Месцам іх сустрэчы стала сярэдняя школа Міра Карэліцкага раёна, а арганізатарам сустрэчы выступіла Асацыяцыя “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”.

Ідэі — нашы, карысць — агульная

Кажуць, адна пчала шмат мёду не прынясе. Гэта прыказка найлепш падыходзіць, калі размова заходзіць пра ўстойлівае развіццё вёскі, горада, краіны, бо толькі разам, аб’яднаўшы намаганні, можна дасягнуць любых мэт. А ініцыятарам такога аб’яднання намаганняў часта выступае школа. Дзеці, іх бацькі і педагогі, суседзі, землякі збіраюцца разам, каб выра­шыць свае агульныя надзённыя праблемы. Паказаць гэтыя прыклады з усёй краіны, даць магчымасць прадстаўнікам устаноў адукацыі па­дзяліцца адно з адным сваім станоўчым вопытам, натхніць калег далучыцца да іх і стала галоўнай задачай семінара.

Часам можна пачуць, што акцэнт на ўстойлівае развіццё з’явіўся толькі нядаўна, хаця на справе ўся сённяшняя работа ў школах вялася і раней. Насамрэч работа ў кірунку Мэт устойлівага развіцця мае свае адметнасці. Яскрава гэта дэманструе Здзітаўская школа Бярозаўскага раёна. Хоць тут вучыцца ўсяго толькі 61 дзіця і яшчэ не так даўно школе пагражала закрыццё, сёння пра гэта размова не ідзе, а яе карысныя справы ведае ўся Беларусь. У створаным тут маладзёжным бізнес-інкубатары школьнікі асвойваюць прадпрымальніцтва на пчальніку і на ягадных плантацыях, падчас правядзення экскурсій для турыстаў і на ўласнай веламайстэрні і інш.

Да рэспублікан­скага праекта “Школа без пластыку” ўжо далучыліся амаль 20 навучальных устаноў Беларусі. Ініцыятары праекта спадзяюцца знайсці яшчэ больш аднадумцаў сярод школ, гатовых адмовіцца ад пластыкавага посуду і поліэтыленавых вокладак для падручнікаў, змяніць пластыкавыя пакеты на экасумкі.

Школьнікі не толькі самі асвойваюць прадпрымальніцтва, але і вучаць гэтаму мясцовых жыхароў. Напрыклад, яны разам са сваімі педагогамі дэманструюць рэсурсы пустуючых дамоў, якіх у вёсцы вельмі шмат. У прыватнасці, прапа­нуюць ствараць у іх аграсядзібы і паказ­ваць людзям, як сустракаць гасцей, як праводзіць народныя святы і абрады, гуляць у народныя гульні, гатаваць мясцовыя стравы — усё на аснове здзітаўскіх традыцый. Усе гэтыя традыцыі школьнікі ўжо сабралі і размясцілі ў серыі зборнікаў. Усё ў свабодным доступе для кожнага жадаючага — толькі бяры і рабі. Гэта і спосаб прымяніць свае сілы, і зарабіць, і даць новы віток у развіцці роднай вёскі.

— У Год малой радзімы любая справа, за якую бярэцца школа, павінна атрымаць практычны выхад, — гаворыць Таццяна Сяргееўна Ажажа, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Здзі­таўскай сярэдняй школы. — Напрыклад, у нас з’явілася кніга “Здзітава — радзіма мілая” (яна, дарэчы, ёсць і ў Нацыя­нальнай бібліятэцы Беларусі), якую мы стваралі разам з мясцовымі жыхарамі. Нядаўна сумесна з Брэсцкім педагагічным універсітэтам і яго супрацоўніцай і нашай выпускніцай Аленай Леванцэвіч выдалі “Дыялектны слоўнік Здзітава” і кнігу прыказак і прымавак “Паслухайце, што лю­дзі скажуць”. Каля 10 гадоў мы працавалі над ёй, і геаграфія рэспандэнтаў расцягнулася ад Здзітава да аўстралійскага горада Голд Кост, дзе жывуць нашы здзі­таўцы. Калі сабраць шмат людзей, зацікаўленых у развіцці малой ра­дзімы, то гэта будзе працаваць куды больш эфектыўна. І роля школы — аб’яднаць гэтыя разрозненыя агульныя намаганні на дасягненне агульнай мэты. З такім падыходам — не заняць вольны час, а прынесці рэальную карысць — арганізуецца ўвесь вучэбна-выхаваўчы працэс. Перш чым складаць планы на год, мы цікавімся ў дзяцей, у мясцовых жыхароў, што, на іх думку, карысна было б зрабіць. І потым гэтыя планы ўвасабляем.

