Талент нараджае талент

- 12:49Людзі адукацыі

Што робіць чалавека таленавітым? На гэтае пытанне можна пачуць самыя розныя адказы. Настаўніца ж беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Дзяржынска Алена Чаславаўна Сяліцкая адказала не задумваючыся: “Жаданне стаць такім і работа”. Яе вучні, калегі іншага адказу не ўспрынялі б.

Гімназія не толькі месца работы для Алены Чаславаўны, гэта астравок яе жыцця, шматграннага і духоўна багатага, месца, па словах настаўніцы, дзе адчуваеш сябе патрэбным. Кожную раніцу яна спяшаецца ў гэтае сховішча ведаў насустрач вучнёўскім памкненням і сваім марам у чаканні чагосьці новага і са спадзяваннямі на лепшае. І вось ён — такі знаёмы кабінет беларускай мовы і літаратуры. Мноства кветак. Новая мэбля, інтэрактыўная дошка. На стале — камп’ютар і іншае неабходнае для работы абсталяванне.
Яе школа — гэта школа інфармацыйных тэхналогій.
Яе школа — гэта школа, дзе захоўваюцца нацыянальныя традыцыі. Вучні разумеюць, што калі мы будзем асэнсоўваць мінулае, зберагаць тое, што атрымалі ў спадчыну ад продкаў, то глыбей будзем усведамляць сябе як самабытную нацыю. Яе школа — гэта школа, дзе пачуеш мілагучную беларускую мову ў штодзённым ужытку. Вучні ведаюць некалькі замежных моў, але сцвярджаюць, што на Радзіме неабходна размаўляць на роднай мове, каб адчуваць сябе годнымі сынамі і дочкамі сваёй Бацькаўшчыны. Ёй пашанцавала як настаўніку: яна выкладае цудоўныя прадметы — “Беларускую мову” і “Беларускую літаратуру”. Менавіта творы літаратуры выхоўваюць асобу, чалавека. Яна побач з вучнямі… Шчырая размова, давер да настаўніка, адкрытасць дзіцячай душы — усё тое, што ніколі не павінна знікнуць з адукацыйнай установы. У дзіцячых урачоў ёсць такое правіла: перад тым, як дакрануцца да дзіцяці, сагрэй свае рукі. У настаўніка — іншае правіла: перад тым, як звярнуцца да дзіцяці, сагрэй сваё сэрца. Вучні адчуваюць гэтую цеплыню. І свае адносіны яны выказваюць так: “Гэта той найлепшы настаўнік, які верыць у нас, вучняў”, “Гэта наш гонар і любоў усяго класа”, “Гэта настаўніца, якая змяніла мае адносіны да беларускай мовы”, “Яна дае больш ведаў, чым падручнік”, “Быць настаўнікам — гэта яе жыццё”.
Алена Чаславаўна Сяліцкая працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры з 2005 года. Пры ажыццяўленні выкладчыцкай дзейнасці кіруецца сучаснымі дасягненнямі педагагічнай навукі і ўласнымі набыткамі, патрабавальна ставіцца да сябе і да вучняў, прафесійна будуе адносіны з імі і іх бацькамі. Адзін з вядучых кірункаў работы Алены Чаславаўны — заняткі з матываванымі навучэнцамі. На працягу апошніх пяці гадоў падрыхтавала 4 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, 10 пераможцаў трэцяга этапу, а таксама 3 пераможцаў і дыпламантаў міжнародных, 8 — рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і канферэнцый даследчых работ навучэнцаў.
Гэта вялікая справа, і яна патрабуе надзвычай шмат часу і ведаў, сіл і цярпення. Але далёка не адзіная. Сёння гімназію нельга ўявіць без медыяцэнтра, яе тэлебачання і штотыднёвіка. Творчасць — неад’емная рыса настаўніцы. Тэатральныя батлы, баль літаратурных герояў, журналістыка — усё робіцца прафесійна і эстэтычна. Хто з вучняў не жадае паспрабаваць сябе ў розных справах? Алена Чаславаўна гэтую магчымасць прадастаўляе. Калі ласка, усё можна. Даць кожнаму маладому чалавеку шанс пашукаць у сабе і акцёра, і даследчыка, і паэта, і дызайнера, тое адзінае і яшчэ не зведанае, раскрыцца і развіць талент, закладзены ад нараджэння, — у гэтым Алена Чаславаўна бачыць сваю місію і ўсё спрабуе і робіць, каб яе ажыццявіць. Для яе вучні — гэта тыя, дзеля каго прыходзіш у гімназію.
Вынік сумеснай дзейнасці настаўніка і вучняў — стварэнне зборнікаў “Акраверш у беларускай літаратуры”, “Зямля бацькоў”, “Класічным радкам мы даверылі талент”, “А пасля ўсім па парадку загадаем мы загадку”. Навучэнцы Алены Чаславаўны 6 разоў узнагароджваліся прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.
За значны ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў і студэнтаў па выніках 2013/2014 навучальнага года А.Сяліцкая ўзнагароджана прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
І яшчэ адна акалічнасць. Калі аб’явілі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Мінскай вобласці” ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, Алена Чаславаўна з ахвотай згадзілася на ўд зел і стала лаўрэатам.
Яе вопыт работы прыцягвае сваёй эфектыўнасцю, і настаўніца распаўсюджвае яго ў навукова-метадычных выданнях, праводзіць майстар-класы для педагогаў Мінскай вобласці і Дзяржынскага раёна, прымае ўдзел у рэспубліканскіх семінарах, узначальвае лабараторыю моўнага пагружэння Абласнога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій “Прысталічча”. З’яўляецца стваральнікам уласнага інтэрнэт-сайта.
Адначасова няспынна павышае метадычную кампетэнтнасць, працягвае працаваць над дамінантай прафесіі. Як член абласной творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, актыўны член педагагічнага клуба “Флагман” шмат працуе над удасканаленнем методыкі выкладання прадмета, папулярызацыяй назапашанага вопыту.
Шматлікія прызнанні, узнагароды, кампліменты — гэта набытак жыцця і работы. Для яе ж самая высокая адзнака работы — гэта чуць словы падзякі за ўрок ад вучняў. І такія словы гучаць дзень пры дні, з году ў год.
Крэда Алены Чаславаўны — “Рабі як ніхто, рабі інакш, рабі не як усе — і тады пераможаш”. І яно спрацоўвае. Алена Чаславаўна — пераможца ў сваёй справе.

Лілія САКАЛОЎСКАЯ,
дырэктар гімназіі № 1 Дзяржынска Мінскай вобласці.