“Татава школа” для выхаванцаў

Загадчык ясляў-сада № 8 Смаргоні Віктар Пятровіч Кеда сваю прафесію выбраў па прыкладзе і добрай парадзе старэйшай сястры, якая працавала выхавальнікам. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 3 Смаргоні ў 1981 годзе ён паступіў у педагагічны ўніверсітэт Мінска на спецыяльнасць “Педагогіка і псіхалогія дашкольная”. У той час гэта быў даволі модны кірунак, які выбіралі нават юнакі. На працягу чатырох гадоў Віктар Пятровіч спасцігаў асновы педагагічнага майстэрства.

Першым месцам яго працы стаў дзіцячы сад вёскі Міцкавічы Смаргонскага раёна, дзе Віктара Пятровіча адразу прызначылі загадчыкам. Установа толькі адкрылася, і малады кіраўнік разам са старшынёй мясцовага калгаса заняўся ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы сада. А праз некалькі месяцаў Віктара Пятровіча прызвалі ў армію. Адслужыўшы, ён уладкаваўся выхавальнікам у дзіцячы сад № 15 Смаргоні.

“Калі я прыйшоў працаваць у 15-ы сад, сыну было 3 гады, таму выхаваўчая работа была блізкай для мяне, я адчуваў яе яшчэ як бацька, — падкрэслівае Віктар Пятровіч. — Уменне і рознабаковы вопыт прыйшлі хутка, таму што мне было цікава вучыць і выхоўваць малышоў. Даводзілася працаваць і ў ясельнай групе, і з дзецьмі з АПФР. Усім прафесійным тонкасцям вучыўся ў больш вопытных педагогаў. Хіба што заплятаць дзяўчынкам коскі так і не навучыўся. Затое, калі працаваў выхавальнікам, час ад часу рабіў у групе нескладаны рамонт дзіцячай мэблі і цацак. І дзеці не толькі назіралі за гэтым працэсам, але і імкнуліся дапамагчы. “Татава школа” прыйшлася даспадобы бацькам выхаванцаў.

Побач са мной заўсёды былі добрыя памочнікі, мае калегі, гатовыя ў любы момант падставіць плячо. Шмат карысных парад пачуў ад іх і засвоіў самае важнае: ва ўзаемадзеянні з дзецьмі варта прыслухоўвацца да свайго сэрца, адчуваць, якія крокі неабходны ў далейшым. Зразумела, шмат добрых парад у кнігах, але іншы раз іх даюць людзі, якія самі не мелі належнай практыкі работы з дзецьмі. А яны вельмі розныя, і ў зносінах з імі могуць узнікаць самыя нечаканыя сітуацыі. У кожнай групе ёсць лідары і тыя, хто схільны падпарадкоўвацца, ёсць непаслухмяныя хуліганы, а ёсць сарамлівыя ціхоні. Да кожнага дзіцяці варта шукаць індывідуальны падыход: з кімсьці быць больш строгім, а з кімсьці — добрым. Некаторыя вельмі любяць паразмаўляць з выхавальнікам, выказаць сваё “я”. Іншыя, наадварот, імкнуцца больш слухаць, яны любяць, калі ім чытаюць кніжкі, расказваюць казкі. У рабоце з дзецьмі я навучыўся дабівацца пастаўленых мэт і задач, згуртоўваць малышоў вакол сябе. І яшчэ адно маё строгае правіла: ніколі не падманваць выхаванцаў, не даваць ім пустых абяцанняў”.

У 2005 годзе Віктар Пятровіч Кеда стаў загадчыкам ясляў-сада № 8 Смаргоні. “Сёння нашу ўстанову наведваюць 257 дзяцей, — гаворыць кіраўнік. — Дзейнічаюць 2 ясельныя групы, 2 спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і 8 садаўскіх груп. Мой працоўны дзень пачынаецца з агляду кожнай групы. Я цікаўлюся і ў педагогаў, і ў выхаванцаў, які ў іх настрой, жадаю добрага дня. Малышы заўсёды з радасцю дзеляцца са мной навінамі. Самы галоўны чалавек у групе — выхавальнік. Ён праводзіць заняткі, адказвае за ўсё, што там адбываецца: за псіхалагічную атмасферу, за парадак і камфорт. Даведаўся аднойчы, што педагогі самых непаслухмяных малышоў пужаюць мной, маўляў, зараз паклічу ў групу грознага начальніка (Віктара Пятровіча), і ён пакарае вас. “Я ніколі і нікога не караю, таму не пужайце мной, калі ласка”, — нагадаў я сваім супрацоўнікам. — Узаемаадносіны ў калектыве павінны будавацца на павазе. Калі ж мы будзем адно аднаго баяцца, то нічога добрага не атрымаецца. У дзіцячым садзе павінна быць па-сямейнаму ўтульна, без залішняга афіцыёзу і бар’ераў ва ўзаемаадносінах, у тым ліку і з бацькамі выхаванцаў”.

Віктар Пятровіч упэўнены, што поспех у працы залежыць ад прафесійнай кампетэнтнасці кадраў. У садзе граматна арганізавана метадычная работа, у педагогаў ёсць магчымасць павышаць свой адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень, праходзіць перападрыхтоўку ў кірунку “Педагогіка дзяцінства”. У многіх супрацоўнікаў установы ўсяго адзін запіс у працоўнай кніжцы — “прыняты на працу ў яслі-сад № 8”. Выхавальнікі-пачаткоўцы, будучыя зорачкі, вучацца майстэрству ў “ветэранаў”. Дарэчы, маладыя спецыялісты ўстановы ўжо заявілі пра сябе на раённых і абласных конкурсах. Адна з важных задач загадчыка ўстановы — павышэнне сацыяльнага статусу педагога. У калектыўным дагаворы сада прадугледжана матэрыяльнае стымуляванне за абагульненне і ўкараненне інавацыйных форм і метадаў работы, трансляцыю эфектыўнага педвопыту ў СМІ, на раённых і абласных мерапрыемствах. Адзін са шляхоў павышэння якасці адукацыі, на думку Віктара Пятровіча, укараненне ў педпрактыку сучасных адукацыйных тэхналогій, у тым ліку ІКТ, ЭАР. У садзе функцыянуюць групы з беларускай мовай навучання. Гэта ў многім заслуга Віктара Пятровіча. І яшчэ адзін з важных кірункаў работы ўстановы — задавальненне запытаў бацькоў на атрыманне дзецьмі якаснай адукацыі. Сёння ў яслях-садзе № 8 бацькам прапаноўваюцца розныя варыянты: групы кароткачасовага знаходжання (адаптацыйныя і прагулачныя), а таксама навучанне і выхаванне дзяцей дома па праграме дашкольнай адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *