Мінулы год для Капыльскага дзяржаўнага каледжа стаў знакавым і пацвердзіў яго высокі прафесійны статус у сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў: ён быў прызнаны лепшым у краіне. Пра тое, якія дасягненні прывялі да такога высокага выніку, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае дырэктар ўстановы адукацыі Анатоль Пяткевіч.

Высокія стандарты
— Анатоль Францавіч, як лічыце, дзякуючы чаму каледжу ўдалося стаць лепшым у краіне?
— Такое прызнанне — гэта вынік работы ўсяго нашага калектыву. Стаць лепшай установай адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, атрымалася дзякуючы ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Мы многае зрабілі, каб захаваць даступнасць адукацыі і павысіць яе якасць, стварыць бяспечныя ўмовы адукацыйнага працэсу. Пры гэтым эфектыўна выкарыстоўвалі наяўныя рэсурсы для падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для рэальнага сектара эканомікі, фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі будучых выпускнікоў.
— Сёлета каледжу спаўняецца 45 гадоў. Якімі асноўнымі дасягненнямі ганарыцца ўстанова? Што было зроблена за гэты час?
— Каледж ганарыцца сваімі выпускнікамі. За ўвесь час выпушчана больш як 7,5 тысячы чалавек у розныя сферы эканомікі нашай краіны. За гады работы зроблена вельмі многа: мадэрнізаваны лабараторыі, майстэрні, кабінеты, адкрыты новыя спецыяльнасці. Да таго ж установа змянілася знешне, зроблены бягучыя і капітальныя рамонты інтэрната і вучэбных карпусоў, абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, набыта новая аўтатрактарная тэхніка, а ў кожным кабінеце ёсць правадны інтэрнэт, інтэрактыўныя дошкі. Мы актыўна працуем над стварэннем сучаснага адукацыйнага асяроддзя. Так, сёння ва ўстанове рыхтуюць кадры па 11 спецыяльнасцях і 18 кваліфікацыях. Капыльскі дзяржаўны каледж — адзіны ў Мінскай вобласці, дзе навучэнцы могуць атрымаць такую спецыяльнасць, як “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. Таксама ў пераліку спецыяльнасцей “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (педагагічная дзейнасць)”, “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”, “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, “Зварачныя работы”, “Гандлёвае абслугоўванне” і інш. Пералік спецыяльнасцей фарміруецца з улікам патрэб заказчыкаў кадраў і рынку працы. Навучанне ў каледжы практыка-арыентаванае з прымяненнем высокіх тэхналогій. Больш дэталёва спасцігаць нюансы прафесіі дапамагае найноўшае абсталяванне.
У бягучым навучальным годзе мы пачалі рыхтаваць новых спецыялістаў — электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Навучэнцы прыняты пад заяўкі і заказ ад Дэпартамента аховы МУС. Залічэнне праходзіла па сярэднім бале дакумента аб адукацыі. У 2024 годзе мы мадэрнізавалі і вучэбныя майстэрні абласнога цэнтра кампетэнцый у энергетыцы, які працуе ў нашым каледжы, зрабілі бягучы рамонт на суму больш як 500 тысяч рублёў і закупілі сучаснае абсталяванне на суму больш як 600 тысяч рублёў. Сродкі выдзеліла галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама. Дзякуючы такой дапамозе, майстэрні цэнтра набылі сучасны выгляд. Сярод закупленых навінак і стэнд “Разумны дом” — сёння гэтая тэхналогія актыўна выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. У нас дзейнічаюць тры лабараторыі, і ў іх займаюцца тыя, хто атрымлівае кваліфікацыі “электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі” і “электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”.

