Тэсціраваць праграмны прадукт

- 10:21Якасць адукацыі

Улічваючы імклівае развіццё IT-сферы ў нашай краіне, новая спецыяльнасць “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння” была адкрыта ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Ля вытокаў падрыхтоўкі спецыялістаў па новым кірунку інфармацыйных тэхналогій стаіць Таццяна Леанідаўна Трухановіч, старшы выкладчык кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, выпускніца факультэта прыкладной матэматыкі БДУ, магістр кіравання інфармацыйнымі сістэмамі, аўтар вучэбных дапаможнікаў і распрацоўшчык IT-прадуктаў. Сёння Таццяна Леанідаўна расказвае, як вядзецца падрыхтоўка будучых тэсціроўшчыкаў.

— Ідэя адкрыць новую спецыяльнасць па тэсціраванні праграмнага забеспячэння ўзнікла ў нашай установе яшчэ ў 2011 годзе. Для гэтага мы сфарміравалі рабочую групу, у склад якой увайшлі выкладчыкі і метадысты. Нашай мэтай стала прааналізаваць сітуацыю на рынку працы на прадмет патрэбнасці ў кадрах менавіта тых прадпрыемстваў і арганізацый, якія працуюць у IT-галіне, і тых патрабаванняў, якія яны прад’яўляюць да спецыялістаў у сферы тэсціравання праграмнага забеспячэння. Акрамя таго, нам было цікава, як працуюць у гэтым напрамку нашы калегі з суседніх краін, у тым ліку з Расійскай Федэрацыі. Каштоўнымі былі звесткі аб тым, што прапаноўваюць камерцыйныя адукацыйныя цэнтры, а таксама супрацоўнікі кампаніі Itransition, з якімі мы цесна супрацоўнічалі і атрымлівалі неабходныя рэкамендацыі, як арганізаваць падрыхтоўку кадраў па новай спецыяльнасці. Абагульніўшы здабытую інфармацыю, мы выдзелілі цыкл патрабаванняў, якія ляглі ў аснову падрыхтоўкі новых кадраў.

Пасля ўзгаднення новай вучэбна-плануючай дакументацыі з вышэйстаячымі структурамі сістэмы адукацыі ў 2013 годзе адбыўся першы набор на спецыяльнасць “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”. У лік навучэнцаў акадэміі ўвайшлі лепшыя выпускнікі 9-х класаў, у якіх быў высокі сярэдні бал пасведчання аб адукацыі і якія прайшлі конкурс, які складаў 2 чалавекі на месца. Навучанне ў вучэбных групах адбываецца на бюджэтнай і на платнай асновах. Адной з асаблівасцей стала тое, што па гэтай спецыяльнасці ў нашай акадэміі быў скарочаны тэрмін навучання, а пазней праз год-два пачалі скарачаць тэрмін па іншых спецыяльнасцях.

Новы вучэбны план складаўся з трох блокаў. У першым блоку навучэнцы праходзілі курс агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі, аналагічнай 10—11 класам сярэдняй школы. Другі блок прадугледжваў вывучэнне на 2 курсе спецыяльных дысцыплін. IT-спецыялісты павінны ўмець карыстацца праграмным забеспячэннем, ведаць мовы праграмавання, аперацыйныя сістэмы і базы даных, інтэрнэт-тэхналогіі, тэхналогіі распрацоўкі праграммнага забеспячэння, інфармацыйную бяспеку ў камунікацыйных сістэмах. Акрамя таго, навучэнцы вывучаюць элементы правазнаўства ў межах курса аб прававым забеспячэнні інфармацыйных сістэм. У цыкл спецыяльных дысцыплін па тэсціраванні праграмнага забеспячэння на 3 курсе ўваходзіць навучанне па тэхналогіях тэсціравання праграмнага забеспячэння, а таксама па аўтаматызаваным тэсціраванні праграмнага забеспячэння.

