Начаўская сярэдняя школа Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці заўсёды славілася добрымі традыцыямі. Работа з высокаматываванымі і адоранымі вучнямі — прыярытэтны кірунак работы нашай установы.
Нягледзячы на аддаленасць школы ад раённага цэнтра, мы максімальна пашырылі спектр яе дзейнасці: на працягу тыдня праводзяцца факультатыўныя заняткі, у шосты школьны дзень — індывідуальныя заняткі з вучнямі, для вучняў з некалькіх устаноў адукацыі арганізоўваецца факультатыў па біялогіі, які праводзіць выкладчык Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта М.А.Лукашэня. Нашы школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у раённых інтэрнэт-алімпіядах па біялогіі і хіміі, рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым
ганаруся”, шматлікіх конкурсах, на базе школы адкрыты гурткі ад устаноў дадатковай адукацыі Ляхавіч — ЦДАДзіМ, ДзЮСШ, ЛРЦТіКДзіМ.
Пераможцы конкурсаў і алімпіяд — гэта гордасць для кожнай установы адукацыі. Нашай школе таксама ёсць кім ганарыцца. Адна з лепшых вучаніц установы адукацыі, пераможца абласных і рэспубліканскіх этапаў алімпіяд і конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў — Таццяна Чаранкевіч. Нарадзілася яна ў канцы студзеня, амаль у Таццянін дзень, што ў пэўнай ступені і вызначыла яе імя. Інтарэсы ў гэтай таленавітай дзяўчыны рознабаковыя. Таццяна паспяхова займаецца біялогіяй і экалогіяй, міні-футболам і гандболам, здымае краязнаўчыя відэафільмы і стварае шэдэўры ў тэхніцы квілінг. У яе на ўсё хапае часу, бо яна ўмее правільна яго размяркоўваць.
На працягу двух вучэбных гадоў Таццяна дэманструе стабільна высокія вынікі ўдзелу ў раённым і абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Сёлета на трэцім этапе алімпіяды дзяўчына была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені.
Летась Таццяна заняла трэцяе месца ў конкурсе юных эколагаў. Дзякуючы гэтай перамозе, ёй выпала ўнікальная магчымасць у час летніх канікул у ліку лепшых юннатаў рэспублікі адпачыць і адначасова папрацаваць з вучонымі, паглыбіць свае веды па экалогіі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку ў Рэспубліканскім профільным лагеры “Юны эколаг”.
Паспяховая Таццяна і ў спорце. У снежні мінулага года ў складзе зборнай каманды раёна прымала ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага турніру па міні-футболе, як вынік — другое агульнакаманднае месца.
Чалавек можа лічыць сябе сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны тады, калі ён вывучае яе гісторыю, культуру, традыцыі народа, знаёміцца з асобамі выдатных землякоў, бо без ведання мінулага нельга зазірнуць у будучыню. З відэафільмам “Мая маленькая радзіма” Таццяна прадстаўляла наш аграгарадок Начаўскі і школу ў лагеры “Зубраня”. Работа ўзнагароджана дыпломам Міністэрства адукацыі за 2 месца ў конкурсе юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма” ў намінацыі “Сельскі населены пункт” у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Удзел у конкурсе юных экскурсаводаў “Мая радзіма — Беларусь” прынёс ёй заслужаны дыплом упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
І ўсе гэтыя дасягненні — толькі за адзін каляндарны год. Але па-іншаму і быць не магло, бо работа праведзена каласальная — без перапынкаў на летнія канікулы і адпачынак, і вопыт назапашаны велізарны.
А развіць усе гэтыя якасці, дасягнуць такіх вяршынь дапамагаюць дзяўчыне школьныя настаўнікі: Наталля Уладзіміраўна Катко, настаўніца біялогіі і хіміі, Святлана Мікалаеўна Чаранкевіч, настаўніца геаграфіі, Васіль Сяргеевіч Пастарнакевіч, настаўнік фізічнай культуры і спорту, — адукаваныя, творчыя і мэтанакіраваныя педагогі. Падтрымліваюць справы школы і бацькі, якія заўсёды зацікаўлены і ганарацца поспехамі сваіх дзяцей.
Не сумняваюся, што і гэты год будзе для Таццяны пераможным. Яна мэтанакіравана ідзе па сонечным баку жыцця да сваёй мары: стаць паспяховай у жыцці і ў будучай прафесіі, якую яна хоча звязаць з біялогіяй і хіміяй.
Дзіна ЯНУШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Начаўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.