— Вы кіруеце паспяховай установай адукацыі. Што, на ваш погляд, неабходна для эфектыўнай работы?
— Для арганізацыі эфектыўнай работы трэба ствараць умовы як для навучэнцаў, так і для педагогаў. Наш каледж славіцца мудрымі, дасведчанымі і адданымі сваёй справе педагагічнымі работнікамі і супрацоўнікамі. Разам з навучэнцамі яны ўносяць дастойны ўклад у ажыццяўленне высакароднай мэты — фарміраванне інтэлектуальнага патэнцыялу будучага спецыяліста. Калі гаварыць пра паспяховасць установы, то кожны кіраўнік вызначае для сябе актуальныя і прыярытэтныя напрамкі дзейнасці. Для мяне гэта перш за ўсё стварэнне ўмоў для прафесійнага росту адміністрацыйнай каманды і ўсяго педагагічнага калектыву. Сёння мы па праве можам ганарыцца згуртаванай камандай, дзе пануе атмасфера высокай адказнасці, прафесійнай кампетэнтнасці, ініцыятывы, крэатыўнасці, узаемаразумення і даверу паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.
Па запытах эканомікі
— Якія задачы ставіце перад сваім калектывам на будучыню?
— У першую чаргу перад калектывам стаяць задачы не зніжаць дасягнутых вынікаў. У пяцігодцы якасці, якая аб’яўлена кіраўніком дзяржавы, мы будзем працаваць над павышэннем якасці адукацыйнага працэсу, адкрыццём новых спецыяльнасцей. Так, у бягучым навучальным годзе плануем адкрыць спецыяльнасць “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы (педагагічная дзейнасць)”. Лічу, што мы павінны пастаянна працаваць над захаваннем свайго іміджу і прэстыжу. Трэба развіваць і ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу каледжа. Актуальнай застаецца работа па ўдасканаленні якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснага ўзроўню інавацыйнага развіцця галін эканомікі. Акцэнт будзем рабіць на сумеснай рабоце з заказчыкамі кадраў і актывізацыі мэтавай падрыхтоўкі. Сярод задач — працаваць над удасканаленнем форм і метадаў прафарыентацыйнай работы, удзяляць асаблівую ўвагу прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод навучэнцаў. І галоўнае — фарміраваць грамадзянска-патрыятычныя, духоўна-маральныя кампетэнцыі, садзейнічаць усебаковаму і гарманічнаму выхаванню будучага спецыяліста, грамадзяніна і патрыёта.
— Раскажыце пра вашы прынцыпы работы як кіраўніка.
— У першую чаргу неабходна быць патрабавальным, справядлівым, стрэсаўстойлівым, пастаянна развіваць камунікатыўныя здольнасці, ведаць і валодаць псіхалогіяй паводзін у калектыве, разумець вучняў і прыслухоўвацца да іх, аналізаваць і вызначаць стратэгію развіцця ўстановы. Акрамя гэтага, важныя прынцыпы работы — прафесіяналізм, правільнае дэлегаванне паўнамоцтваў, карэктнае стаўленне да калектыву.
Кіраўнік павінен натхняць, стымуляваць да работы кожнага, адзначаць поспехі і дзякаваць за іх. Тады будзе адэкватная зваротная сувязь ад калег, якія будуць імкнуцца выканаць сваю работу яшчэ лепш.
Я ўпэўнены, што дырэктар павінен пераконваць, калі гэта трэба, а не прымушаць. Таксама сярод задач кіраўніка — вызначаць, хто на што здольны, каб гарманічна размяркоўваць абавязкі. Важна даць магчымасць кожнаму раскрыцца. Я ўпэўнены ў тым, што дырэктар любой навучальнай установы павінен умець правільна будаваць стратэгію яе развіцця.
— У вашым каледжы створаны сучасныя лабараторыі, працуе адзіны ў вобласці цэнтр кампетэнцый у энергетыцы. Якую ролю адводзіце ім у прафесійным развіцці, станаўленні маладых спецыялістаў?
— Мы актыўна працуем над развіццём інавацыйных тэхналогій, развіваем праекты. Так, у нас рэалізуюцца адзін інавацыйны і два эксперыментальныя праекты. Развіваем і лічбавыя тэхналогіі, адна з вучэбных лабараторый абсталявана мультымедыйнымі вучнёўскімі сталамі, дзе навучэнцы выконваюць практычныя і лабараторныя работы, а таксама адпрацоўваюць навыкі па інжынернай графіцы. Асаблівая роля ў каледжы адводзіцца абласному цэнтру кампетэнцый у энергетыцы, які абсталяваны найноўшым абсталяваннем. У цэнтры навучэнцы з устаноў прафесійнай адукацыі Міншчыны і іншых абласцей вывучаюць і адпрацоўваюць навыкі па 13 адукацыйных праграмах.

Падтрымка для бізнесу
— Сучасныя лабараторыі і цэнтр кампетэнцый — гэта не адзінае, чым ганарыцца каледж. У вас працуе цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, створана паспяховая бізнес-кампанія “Эргана”. Раскажыце, калі ласка, пра іх асноўныя напрамкі работы.
— Мы насамрэч валодаем паспяховай практыкай у рэалізацыі шматлікіх праектаў. У каледжы адкрыты і працуе цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва малога і сярэдняга бізнесу. Яго дзейнасць накіравана на аказанне паслуг для пачынаючых прадпрымальнікаў, а таксама на прыцягненне моладзі да распрацоўкі бізнес-ідэй і навучанне іх навыкам прадпрымальніцтва. У нас створана і актыўна працуе бізнес-кампанія “Эргана”, якая вырабляе розную прадукцыю і прадае яе ў магазіне, адкрытым у каледжы.
Навучэнцы вырабляюць малыя металічныя архітэктурныя канструкцыі, прадаюць швейныя вырабы, расаду кветак і агародніны, а таксама прадукцыю пчалярства. За рэалізацыю тавараў юныя прадпрымальнікі атрымліваюць грошы. У нашым інтэрнаце ёсць маладзёжны цэнтр “Сёмае неба”, у ім знаходзіцца гульнявое абсталяванне з прыстаўкамі, а таксама працуе інтэрнэт-кафэ. Таксама рэалізуем эколага-турыстычны праект сядзібы “Мядовая заімка”, у які ўваходзяць 12 экалагічных станцый, міні-заапарк, фіта- і паратэрапія, пладовы сад, вадаём плошчай 1,4 га, музейны пакой пчалярства, пчальнік.
— Анатоль Францавіч, як лічыце, наколькі эфектыўна сёння працуе сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі?
— Сістэма прафесійнай адукацыі — гэта крыніца рабочай сілы і спецыялістаў, ёй адводзіцца асаблівая роля, і яна падтрымліваецца дзяржавай. Для работадаўца становіцца больш каштоўнай не кваліфікацыя спецыяліста, а прафесійная кампетэнтнасць. У сістэму ўкараняюцца новыя прафесійныя стандарты, якія падрабязна апісваюць працоўныя функцыі і патрабаванні, што прад’яўляюцца да работніка на працоўным месцы. Гэта і закладваецца ў змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Наша задача — якасна іх рэалізоўваць.
Наталля САХНО
Фота Таццяны ЗАХАРЭВІЧ





