Бельгія паступова вяртаецца да нармальнага жыцця пасля самых страшных у сваёй гісторыі тэрактаў, якія 22 сакавіка ўзрушылі не толькі краіну, але і ўвесь свет.
Ужо ўвечары 23 сакавіка пачалі аднаўляць работу некаторыя чыгуначныя станцыі і вакзал. Паліцыя прымяняе металашукальнікі і аглядае сумкі пасажыраў.
На ўсёй тэрыторыі Бельгіі ўведзены найвышэйшы, чацвёрты, узровень тэрарыстычнай пагрозы, а таксама ўзмоцнены кантроль на граніцах краіны.
На вуліцах горада, акрамя паліцэйскіх, можна ўбачыць ваенных, узброеных штурмавымі вінтоўкамі і пісталетамі-кулямётамі.
У краіне прайшла трохдзённая жалоба па загінулых у выніку двух узрываў у зале прылёту Брусельскага міжнароднага аэрапорта і яшчэ аднаго ўзрыву на станцыі метро “Маалбек” у еўраквартале Бруселя.
Паводле папярэдніх даных, загінулі 34 чалавекі, больш за 230 атрымалі раненні. Ноччу 23 сакавіка ў цэнтры Бруселя на бульвары Анспах перад будынкам Біржы каля дзвюх тысяч жыхароў горада і замежных турыстаў са свечкамі спантанна сабраліся на маўклівую паніхіду.
Сярод пацярпелых — іншаземцы, што нядзіўна, прымаючы пад увагу месца правядзення тэрарыстычных актаў — міжнародны аэрапорт і станцыя метро ў еўраквартале Бруселя, дзе знаходзяцца рэзідэнцыі інстытутаў ЕС.
У выніку тэрактаў у Бруселі пацярпелі дзевяць грамадзян ЗША. Гэта ваеннаслужачы ВПС, пяць членаў яго сям’і і тры місіянеры са штата Юта. Сярод пацярпелых быў дыпламат са Славеніі, раненні атрымалі двое турыстаў з Сербіі, таксама пацярпелі трое італьянцаў.