У нашай акадэміі вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы кадраў на англійскай мове. Навучэнцы вывучаюць паглыблена англійскую мову за курс сярэдняй школы. Далей, на працягу ўсёй вучобы, англійская мова вывучаецца на ўзроўні прафесійнай лексікі. Для ўдасканалення ў навучэнцаў англійскай мовы мы праводзім у акадэміі алімпіяду Top developers па мовах і тэхналогіях распрацоўкі праграмнага забеспячэння, дзе заданні даюцца на англійскай мове. Акрамя таго, актыўна далучаем сваіх навучэнцаў да ўдзелу ў розных конкурсах і алімпіядах. Яны маюць дыпломы раённых алімпіяд па інфарматыцы, Рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных гульняў “Патрыёт.by”. Нядаўна наш навучэнец — трэцякурснік Дзмітрый Добыш — заняў у гэтым спаборніцтве 2-е месца. Я была кіраўніком яго праекта, з якім ён выступаў на гэтым конкурсе. Нашы навучэнцы прымаюць удзел у студэнцкіх канферэнцыях у БНТУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Хутка там адбудзецца навуковая канферэнцыя “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”, дзе свае распрацоўкі прадставяць і нашы навучэнцы. Навучэнцы акадэміі прымаюць удзел у Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills, у міжнароднай алімпіядзе краін СНД “IT-планета”. На нашай кафедры сярод навучэнцаў вядзецца навукова-даследчая дзейнасць, створана некалькі студэнцкіх канструктарскіх бюро, дзе для патрэб акадэміі распрацоўваюцца розныя праекты, а ў будучым новыя распрацоўкі могуць выйсці за межы нашай установы. У працэсе навучання мы выкарыстоўваем спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне для аўтаматызаванага тэсціравання. Мы ўзяліся за стварэнне электронных метадычна-вучэбных комплексаў, якія прымяняюцца ў працэсе навучання. У час тэарэтычных заняткаў з дапамогай праекцыйнага абсталявання дэманструем мультымедыйныя прэзентацыі. Што тычыцца лабараторных заняткаў па мовах праграмавання і тэсціраванні ПЗ, то мы прывучаем навучэнцаў працаваць па метадычным дапаможніку, выконваць заданні менавіта так, як патрабуюць ўмовы задачы, ствараць справаздачу па выкананай рабоце.
Першая вучэбная практыка па гэтай спецыяльнасці праходзіць у канцы 2 курса на працягу аднаго тыдня, дзе навучэнцы замацоўваюць веды па спецдысцыплінах, распрацоўваюць праект, тэсціруюць і прэзентуюць яго.
На 3 курсе навучэнцы праходзяць тэхналагічную і пераддыпломную практыку ў ІТ-аддзелах прадпрыемстваў, а таксама ІТ-кампаніях.

Там яны вывучаюць IT-інфраструктуру прадпрыемcтва, яго абсталяванне, як арганізавана інфармацыйная бяспека, якое там тэхналагічнае праграмнае забеспячэнне. Кожны з выпускнікоў атрымлівае індывідуальнае заданне распрацаваць невялікую праграму і пратэсціраваць яе. Часцей навучэнцы працуюць з сайтам прадпрыемства.

Пераддыпломная практыка прадугледжвае розныя віды тэсціравання праграмнага забеспячэння на прадпрыемстве. Стаіць задача пратэсціраваць праграмнае забеспячэнне на прадмет супадзення з тэхнічным заданнем, каб не было памылак. Праграміст распрацоўвае праграмны прадукт, а тэсціроўшчык яго правярае, запускаючы тэставыя наборы даных, распрацаваныя і ўзгодненыя з заказчыкам на этапе праектавання, для якіх загадзя вядомы вынікі працы праграмнага забеспячэння.

Наша спецыяльнасць на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі інтэгравана са спецыяльнасцямі вышэйшага ўзроўню. Навучэнцы могуць праходзіць практыку на такіх прадпрыемствах, як “Белтэлекам”, “Белтэлерадыёкампанія”, Інстытут прыкладных праграм і сістэм (пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі), у рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. А працаўладкавацца яны могуць на любое прадпрыемства, дзе ёсць ІТ-аддзелы, на пасады ІТ-профілю, для якіх дастаткова мець сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.