Дзень народнага адзінства для Беларусі больш чым проста свята. Гэта ключавы элемент нацыянальнай самасвядомасці, які дапамагае краіне захоўваць сваю ўнікальнасць, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар Філатаўскай сярэдняй школы імя С.А.Лавянецкага Круглянскага раёна Таццяна Семчанка.
— Дзень народнага адзінства для Беларусі больш чым проста свята. Гэта ключавы элемент нацыянальнай самасвядомасці, які дапамагае краіне захоўваць сваю ўнікальнасць. Гэта напамін аб значнасці яднання нацыі, якое ў сучасных рэаліях набывае асаблівы сэнс.
Сённяшні свет пастаянна сутыкаецца з рознымі пагрозамі. Глабальныя і рэгіянальныя канфлікты, палітычныя крызісы ставяць пад удар бяспеку і незалежнасць многіх дзяржаў. Наша Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, непазбежна адчувае на сабе наступствы геапалітычных супярэчнасцей. На наглядных прыкладах мы бачым, як лёгка можа быць разбурана грамадства, калі яно не аб’яднана агульнымі мэтамі і каштоўнасцямі, калі сярод народа няма ўнутранай згоды.
Нацыянальная кансалідацыя — адзіны магчымы спосаб захаваць суверэнітэт і стабільнасць рэспублікі.
Усведамленне ўсіх гэтых пасылаў неабходна закладваць у маладое пакаленне, бо менавіта за дзецьмі будучыня Беларусі. І тут вялікая роля школы і педагогаў. Установы адукацыі і мы, настаўнікі, шмат у чым адказныя за фарміраванне ў навучэнцаў нацыянальнай ідэнтычнасці, грамадзянскасці, патрыятызму.
Вельмі важна, каб праяўленне патрыятызму сярод моладзі было не фармальным, а асэнсаваным і шчырым. Выхаваўчая работа ў навучальнай установе цяпер набывае выключны прыярытэт. Асновай па-ранейшаму застаецца прывіццё любові да Радзімы, павагі да гісторыі і культуры свайго народа. Аднак неабходна ўлічваць і новыя выклікі: інфармацыйныя войны, маніпуляцыі грамадскай свядомасцю. У гэтых умовах трэба вучыць падлеткаў уменню супрацьстаяць уплыву знешніх уздзеянняў, адрозніваць праўду ад ілжывых сцвярджэнняў.
На ўсё гэта робіць упор педагагічны калектыў нашай школы. Сярод акцэнтаў выхавання таксама ўсебаковае ўключэнне вучняў у грамадскае жыццё. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных сацыяльных праектах, што спрыяе ўкараненню ў іх сэрцах разумення агульнасці і ўзаемадапамогі сярод беларусаў. Многае робім і для далучэння дзяцей да нацыянальных традыцый. Зараз рэалізуем інавацыйны праект па стварэнні сеткавай рэгіянальнай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў. Работа вядзецца ў партнёрстве з іншымі ўстановамі адукацыі раёна. Разам — усёй педагагічнай грамадскасцю — гадуем дзяцей сапраўднымі грамадзянамі, гатовымі жыць і працаваць на карысць роднай краіны.
Аб’яднанымі намаганнямі падышлі і да святкавання Дня народнага адзінства. Праз масавыя мітынгі, акцыі, флэш-мобы чарговы раз нагадалі навучэнцам, што сіла беларускага народа — у згуртаванасці.
Падрыхтавала Ганна СІНЬКЕВІЧ