Трывалыя эканамічныя сувязі — аснова адносін

- 9:49Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказвае занепакоенасць у сувязі са зніжэннем аб’ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве і ЕАЭС. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з губернатарам Кастрамской вобласці Расіі Сяргеем Сітнікавым.

“У ранейшыя часы аб’ёмы нашага ўзаемнага гандлю (Беларусі з Кастрамской вобласцю. — Заўв. БелТА.) перавышалі $100 млн. Не з кожнай буйной краінай у нас такі тавараабарот. Але за апошнія два гады аб’ёмы тавараабароту значна скараціліся, што мяне вельмі хвалюе, — сказаў прэзідэнт. — Паўстае пытанне: навошта мы стваралі адзіную эканамічную прастору не толькі ў нашай Саюзнай дзяржаве, але і ў ЕАЭС?”

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за мінулыя два гады аб’ём тавараабароту ў фармаце ЕАЭС значна знізіўся. “Вось стварылі інтэграцыю… Мяне гэта хвалюе. Я аб гэтым гавару, а гэта выклікае нейкае неразуменне або непрыманне ў Маскве і ў Мінску ў некаторых. Але аб гэтым трэба гаварыць, трэба гэтыя вузкія месцы знаходзіць і неяк склейваць нашы адносіны. Замест таго каб устараняць негатыў, уводзіцца забарона на пастаўкі ялавічыны ў Расію. Як гэта разумець?” — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што трывалыя эканамічныя сувязі з’яўляюцца асновай любых адносін. “Мы заўсёды былі б сябрамі, братамі, але, каб мець назаўсёды брацкія адносіны, павінна быць аснова — гэта эканоміка. І дзякуй богу, што ў нас яна вельмі залежная адно ад аднаго”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па многіх напрамках беларуская прамысловая прадукцыя вырабляецца з выкарыстаннем вялікай долі расійскіх камплектуючых і сыравіны. Пры гэтым устойлівая работа адпаведных вытворчасцей у Расіі ў значнай меры залежыць і ад сітуацыі на беларускіх заводах.

“Прамыя партнёрскія сувязі з рэгіёнамі Расіі становяцца ўсё больш значным фактарам умацавання двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва нашых краін”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што без цеснага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусь і Расія ніколі не мелі б такіх блізкіх, саюзніцкіх адносін. “Сувязі з рэгіёнамі ўтрымалі нас адно каля аднаго. Вы павінны ведаць, што вы, расіяне, — нашы самыя блізкія браты, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Дзякуй вам за тое, што выратавалі гэты саюз”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Кастрамская вобласць даўно з’яўляецца перспектыўным і надзейным партнёрам Беларусі. “Вы — прадстаўнік сапраўднай Расіі, Кастрамская вобласць — гэта сэрца Расіі. Вы перажываеце тыя ж праблемы, што і мы. У нас узаемадапаўняльныя, падобныя эканомікі”, — адзначыў беларускі лідар.

Умацаваць супрацоўніцтва паміж расійскім рэгіёнам і Беларуссю дапамогуць цесныя сувязі па лініі народнай дыпламатыі, якія неабходна ўстанаўліваць, перакананы кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Сяргей Сітнікаў выказаў упэўненасць, што Беларусь і Расія заўсёды будуць разам. Фундамент для гэтага заклала агульная гісторыя і блізкія, роднасныя адносіны паміж народамі. “Мы, паўночныя расіяне, — народ больш сардэчны. Мы з асаблівым хваляваннем ставімся да гэтых сувязей і адносін”, — заўважыў ён.