Танцуюць усе!

- 12:59Выхаванне, Спартыўныя падзеі

Напрыканцы сакавіка ў Магілёве адбыўся міжнародны конкурс па спартыўных танцах “WDSF Mogilev Open”, на які з’ехаліся прадстаўнікі шасці краін cвету (Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Азербайджана і Малдовы). Два дні 215 пар спаборнічалі ў шэрагу катэгорый.

Магілёўскія аматары спартыўных бальных танцаў на працягу двух дзён мелі магчымасць назіраць за барацьбой танцавальных пар па стандартнай (еўрапейскай) і лацінаамерыканскай праграмах у некалькіх узроставых катэгорыях: ад дзяцей, што толькі пачынаюць свой шлях у прафесійны спорт, да досыць сталых людзей, для якіх бальныя танцы з’яўляюцца даўнім хобі. На конкурс было заяўлена больш пар, аднак, на жаль, не па-вясноваму снежнае надвор’е не дазволіла некаторым удзельнікам прыехаць у Магілёў. На жаль, не вельмі шырокім было і міжнароднае прадстаўніцтва.

“Магілёўскі абласны цэнтр творчасці ўпершыню праводзіць турнір па бальных танцах такога маштабу, — патлумачыў адзін з арганізатараў спаборніцтваў кіраўнік танцавальнага клуба “Капрыз” Сяргей Дзюбан. — Спаборніцтвы такога ўзроўню — найлепшы сродак папулярызацыі гэтага віду спорту. Навучэнцы і іх бацькі, якія прыходзяць на конкурс нават у якасці гледачоў, маюць магчымасць зразумець, што бальныя танцы — не проста прыгажосць, але і працяглая, упартая работа, што, каб дабіцца пэўнага поспеху, у гэтым відзе спорту трэба працаваць гадамі. У еўрапейскіх краінах спартыўныя танцы з’яўляюцца вельмі папулярным відам спорту, і, у нечым дзякуючы і нашай рабоце, у Беларусі ён таксама хутка стане вельмі папулярным”.
Не сакрэт, што спартыўныя танцы разам з фігурным катаннем і вялікім тэнісам з’яўляюцца вельмі дарагімі відамі спорту. Але, як запэўніў мяне Сяргей, на пачатковым этапе заняткаў выдаткі не крытычныя: абсалютна кожны можа прыйсці ў гурток ці клуб бальных танцаў і распачаць заняткі, а потым, калі будзе пэўны прагрэс, удзельнічаць у семінарах, спрабаваць свае сілы на конкурсах рознага ўзроўню, рыхтаваць адпаведныя касцюмы.

Усе госці турніру — і танцоры, і члены міжнароднага журы — былі прыемна ўражаны ўзроўнем арганізацыі спаборніцтваў. “У кожнага мерапрыемства, незалежна ад яго жанру, павінна быць сваё аблічча, — адзначыла галоўны суддзя спаборніцтваў у класавых групах, член прэзідыума Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту, кіраўнік узорнага ансамбля бальнага танца “Фэст” Цэнтра культуры Віцебска Наталля Таўсташова. — І ў гэтым плане мне вельмі спадабаўся падыход арганізатараў да працэсу: была прадумана кожная дробязь, нават распрацаваны дрэс-код (чырвоныя камізэлькі ў мужчын і чырвоная ружа ў жанчын) для візуальнага абазначэння ўсіх службаў арганізатараў”. Яшчэ адным кампанентам станоўчага іміджу конкурсу стала месца правядзення турніру — спарткомплекс “Алімпіец”. Цудоўны паркет, утульная глядзельная зала — пляцоўка дазваляе праводзіць мерапрыемствы ўзроўню чэмпіянату свету па танцавальным спорце.