Свае крокі ў прадпрымальніцтве робяць і навучэнцы сярэдняй школы № 3 Пінска. Тут ператвараюць адходы ў даходы, кампастуючы рэшткі агародніны са школьнай сталовай. Ідэя бізнес-кампаніі заснавана на арганічнай перапрацоўцы адходаў чарвякамі ў каштоўны біягумус. Нядаўна тут быў адкрыты і Цэнтр па хімічнай бяспецы, які дазваляе адсочваць  утрыманне небяспечных хімічных рэчываў у цацках, бытавой хіміі і інш. Менавіта гэтая школа першай у Беларусі звярнула ўвагу на ўтылізацыю сапсаваных лекаў,  што стала штуршком для вырашэння праблемы іх утылізацыі і ў Пінску, і ў краіне ў цэлым, каб мінімізаваць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе гэтага віду адходаў.

Навучэнцы негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна разам з мясцовымі жыхарамі, прадпрымальнікамі вырашаюць праблемы, якія хвалююць жыхароў усяго пасёлка. Гэтаму паспрыяе і іх апошняя ініцыятыва — распрацоўка мабільнага дадатку GreenEnergy. За выкананыя заданні, звязаныя з экалагічнымі праблемамі пасёлка, удзельнікі атрымліваюць балы, якія пасля могуць абмяняць на тавары ў мясцовых магазінах.

У гімназіі Шчучына, якая з’яўляецца Гродзенскім абласным рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, створана “Навуковая крама”. Гэта новы для Беларусі спосаб вырашэння праблем — спачатку іх даследуюць з навуковай пазіцыі, а потым шукаюць партнёраў, якія дапамогуць іх вырашыць. Так гімназія стала цэнтрам адукацыйных паслуг не толькі для вучняў, але і для насельніцтва ўсяго рэгіёна. І адным з механізмаў стаў арганізаваны ў гімназіі дзіцяча-дарослы даследчы лагер устойлівага развіцця, дзе, у тым ліку, нарадзілася і распрацавана ідэя стварэння брэнда Шчучынскага раёна і ўвасаблення яго ў скульптуры.

Адмова ад пластыкавага посуду і поліэтыленавых вокладак для падручнікаў, вывучэнне праблемы перапрацоўкі адходаў і рацыянальнае выкарыстанне ўпакоўкі — такія прынцыпы прасоўваюць навучэнцы гімназіі № 19 Мінска. Замест полі­этыленавых вокладак для кніг вучні сталі выкарыстоўваць ільняныя, прычым вырабленыя сваімі рукамі падчас майстар-класаў. Адмовіліся гімназісты і ад поліэтыленавых пакетаў — для “зменкі” і спартыўнай формы ў кожнага ёсць экасумка. Да іх праекта “Школа без пластыку” ўжо далучыліся некалькі дзясяткаў навучальных устаноў Беларусі.

В.У.Селіванава, на­меснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ра­занцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна, расказала пра партнёрства з ААТ “Кастрычнік”, якое аказвае яе ўстанове адукацыі спонсарскую дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіцці спорту, правядзенні экскурсій, матэрыяльным заахвочванні навучэнцаў па выніках навучальнага года. Яго спецыялісты вучаць старшакласнікаў працаваць на зямлі, даюць ім магчымасць летам афіцыйнага працаўладкавання.

Шырока быў прадстаўлены вопыт розных устаноў па развіцці творчых здольнасцей дзяцей. Так, Таццяна Ільінічна Шаплыка, дырэктар сярэдняй школы Міра Карэліцкага раёна, якая і прымала ў сябе ўдзельнікаў семінара, расказала і паказала, як у яе ўстанове школьнікі рэалізуюць сябе як экскурсаводы, ладзячы экскурсіі ў школьных музеях адразу на некалькіх мовах. Пра тое, як школьныя творчыя студыі зрабіць важным рэсурсам, расказала Таццяна Яўгенаўна Руднік, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 12 Гродна. А прадстаўнікі Палаца дзяцей і моладзі “Арыён” Мінска па­дзяліліся, як стварылі ў сваім мікрараёне цэлую партнёрскую сетку для самарэалізацыі юных талентаў.

