Таленавітая моладзь у пашане

- 11:25Сацыяльны ракурс

Дваццаты раз лепшыя навучэнцы школ, гімназій, сярэдніх спецыяльных і прафесійных устаноў, універсітэтаў Гродзеншчыны былі адзначаны прэміяй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя А.І.Дубко. Сёлета яе лаўрэатамі сталі 39 чалавек.

Прэмія была заснавана ў 1998 годзе. Тады былі адзначаны дзесяць вучняў, пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. З 2001 года прэмія ўручаецца студэнтам вышэйшых навучальных устаноў. У 2007 годзе адзначаць сталі навучэнцаў прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. За дваццаць гадоў прэмію імя Героя Сацыялістычнай Працы, Героя Беларусі, колішняга старшыні Гродзенскага аблвыканкама атрымлі каля 600 таленавітых навучэнцаў і студэнтаў.

Удзел у цырымоніі прынялі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, бацькі і настаўнікі юных талентаў. Як і кожны год, ганаровым госцем з’яўляецца ўдава Аляксандра Іосіфавіча Дубко Эма Нічыпараўна. Па традыцыі ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства расказваецца аб жыццёвым шляху і працоўных дасягненнях А.І.Дубко.

— Падтрымка таленавітай моладзі стала ў нашай краіне дзяржаўнай палітыкай, — адзначыў пры ўручэнні прэміі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — Мінулы Год навукі быў шчодрым на дасягненні моладзі. Было рэалізавана больш за 150 ініцыятыў і сацыяльна значных спраў. Паспяхова выступілі прадстаўнікі вобласці на ХV Рэспубліканскім злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў, Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”, на V Нацыянальным чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы”. 34 навучэнцы атрымалі 100-бальны вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні, 45 студэнтаў гродзенскіх УВА сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу навуковых работ і адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У кожнага з 39 узнагароджаных па выніках 2017 года таксама ёсць значныя дасягненні ў вучобе, творчасці, спорце, навуцы. Самы юны намінант, вучань трэцяга класа сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Арцём Ціханаў, стаў пераможцам першынства свету па шашках-64 у маланкавай гульні сярод хлопчыкаў ва ўзросце да дзесяці гадоў. Навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага Уладзімір Ішкоў — дыпламант Рэспубліканскага конкурсу “АРТ-вакацыі” і прызёр злёту рацыяналізатараў. Студэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алег Кізюкевіч апублікаваў 28 навуковых работ. Прэміі атрымалі 20 навучэнцаў школ і гімназій, 9 навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 10 студэнтаў універсітэтаў.

Удзел у юбілейнай цырымоніі прынялі амаль сто колішніх лаўрэатаў прэміі імя А.І.Дубко. Усе яны і ганаровыя госці атрымалі спецыяльна падрыхтаванае да гэтай падзеі выданне “Лаўрэаты прэміі імя А.І.Дубко “За высокія дасягненні навучэнцаў і студэнтаў у галіне адукацыі”. У кнізе сабраны звесткі аб усіх лаўрэатах прэміі, прасочваецца іх лёс, расказваецца аб дасягненнях. Альбом па заказе Гродзенскага аблвыканкама падрыхтаваны рэдакцыяй газеты “Гродзенская праўда” сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі.

Ад імя былых лаўрэатаў выступіла вядучы інжынер будоўлі Астравецкай АЭС Вера Клявец. Яна атрымала прэмію А.І.Дубко ў 2009 годзе, будучы навучэнкай Гродзенскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва, потым вучылася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

— Для мяне гэтая прэмія стала магутным стымулам для далейшага развіцця. Дзякуй за падтрымку таленавітай моладзі, — сказала Вера.

У канцы цырымоніі прагучалі словы ўдзячнасці за высокую ацэнку іх старанняў у розных галінах дзейнасці і за ацэнку грамадзянскай пазіцыі сённяшніх лаўрэатаў: “Надзея, гонар, будучыня краіны — гэта мы!”

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.