 Адметнасцю турніру стала яшчэ і вельмі аўтарытэтная лінейка суддзяў. Вельмі часта танцораў-пачаткоўцаў ацэньваюць спецыялісты, што толькі пачынаюць кар’еру ў якасці суддзяў. У Магілёве ж сабраліся суддзі вышэйшых нацыянальных і міжнароднай катэгорый.
“Узровень турніру складаецца з шэрагу фактараў: умовы прыёму, колькасць краін-удзельніц і краін, што ўдзельнічаюць у судзействе, клас суддзяў і клас спартсменаў. Але сітуацыя не будзе паспяховай пры пустой глядзельнай зале, — дадала Наталля Барысаўна, — і трыбуны, запоўненыя “пад столь” на працягу ўсяго часу правядзення конкурсу, таксама заслуга арганізатараў. Вельмі цяжка ўпэўніць гледача прыйсці на невядомае мерапрыемства, але я спадзяюся, што некаторыя з тых, хто зараз быў на трыбунах, у хуткім часе выйдуць на паркет ужо ў якасці канкурсантаў, адкрыўшы для сябе гэты від спорту. І такія конкурсы — найлепшы сродак патрыятычнага выхавання (мы паказваем свету нашу краіну і яе магчымасці) і далучэння моладзі да здаровага ладу жыцця. Гэта выхаванне людзей, якія ўмеюць працаваць, ствараць прыгажосць і паважаць канкурэнтаў. Правядзенне конкурсу ў рэгіёне дало магчымасць паказацца рэгіянальным клубам (на конкурсе былі прадстаўлены ўсе клубы Магілёва). Дарэчы, Магілёўская школа спартыўнага танца ўжо зарэкамендавала сябе на беларускім рынку: у шэрагу ўзроставых катэгорый на чэмпіянаце Беларусі на п’едэстале стаяць магілёўскія пары, а па колькасці ўдзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў Магілёўская вобласць займае адно з вядучых месцаў. Турнір — гэта вяршыня айсберга, асновай якога з’яўляецца штодзённая шматгадовая плённая праца вялікай колькасці людзей”.

Глеб Казловіч і Марыя Сабанская прадстаўлялі на конкурсе Мінскі клуб "Сучасны стыль".“У рамках магілёўскага турніру ва ўзроставых групах “Юніёры-1”, “Юніёры-2” і “Моладзь” праходзіў турнір сусветнай класіфікацыі. Гэта значыць, што ўсе пары, што ўдзельнічалі ў конкурсе, атрымалі рэйтынгавыя балы, якія ўключаюцца ў сусветную табліцу рэйтынгу ўсіх танцавальных пар, — патлумачыла нам галоўны суддзя WDSF Open Ірэна Бусь (Кіеў, Украіна). — Перадумоў для паспяховага развіцця гэтага турніру вельмі многа: і цудоўная зала, і прафесіяналізм арганізатараў. Засталося толькі стварыць танцавальную традыцыю і быць на слыху ў калег-прафесіяналаў. Вельмі хочацца адзначыць дзяцей-пачаткоўцаў, што ўдзельнічалі ў конкурсе. У бальных танцах вельмі важная аснова: калі правільна закладзены фундамент, то і дом на ім можна пабудаваць вельмі добры, — выхаванцы беларускіх педагогаў танцуюць вельмі чыста. На жаль, у многіх краінах педагогі імкнуцца да шоу, але калі ў дзіцяці не працуюць мышцы і ступня, гэтага не атрымаецца. Але вашы педагогі на вышыні і рухаюцца ў правільным кірунку, закладваючы танцавальную базу”.

Алена Казыра, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту, суддзя турніру, адзначыла, што такая падзея, як Магілёўскі турнір па спартыўных танцах, не можа застацца незаўважанай і не можа не паўплываць на развіццё танцавальнага спорту ў нашай краіне, прывабліваючы ў спартыўныя танцы новыя пары з рэгіёнаў. “Вельмі радасна, што турніры такога ўзроўню з’яўляюцца ў абласных цэнтрах, — адзначыла Алена Мікалаеўна. — Вялікі дзякуй арганізатарам за смеласць, настойлівасць і ўпартасць”.

Сёння сапраўды спартыўныя бальныя танцы ў нашай краіне набіраюць папулярнасць. У танцавальныя клубы прыходзяць не толькі дзеці, але і моладзь, і нават людзі сталага ўзросту. Для многіх з іх выхад на паркет кожны раз становіцца сапраўдным святам. А мы спадзяёмся, што “WDSF Mogilev Open” стане традыцыйным і яшчэ не раз будзе збіраць прафесіяналаў і аматараў спартыўных бальных танцаў.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.

public@nastgaz.by

Фота аўтара.