Трэба рабіць стаўку на спецыялістаў, інтэграваных у сусветную медыцынскую супольнасць

- 11:07Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Дасягненні медыцыны ў многім залежаць ад прафесіяналізму кадраў. На гэтым акцэнтаваў увагу кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак 9 гарадской клінічнай бальніцы Алег Румо перад гарадскім сходам упаўнаважаных V Усебеларускага народнага сходу.

“Развіццё маркетынгу і матэрыяльнай базы з’яўляецца важным, але далёка не вызначальным. З майго пункту гледжання, галоўнае ў нашай справе — перспектыўныя адукаваныя людзі, інтэграваныя ў сусветную медыцынскую супольнасць. Для гэтых дактароў неабходна ствараць базу і маркетынг, які будзе пашыраць іх веды і ўменні”, — сказаў Алег Румо.

Ён адзначыў, што ў рэспубліцы з кожным годам павялічваецца колькасць складаных і высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў. “Мабыць, самых істотных поспехаў удалося дабіцца ў галіне транспланталогіі. Не толькі павялічылася колькасць аперацый, але і істотна пашыраны іх спектр. Сёння Беларусь займае 28 месца ў свеце па развіцці транспланталогіі, знаходзячыся ў гэтым рэйтынгу побач з Германіяй і Італіяй”, — падкрэсліў кіраўнік РНПЦ. Ёсць у арсенале беларускіх трансплантолагаў і ўнікальныя аперацыі.

“Дасягнутыя поспехі ў галіне развіцця высокатэхналагічнай медыцыны далі магчымасць ахове здароўя сталіцы за пяць гадоў у 2,8 разу павялічыць экспарт медпаслуг. І тут лакаматывам стала транспланталогія. На лячэнне ў наш РНПЦ прыязджаюць не толькі з краін СНД, але і, напрыклад, з Японіі”, — адзначыў Алег Румо.

Паводле яго слоў, на такія тэхналогіі ёсць каласальны попыт. “Чарга на выкананне пэўных высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў у нашым цэнтры сярод замежных грамадзян дасягае пяці і больш гадоў, — сказаў Алег Румо. — Каб па-ранейшаму заставацца канкурэнтаздольнымі, захаваць існуючыя рынкі і прымножыць іх, неабходна прыняць Праграму развіцця высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі на 2016—2020 гады”. На думку кіраўніка цэнтра, рэалізацыя праграмы дасць магчымасць Беларусі захаваць сусветнае лідарства ў гэтым пытанні, істотна пашырыць міжнароднае супрацоўніцтва, знізіць нагрузку на бюджэт за кошт выкарыстання прыбытку, атрыманага ад лячэння замежных грамадзян.

У сталіцы прайшоў гарадскі сход удзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу ад Мінска. У мерапрыемстве прынялі ўдзел амаль 400 дэлегатаў, а таксама прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскасці, члены савета старэйшын пры Мінгарвыканкаме, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый.