Фінал абласнога конкурсу даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прайшоў у Магілёве на базе МДУ імя А.А.Куляшова. Інтэлектуальныя спаборніцтвы сабралі амаль 180 юных аўтараў, якія выпрабоўвалі свае сілы па дзесяці вучэбных прадметах. Самыя папулярныя сярод іх па колькасці ўдзельнікаў — фізіка, гісторыя, біялогія, матэматыка, беларуская мова і літаратура.
Нягледзячы на школьны ўз рост, канкурсантам было чым здзівіць кампетэнтнае журы, бо пераважная большасць работ змяшчала навуковую, практычную ці метадычную значнасць даследчага матэрыялу.
— У параўнанні з мінулым годам узровень прапанаваных даследаванняў значна вырас, прычым многія з іх выкананы з актамі ўкаранення: аўтары наглядна дэманструюць, у якіх сферах гэтыя распрацоўкі могуць выкарыстоўвацца і якую дадуць карысць, — адзначыла начальнік аддзела педагагічных інавацый абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Афанасьева.
Па словах суразмоўцы, у такім адкрытым фармаце — з працай па секцыях і прэзентацыяй работ — конкурс збірае навучэнцаў пяты год. Абласны фінал — сур’ёзнае выпрабаванне, на якім недастаткова ўдала выбраць актуальную тэму і правільна аформіць сваё даследаванне, трэба яшчэ і годна яго абараніць, бо работа па секцыях прадугледжвае публічныя выступленні канкурсантаў, удзел у дыскусіях і іншых формах навукова-педагагічнага ўзаемадзеяння.
— Канчатковае рашэнне журы і поспех работы амаль на 90% залежаць ад камунікатыўных навыкаў маладога чалавека, — звяртае ўвагу спецыяліст. — Таму дзеці праходзяць нават псіхалагічную падрыхтоўку, бо ўпэўнена і лагічна выкладаць свае думкі перад шырокай аўдыторыяй падкаваных рэцэнзентаў — значная эмацыянальная нагрузка і нагода сур’ёзна пахвалявацца.
Аднак затрачаныя сілы сябе апраўдваюць: навучэнцы, якія добра прадэманстравалі свой патэнцыял на абласным і рэспубліканскім фіналах, не застаюцца незаўважанымі. Яны трапляюць у разнастайныя навуковыя суполкі, працягваюць даследчую дзейнасць пры ўстановах вышэйшай адукацыі, уключаюцца ў базу даных таленавітай моладзі і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
— Трэба адзначыць, што многія ўдзельнікі абласнога фіналу маюць багаты конкурсны багаж: за іх плячыма — прэстыжныя рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы. Можна ўпэўнена пералічыць каля дзясятка расійскіх конкурсаў даследчых ідэй, на якіх беларуская моладзь стабільна ўваходзіць у лік прызёраў і пераможцаў. Безумоўна, гэтыя творчыя, таленавітыя дзеці — будучыня беларускай навукі, — упэўнена Наталля Афанасьева.
Паводле яе слоў, такія станоўчыя вынікі — паказчык зладжанай работы многіх шрубак адукацыйнай машыны. Апраўдвае сябе шматгадовая сістэма, якая мэтанакіравана стварае ўмовы для рэалізацыі інтэлектуальных здольнасцей юных талентаў. Так, у кожнай без выключэння навучальнай установе створана навуковае таварыства, дзе займаюцца дзеці.
— Велізарную нагрузку адчуваюць на сабе і педагогі, якія займаюцца навуковай падрыхтоўкай школьнікаў, — расказвае Наталля Рыгораўна. — Гэта спецыфічная кампетэнцыя самога настаўніка, які, па-першае, павінен разгледзець здольнага кандыдата, а па-другое, асабістым прыкладам зацікавіць гэтага навучэнца да заняткаў даследчай дзейнасцю. Менавіта таму кіраўнік конкурснай работы адчувае не меншую адказнасць за свайго падапечнага.
На думку намесніка дырэктара магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Сяргея Шыбекі, навукова-даследчая дзейнасць — асобны кірунак у вучэбным працэсе. У іх навучальнай установе яе актыўна і даволі паспяхова развіваюць ужо на працягу 5—6 гадоў. Жадаючых займацца дадаткова і паглыбляць свае веды навучэнцаў заўсёды вельмі многа.
— Мы імкнёмся, каб у кожнай нашай рабоце быў навукова-практычны выхад, таму распрацоўка, якую мы прадстаўляем на абласным фінале, таксама мае практычную накіраванасць. Мы прэзентуем накладкі на прыступкі, якія выпрацоўваюць электрычную энергію. Адзін націск дае 1 Джоўль. Так, за кошт энергіі аднаго вучня, які проста спусціўся па лесвіцы з верхняга на ніжні паверх, лямпачка ў 2Вт можа гарэць паўгадзіны. Гэта танны метад выпрацоўкі электрычнай энергіі і перспектыўная крыніца яе захавання. Тым больш што гэта незатратны праект: для яго рэалізацыі не трэба ўносіць радыкальныя змены ў канструкцыю будынка. Дастаткова толькі зрабіць на прыступкі накладкі, вышыня якіх будзе складаць прыкладна 1—1,5 см. Дарэчы, праект ужо мае некалькі ўзнагарод — апошнюю два тыдні назад мы прывезлі з міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Бранску, — падкрэсліў Сяргей Шыбека.
Яшчэ адзін незвычайны праект быў створаны дзякуючы плённаму тандэму настаўніка інфарматыкі з 30-гадовым стажам Ірыны Бычковай і вучня 10 класа гімназіі Быхава Паўла Новікава. На конкурсе яны прэзентавалі работу “Рашэнне разліковых задач у Microsoft Excel з выкарыстаннем мовы Visual Basic”. На самай справе, пад гэтай складанай назвай схавана даволі надзённая сутнасць — дакументаабарот.
— Пры стварэнні гэтай праграмы я быў накіраваны на спрашчэнне працы настаўніка, каб ручное афармленне адпаведных дакументаў — разнастайных ведамасцей, маніторынгаў паспяховасці, налічэнняў прэмій і г.д. — займала мінімальную колькасць часу, — тлумачыць Павел. — Аўтаматызаваць працэс дапамаглі формулы, дзякуючы якім працэс уліку стаў элементарным: у табліцу адзінага ўзору неабходна ўнесці толькі адзнакі за чвэрць. На тое, што зараз робіцца за 15 хвілін, раней у настаўніка марнаваліся ўсе канікулы.
Распрацоўка дзесяцікласніка дазваляе звесці да мінімуму і памылкі, абумоўленыя чалавечым фактарам. Зараз праграма распаўсюджана і дзейнічае па ўсёй гімназіі. Павел са сваёй настаўніцай адаптавалі яе да ўсіх школьных прадметаў. Дарэчы, з яе дапамогай робяцца і справаздачы для аддзела адукацыі райвыканкама.
Работу пра тапанімічны ландшафт Магілёўскай вобласці — назвы чыгуначных станцый і прыпынкаў — распрацавалі Мадзіна Драбудзько і Валерыя Радкевіч, дзевяцікласніцы магілёўскай гарадской гімназіі № 1. Пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Юрыя Каласоўскага яны склалі адзіны рэестр прыпынкаў регіёна.
— Назвы чыгуначных станцый і прыпынкаў — такая падсістэма тапаніміі, якая патрабуе ўпарадкавання: у адных крыніцах прыведзены адзін варыянт назваў, у іншых — другі. Спадзяёмся, што наша даследаванне будзе карысным і актуальным, бо фактычна кожны з нас карыстаецца чыгуначным транспартам, — адзначыў куратар праекта.
Па выніках конкурсу было прысуджана 19 дыпломаў І ступені, 27 — ІІ і 38 — ІІІ. Пераможцы абласнога фіналу ў хуткім часе прадставяць даследчы патэнцыял Магілёўскай вобласці на рэспубліканскім этапе.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.