Талерантнасць — гэта ўспрыманне адзінства чалавецтва, узаемасувязі ўсіх і кожнага. Гэта павага правоў іншага чалавека, а таксама ўстрыманне ад нанясення шкоды іншаму чалавеку і самому сабе.
У Быхаўскім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў рамках Тыдня талерантнасці прайшлі мерапрыемствы з мэтай стварэння атмасферы супольнасці і ўзаемаразумення, выхавання памяркоўнага стаўлення да іншых.
Тыдзень адкрыўся конкурсам фатаграфій “Падары ўсмешку” і фотаакцыяй “Абдымі мяне”. Спрыяе выхаванню талерантнасці наведванне Быхаўскімі школьнікамі выхаванцаў цэнтра. Дзеці заўсёды прыходзяць у госці не з пустымі рукамі, а прыносяць шмат цацак і кніг, сабраных навучэнцамі школ для дзяцей з асаблівасцямі.
Цікава і яскрава прайшлі калектыўныя работы “Далонькі цяпла” і “Ялінка дружбы”, флэш-моб “Мы розныя, але мы сябруем”. Кожны чалавек — гэта асобны свет, са сваімі эмоцыямі і пачуццямі, узлётамі і падзеннямі. Было б выдатна, калі б усе людзі ставіліся адно да аднаго больш памяркоўна, не прыносілі боль і шкоду іншым.
Марыя ШПАЧЭНКА,
супрацоўнік Быхаўскага ЦКРНіР Магілёўскай вобласці.