Гімназія Шчучына запусціла рэспубліканскі інтэрнэт-праект “След чалавека — след жыцця”: створым галерэю асоб устойлівага развіцця разам”. Яго ідэя — выявіць асоб, якія аказалі значны ўплыў на ўкараненне ідэй устойлівага развіцця на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным, сусветным узроўнях.

Пра арганізацыю ў гімназіі і дзейнасць Цэнтра падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця Касцюковіцкага раёна расказала дырэктар Касцюковіцкай раённай дзяржаўнай гімназіі. Вопыт далучэння да экалагічных ініцыятыў сем’яў школьнікаў стаў тэмай выступлення дырэктара сярэдняй школы № 4 Дзяржынска.  Прадстаўнікі гімназій Веткі, Ваўкавыска, Мсціслава, Браслава расказалі пра свой вопыт дыялогу з дарослымі валанцёрамі з ліку мясцовых жыхароў.

Маладыя галасы

Падчас экспертнай сесіі свае праекты прадставілі самыя маладыя ўдзельніцы семінара — спецыялісты Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка. Так, Марыя Даві­дзюк і Кацярына Лапунова расказалі пра свае ініцыятывы сумесных праектаў у галіне арганізацыі грамадска-актыўнай дзейнасці ўстаноў адукацыі ў мясцовых супольнасцях, у прыватнасці, пра перасовачную выставу “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё” і пра інтэрнэт-праект “Мэты ўстойлівага развіцця: думай і дзейнічай!” (апошні раз у ім прынялі ўдзел 433 чалавекі — гэта 60 каманд з усіх рэгіёнаў Беларусі). Кацярына Данскова, трэнер міжнароднай маладзёжнай сеткі роўнага навучання Y-Peer, расказала пра гэты рух. Гэтая сетка папулярная ў больш як 50 краінах свету. Беларусь да яе далучылася ў 2007 годзе і за гэты час стала адной з самых актыўных удзельніц. У Беларусі ўжо 60 валанцёраў-трэнераў у 12 гарадах. Толькі ў 2019 годзе яны правялі 74 трэнінгі, 4 форум-тэатры, 4 адукацыйныя квесты. Іх галоўная тэма — Мэты ўстойлівага развіцця, праз якія моладзь паглыбляецца ў такія кірункі, як здаровы лад жыцця, маладзёжны ўдзел, правы чалавека, адукацыя ў кірунку гендара, сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе і інш. Цяпер Кацярына прэзентавала адукацыйны квест для падлеткаў “МУР: шлях наперад!”

Метадыст каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ Кацярына Спосаб прадставіла беларуска-нямецкую мабільную інтэрактыўную выставу “Устойлівасць у дзеянні”. Выстава стала візуалізаваным вынікам адукацыйнага тура па Германіі, які ладзіўся ў мінулым годзе для беларускай моладзі. Гэта быў веламаршрут працягласцю ў 100 км са знаёмствам з мясцовымі маладзёжнымі экаініцыятывамі, экалагічнымі цэнтрамі і “зялёным універсітэтам”, майстар-класамі па арганічным садаводстве і пермакультуры, знаёмствам з тэхналогіямі пабудовы экадамоў, наведваннем экапаселішча, дзе да дробязей прадуманы ўстойлівы лад жыцця, і фермерскай гаспадаркі, якую вядуць валанцёры.

Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, падводзячы вынікі семінара, адзначыла:

— Мы ўбачылі вопыт грамадска-актыўных школ, якія вельмі шмат робяць у розных кірунках. Але галоўнае, што самі педагогі пазнаёміліся з вопытам адно аднаго. Спадзяюся, што, убачыўшы гэтыя паспяховыя прыклады, абмеркаваўшы ўмовы і механізмы, наладжаныя ў гэтых установах адукацыі, педагогі прадэманструюць у будучыні больш паспяховых прыкладаў. Я гэта называю тэхналогіяй эфектыўнага падглядвання — калі ты бярэш чужую ідэю і адаптуеш яе да сваёй установы адукацыі. Таму я спадзяюся, што галоўным эфектам нашага семінара ў найбліжэйшы час стане партнёрства школ краіны.

Святлана НІКІФАРАВА.