Талент і прафесіяналізм

- 16:59Брэстчына, Прэс-тур

Прэс-тур — гэта заўсёды адкрыцці, прычым нярэдка самыя нечаканыя. Адно з іх адбылося ў Драгічыне ў Абласным аграрна-вытворчым прафесійным ліцэі. Аказваецца, краязнаўства — гэта прэрагатыва не толькі гуманітарыяў. Вывучэннем малой радзімы з радасцю, захапленнем (ды яшчэ якім!) могуць актыўна займацца… будучыя аператары машыннага даення, трактарысты-машыністы, нават слесары і электраманцёры.
А наколькі прадстаўнікі гэтых прафесій творчыя, неардынарныя людзі, мы з калегамі ўпэўніліся падчас арыгінальнай візітоўкі ўстановы, якая была паказана ў сцэнічнай форме.

Палескія краязнаўцы

Сапраўды, талент не абмяжоўваецца ні прафесіяй, ні ўзростам. На сцэне віртуозна выступалі, спявалі, танцавалі як будучыя спецыялісты, так і сённяшнія педагогі, майстры вытворчага навучання. Паглядзіце фотаздымкі, пераканайцеся. А яшчэ падчас наведвання рэсурснага цэнтра вытворчага навучання мы ўпэўніліся, што талент можа выдатна сумя­шчацца з працавітасцю. Доказам гэтага і з’яўляецца дзейнасць вялікага калектыву пад кіраўніцтвам дырэктара ліцэя Васіля Васільевіча Нагурнага. Але вернемся да краязнаўства. Па-першае, у краіне ідзе Год малой радзімы, па-другое, Драгічынскі раён — самае сэрца Палесся са сваімі адметнымі традыцыямі, архітэктурнай і прыроднай спадчынай.

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Раіса Аляксандраўна Літвінава, у студзені 2018 года ў ліцэі з мэтай праектнай і даследчай дзейнасці па вывучэнні Драгічынскага краю была створана творчая група “Палескі краязнаўца”, у якую ўвайшлі выкладчыкі, навучэнцы, кіраўнік музея “Гісторыя ліцэя”, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, сацыяльны педагог, педагог-псіхолаг. Мэту праекта можна вызна­чыць такімі словамі: “Што мы пакінем нашчадкам…” Адказ відавочны: багатую, разнастайную гісторыка-культурную і прыродную спадчыну. У гэтым упэўнены ўдзельнікі праекта.

Праект рэалізоўваецца ў ­шэсць этапаў. Спачатку праведзена са­цыя­лагічнае апытанне для выяўлення ўзроўню інфармаванасці жыхароў горада і навучэнцаў ліцэя пра мясцовыя культурныя каштоўнасці, потым — маніторынг па вызначэнні ўзроўню сфарміраванасці ў навучэнцаў 1 і 2 курсаў грама­дзянска-патрыятычных якасцей. Работа творчай групы вялася ў этнагра­фічным, культурна-духоўным, гісторыка-архітэктурным, прыродным напрамках. Асабліва насычанай была работа па рас­працоўцы экскурсій па рэспубліканскіх ландшафтных заказніках “Званец” і “Радастаўскі” з наведваннем Свята-Пакроў­скага храма ў Радаставе, ­дэндрапарку Брашэвіцкага лясніцтва з навед­ваннем ­Спаса-Праабражэнскага храма ў Брашэвічах, па вёсках Гутава, Бездзеж (тут знаходзіцца ўнікальны музей бездзежскага фартушка), Белін з наведваннем пункта геадэзічнай дугі Струвэ, парома праз Днепра-Бугскі канал і водападзелу рэк Віслы і Дняпра, вёсак Перкавічы, Закозель, Людвінова, Імянін. У рамках праекта навучэнцы ліцэя ўдзельнічалі ў абрадах “Зелянец”, “Стрэлка”, святах Купалле і Масленіца, творчых конкурсах, выхаваўчых мерапрыемствах, сустракаліся з мясцовымі паэтамі. Адметнасцю стала распрацоўка турыстычнага маршруту “Паміж Ясельдай і Днепрабугам”.

— Пасля ўдзелу ў праекце вынікі маніторынгу значна павысіліся ў параўнанні з вынікамі маніторынгу, праведзенага на першапачатковым ­этапе. Дадзены праект быў прад­стаўлены на XVIII Рэс­публіканскай выставе на­вукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году малой радзімы, і ў фінале “Кірмашу сацыяльна-педагагічных праектаў прафесійнай  адукацыі — 2019”. Назіраючы за навучэнцамі творчай групы і іншымі ўдзельнікамі праекта, мы заўважылі сапраўднае праяўленне з боку навучэнцаў любові да Драгічыншчыны і павагі да яе гісторыі і спадчыны. Сёння праект працягваецца. Яшчэ не рэалізаваны ўсе планы, не ўвасоблены ў ­жыццё ўсе ідэі. Творчая група “Палескі краязнаўца” склала новы план работы на наступны навучальны год і з нецярпеннем чакае працягу краязнаўчай справы, — па­дзялілася Раіса Аляксандраўна.

