“Тлумачыць тэму так, што ўсім усё зразумела”

- 10:33Людзі адукацыі

Да педагагічнай працы настаўніца інфарматыкі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Ларыса Батан імкнулася з дзяцінства. Ды і як інакш, калі перад вачыма заўсёды быў прыклад матулі-педагога. Нядзіўна, што і Ларыса Валер’еўна з малых гадоў схілялася менавіта да гэтай прафесіі.

— Калі мае аднагодкі бавілі час у двары, я гуляла ў школу. Часам збірала суседскіх дзяцей, рассаджвала іх за імправізаванымі партамі і пачынала праводзіць урокі. Ужо тады дакладна ведала, што абавязкова буду настаўнікам, — успамінае Ларыса Батан.

Цудоўныя школьныя настаўнікі толькі ўмацавалі дзіцячае жаданне звязаць жыццё з педагогікай, таму пасля атрымання атэстата свайго рашэння стаць педагогам Ларыса Валер’еўна не змяніла.

Школьнае захапленне фізікай і матэматыкай дапамагло ёй вызначыцца з профілем. Непрыметна паляцелі гады студэнцтва. У МДУ імя А.А.Куляшова Ларыса Батан мэтанакіравана спасцігала асновы настаўніцкага майстэрства. Студэнтку-выдатніцу хутка заўважылі, а пасля ўручэння дыпломаў і ўвогуле прапанавалі застацца працаваць ва ўніверсітэце. На тую прапанову Л.В.Батан згадзілася і затрымалася ў роднай ВНУ на доўгія дваццаць гадоў.

Калі здавалася, што значных перамен у прафесійнай дзейнасці не прадбачыцца, яны адбыліся. Па пэўных жыццёвых абставінах Ларыса Валер’еўна перайшла з вышэйшай школы ў сферу агульнай сярэдняй адукацыі. Стала выкладаць інфарматыку ў Ліцэі БРУ.

— Нягледзячы на вялікі вопыт, зараз у нейкай ступені лічу сябе пачынаючым настаўнікам. Праца з ліцэістамі крыху адрозніваецца ад выкладання студэнтам, таму актыўна займаюся самаадукацыяй, — адзначыла Ларыса Батан.

Свае ўрокі педагог будуе традыцыйна: на першым этапе — актуалізацыя ведаў або паўтарэнне пройдзенага, прычым успамінаецца не проста інфармацыя з апошніх заняткаў, а тое, што дапаможа засвоіць новую тэму. Ларыса Валер’еўна ўпэўнена, што шляхам запамінання інфарматыку не вывучыш, гэты прадмет неабходна разумець. Выкарыстоўваючы розныя методыкі навучання, яна не проста дае неабходныя веды, а вучыць дзяцей вучыцца самастойна, ненадакучліва падштурхоўвае да ўласных адкрыццяў, такім чынам выпрацоўваючы ў вучняў уменні разважаць, рашаць нестандартныя задачы і творча думаць. Сакрэт захопленасці выхаванцаў Ларысы Батан інфарматыкай, напэўна, і ў тым, што да кожнага дзіцяці педагог умее знайсці свой падыход.

— На ўроках у Ларысы Валер’еўны вельмі цікава. Яна заўсёды тлумачыць тэму так, што ўсім усё зразумела. А яшчэ яна падрабязна расказвае, у якіх жыццёвых сітуацыях можна прымяніць атрыманыя на занятках веды, — расказалі вучні 11 класа Антон Іваноў і Ілья Бажкоў.

Асаблівую ўвагу Ларыса Батан удзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. З таленавітымі дзецьмі яна займаецца інфарматыкай на факультатывах, стымулюючых занятках, працуе з навучэнцамі індывідуальна, усяляк падтрымліваючы іх пачынанні. Карпатлівая праца дае адпаведны вынік. У Ліцэі БРУ Ларыса Валер’еўна працуе толькі другі год, а яе вучні ўжо дасягаюць бліскучых поспехаў у вучобе. Ліцэісты выдатна праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, у тым ліку на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, пераможна выступаюць на навукова-даследчых конкурсах.

Такія вучнёўскія дасягненні — лепшы паказчык майстэрства настаўніка. Для Ларысы Батан яны вельмі значныя, таму яна будзе працягваць прафесійнае ўдасканальванне, каб вучні і далей працягвалі радаваць яе сваімі поспехамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.