Традыцыі дабрачыннасці

- 10:34Нашы дзеці

Заўтра, 9 снежня, распачнецца традыцыйная навагодняя рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Акцыя праводзіцца 21-ы раз і будзе доўжыцца да 8 студзеня, хаця некаторыя яе мерапрыемствы адбудуцца таксама 13 і 14 студзеня.

— Штогод не толькі вышэйшыя службовыя асобы, але і кіраўнікі банкаў, члены грамадскіх арганізацый, проста нераўнадушныя людзі прымаюць удзел у гэтай акцыі, — сказала на сустрэчы з журналістамі начальнік упраўлення сацыяльна-выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Аляксандраўна Саротнік. — Яны наведваюць дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, прытулкі, апякунскія, мнагадзетныя, няпоўныя сем’і і прыносяць не толькі падарункі, але і ўвагу, і клопат.

Рэспубліканская акцыя такім чынам прыцягвае ўвагу грамадства да праблем дзяцінства. Адной з найбольш яркіх падзей стане Галоўная ёлка краіны з удзелам кіраўніка дзяржавы, якая сёлета пройдзе ў сталічным Палацы Рэспублікі 23 снежня. Збяруцца на гэтым свяце каля 2400 дзяцей.

На рэспубліканскім узроўні ўдзельнікамі акцыі стане больш за 12 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, будуць задзейнічаны 130 дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і г.д. Зразумела, акцыя ўключае мноства мерапрыемстваў у рэгіёнах, у тым ліку губернатарскія ёлкі ў кожнай вобласці.

З кожным годам, дарэчы, павялічваецца аб’ём матэрыяльнай дапамогі, якую дабрачынцы аказваюць дзецям. Так, летась яна склала 9 млрд 221 млн рублёў, у 2014 годзе — 5 млрд 705 млн, а ў 2013 годзе — 4 млрд 722 млн рублёў. Пры гэтым колькасць дзяцей-сірот у краіне пастаянна зніжаецца — зараз іх 21 200 чалавек. На цяперашні момант дзеці-сіроты складаюць 1,16% ад агульнай колькасці малых. М.А.Саротнік нагадала, што на пачатак 2015 года ў Беларусі налічвалася 40 дзіцячых інтэрнатных устаноў, на верасень года бягучага — 35, усё больш малых, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Расце колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу — зараз іх у краіне 262.

Важна, што рэспубліканская акцыя не застаецца разавым мерапрыемствам, пра якое згадваюць толькі аднойчы на працягу года. Напрыклад, РУП “Белмедпрэпараты” круглы год апякае маладзечанскую школу-інтэрнат № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку, забяспечваючы іх прадукцыяй сваёй вытворчасці.

Сёлета надзвычай актыўны ўдзел у акцыі прымуць валанцёры з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Іх клопат распаўсюдзіцца больш чым на 20 дзіцячых інтэрнатных устаноў, дзіцячы хоспіс, гарадскія і рэспубліканскія дзіцячыя бальніцы, іншыя ўстановы. Традыцыйна ўдзельнічаюць у акцыі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі саюз жанчын, Беларускі дзіцячы фонд, іншыя грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі.

Так, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі распачне акцыю сёння, 8 снежня, адкрыццём ХХ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навучэнцаў “Калядная зорка”. Па словах дырэктара цэнтра Надзеі Васільеўны Васільчанка, сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 10 тысяч навучэнцаў з 487 устаноў адукацыі. Больш за 500 работ было прадстаўлена на рэспубліканскім этапе конкурсу, узнагароды чакаюць 27 пераможцаў і 51 прызёра. Дарэчы, на Галоўнай ёлцы краіны будуць дэманстравацца лепшыя работы фіналістаў.

А 9 снежня падвядзе вынікі VI Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурак, у якім прымуць удзел 30 педагогаў. Між іншым старшынёй журы конкурсу будзе Дзед Мароз з Белавежскай пушчы. Таксама ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі з 17 снежня па 6 студзеня кожны дзень будуць праходзіць спектаклі і святочныя паказы. Зразумела, святочныя мерапрыемствы разгорнуцца не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх установах агульнай сярэдняй, а таксама дадатковай адукацыі.

— Я атрымліваю шмат званкоў і ад устаноў, і ад прыватных асоб аб тым, як можна паўдзельнічаць у рэспубліканскай акцыі, — заўважыла Марыя Аляксандраўна Саротнік. — У кожным упраўленні адукацыі ёсць чалавек, які адказвае за сферу аховы дзяцінства. Ёсць і спісы дзіцячых устаноў з нумарамі тэлефонаў іх кіраўнікоў, да якіх заўсёды можна звярнуцца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.