Знайсці сябе

Абласны аграрна-вытворчы пра­фесійны ліцэй — гэта не толькі вялікая тэрыторыя з фермай, сельскагаспадарчымі палямі, багатым паркам тэхнікі, рэсурсным цэнтрам вытворчага навучання. Гэта яшчэ і актыўная выхаваўчая работа. Галоўныя яе напрамкі — не толькі краязнаўства, але і валанцёрскі рух, дзейнасць клуба для падлеткаў “Знайдзі сябе”. Знайсці сябе, сваё прызванне, ­раскрыць таленты непаўналетнім, якія ­здзейснілі ­супрацьпраўныя ўчынкі і патра­буюць асаблівай увагі, дапама­га­юць педагог-псіхолаг Таццяна Мікалаеўна Бацук і сацыяльны педагог Ія Леанідаўна Ківель.

Дзякуючы заняткам у клубе, падлеткі могуць разабрацца ў сабе, пераадолець унутраныя праблемы і супярэчнасці, палепшыць навыкі зносін, навучыцца эфектыўным спосабам вырашэння канфліктных сітуацый. Ліцэісты змаглі пашырыць кола сваіх інтарэсаў, цяпер больш адказна ставяцца да выбару сяброў і правядзення вольнага часу. Пра эфектыўнасць работы клуба сведчыць зніжэнне колькасці навучэнцаў, якія здзяйсняюць правапарушэнні. Так, у 2019 годзе з
17 непаўналетніх, якія наведваюць заняткі клуба, толькі адзін здзейсніў правапарушэнне паўторна.

Добрыя сэрцы

Знайсці сябе ў карыснай справе і пры гэтым дапамагчы іншым людзям могуць удзельнікі валанцёрскага атрада, дзейнасць якога накірана на аказанне дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, пажылым і адзінокім людзям. Валанцёры таксама даглядаюць і добраўпарадкоўваюць помнікі і брацкія магілы, наведваюць раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, добраўпарадкоўваюць горад, арганізоўваюць сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы. За любую справу ліцэісты бяруцца з ахвотай: і калі неабходна перанесці і скласці дровы для пажылых людзей, і калі патрэбна пасадзіць кветкі каля брацкай магілы, і калі трэба прыбраць старое лісце. Кожная справа дае навучэнцам шмат станоўчых эмоцый. Інакш не можа быць, бо гэта ж міласэрнасць і дабрыня.

На памяць ліцэісты дораць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы паштоўкі і сувеніры, падарункі для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Ніводны ўдзельнік акцый “Падарунак сябру”, “Захавай планету чыстай”, “Мы — за здаровую моладзь!”, “Другое жыццё кнізе” не застаецца ў дрэнным настроі.

Бездзежскі фартушок

Працягнуць знаёмства з маляўнічай Драгічыншчынай нам прапанавалі ў музеі “Бездзежскі фартушок”. Яго багатая экспазіцыя размяшчаецца ў былым будынку Бездзежскай сярэдняй школы. ­Бездзеж, у тым ліку музей бездзежскага фартушка, — абавязковы пункт падчас знаёмства з адметнасцямі Драгічыншчыны. У 2009 годзе музей быў узнагаро­джаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за стварэнне ўнікальнай калекцыі фартухоў. Гэтая заслуга ў многім належыць і бездзежскай школе, паколькі многія экспанаты зной­дзены мясцовымі настаўнікамі і вучнямі.

Асаблівасць бездзеж­скага фар­туха ў тым, што ён прыкрывае не толькі пярэднюю частку спадніцы, але і бакі. Пры гэтым ніводны ўзор не паўтараецца. Самы стары фартух, што захоўваецца ў музеі, быў сатканы ажно ў 1880 годзе. Што цікава, ніткі амаль не выцвілі. Вось што значыць рабілася з душой, якасна, толькі з прыродных кампанентаў! У 1980-я гады фартухі паступова пачалі выходзіць з моды, аднак бездзежскія жанчыны да сённяшняга часу захоўва­юць іх і перадаюць дочкам у якасці пасагу.

Незабыўныя сустрэчы

Працавітымі, творчымі, гасціннымі — толькі з такімі людзьмі мы сустракаліся падчас драгічынскай часткі праграмы прэс-туру. А колькі адкрыццяў было здзейснена на гэтай зямлі! Трактарысты-края­знаўцы — раз, слесары-валанцёры — два, аператары машыннага даення — мастакі — тры. Гэты спіс можна працягваць. Усіх, з кім мы сустракаліся, аб’ядноўвае адно — яны прафесіяналы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.