Ці магчыма жыццё без старэння?

- 12:25Якасць адукацыі

Такое актуальнае пытанне сучаснасці абмеркавалі масцітыя даследчыкі, выкладчыкі, студэнты, аспіранты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў “Проста навуковай кавярні” абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна.

Ідэя правядзення падобных сустрэч з’явілася даўно, аднак у рэальны праект цікавая задума ўвасобілася толькі летась — у Год навукі. За гэты час мерапрыемства ўжо стала традыцыйным. Апошнім разам у цёплай, сяброўскай атмасферы з гарбатай і пачастункамі ўдзельнікі кавярні размаўлялі пра найноўшыя навуковыя дасягненні ў галіне медыцыны. Вядомыя вучоныя і звычайныя гамяльчане шукалі адказы на пытанні, ці існуюць тэхналогіі, здольныя прыпыніць старэнне, як чалавек здольны ўплываць на гэты працэс, што ўяўляе сабой антыэйджынгавая тэрапія і іншыя.

З прывітальным словам да гасцей звяртаецца загадчык аддзела перыядычных выданняў Настасся Караткевіч. Яна агучвае тэму і прадстаўляе госця — прарэктара па навуковай рабоце ГДМУ, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта Яўгена Варапаева. Пазней да размовы далучаецца прарэктар па лячэбнай рабоце, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Дзмітрый Рузанаў.

Яўген Віктаравіч Варапаеў пачынае сваё выступленне з тлумачэння агульных тэрмінаў. Так, навуковае азначэнне старэння гучыць як “сенесцэнцыя” (ад лац. senesce — “старэць”). Геранталогія — гэта навука, якая вывучае сацыяльныя, псіхалагічныя і біялагічныя аспекты старэння, прычыны і спосабы барацьбы з ім. Узрост чалавека разглядаецца як каляндарны (храналагічны) і біялагічны.

У старажытнасці

З-за высокай дзіцячай смяротнасці сярэдняя працягласць жыцця ў Антычным Міжземнамор’і складала ад 30 гадоў у Галіі да 40 гадоў у Эладзе. У Егіпце і Парфіі, магчыма, да 50 гадоў. У Сярэднявеччы сярэдняя працягласць жыцця складала каля 30 гадоў.

Вучоны паведамляе, што летась у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце рэалізоўваўся праект па дыягностыцы і выяўленні біялагічнага ўзросту. Яго мэта — апрабаваць метад малекулярна-генетычнай дыягностыкі працэсаў клетачнай сенесцэнцыі на падставе колькаснага аналізу генаў ядзернай (яДНК) і мітахандрыяльнай ДНК (мтДНК).

У выніку гомельскія вучоныя атрымалі тэхналогію, якая дазваляе вызначыць, наколькі той ці іншы чалавек схільны да ўзроставых захворванняў. Гэта раней людзі жылі нядоўга і паміралі часцей за ўсё ад інфекцый, эпідэмій, войнаў. Зараз жа сталі дажываць да захворванняў, якія раней сустракаліся нячаста: анкалагічных і сардэчна-сасудзістых.

Тэорыі старэння

Сёння навукоўцы прапануюць больш за 300 разнастайных гіпотэз старэння і метадаў барацьбы з ім. Напрыклад, антыэйджынгавая тэрапія заснавана на тэорыі, што ў арганізме ёсць гены, якія запускаюць механізм старэння. Калі яго блакіраваць на пэўным этапе, то можна павялічыць працягласць жыцця.

— Дакладна вядома, што нашы клеткі за ўсё жыццё дзеляцца пэўную колькасць разоў, звычайна каля 50, — тлумачыць Яўген Варапаеў. — Целамеры — канцы малекул ДНК — абараняюць клеткі ад дзялення. Спачатку змяншаюцца яны, а потым пачынае скарачацца сама малекула ДНК. Так, калі штучна падоўжыць целамеры, то тэарэтычна можна павялічыць працягласць жыцця.

— На даўжыню целамераў уплываюць таксама свабодныя радыкалы, — дадае Дзмітрый Рузанаў. — Яны назапашваюцца ў арганізме на працягу жыцця, у вялікай колькасці здольны знішчаць структурныя кампаненты клетак, мяняць геном. У працэсе старэння актыўнасць свабодных радыкалаў павялічваецца, хутчэй развіваюцца ўзроставыя захворванні. Для барацьбы з небяспечнымі малекуламі даследчыкі прапануюць ужываць антыаксіданты, вітаміны, лекавыя прэпараты на аснове метабалітаў.

Удзельнікі навуковай кавярні абмяркоўваюць і такую тэорыю, што старэнне пачынаецца з парушэння бактэрыяльнай флоры страўнікава-кішачнага тракту. Пажыўныя рэчывы з цяжкасцю ўбіраюцца ў сценкі страўніка, з цягам часу астатнія сістэмы арганізма ўсё больш і больш недаатрымліваюць карысныя элементы. Вынік датэрміновага старэння СКТ — цяжкія захворванні. Лічыцца, што падтрымліваць кішэчную мікрафлору ў нармальным стане дапамагаюць прабіётыкі. Рэкамендуецца штодня ўжываць карысныя бактэрыі, якія не каланізуюцца ў страўнікава-кішачным тракце, аднак падтрымліваюць арганізм маладым.

Краіны — рэкардсмены па працягласці жыцця

Да 2050 года францужанкі будуць у сярэднім дажываць да 89,1 года, французы — да 82,7 года. Другое месца зоймуць італьянцы: жанчыны — 88,8 года, мужчыны — 88,3. “Бронза” будзе ў бельгійцаў: жанчыны — 82,6 года, мужчыны — 82,3.

— З усіх тэорый лепшая, на мой погляд, генетычная. З пункту гледжання эвалюцыі смерць — гэта найвялікшае дасягненне, кожная клетка запраграмавана на паміранне. Сёння мы дакладна ведаем, што працягласць жыцця генетычна дэтэрмінавана. Ёсць сем’і доўгажыхароў, а ёсць радаводы, дзе многія маладымі паміраюць ад раку. Анкалагічныя захворванні — гэта слугі смерці, — прарэктар па лячэбнай рабоце Дзмітрый Рузанаў прыпыняе размову, задумваецца і праз хвіліну працягвае: — Заўсёды здзіўляюся, калі на прыёме з’яўляецца чалавек, узрост якога немагчыма вызначыць знешне. Часам прыходзяць жанчыны, якія прайшлі вайну, нарадзілі да васьмі дзяцей, выхавалі іх у пасляваенны перыяд, перажылі холад, голад, адпрацавалі ў калгасе, а пра медыцынскую дапамогу і не марылі… І яны застаюцца жывымі, актыўнымі, здаровымі!

Перспектывы вечнага жыцця

Медыцына вырашыла адну з найважнейшых задач грамадства — забяспечыла чалавеку магчымасць дажыць да натуральнай старасці. Далейшае павелічэнне працягласці жыцця да 150—200 гадоў, на думку гомельскіх даследчыкаў, у большай ступені залежыць ад развіцця біялагічнай навукі.

— Публікацыі сур’ёзных навуковых выданняў сведчаць, што ў хуткім часе вучоныя авалодаюць тэхналогіяй нарошчвання канечнасцей. Дарэчы, на кангрэсе па рэгенератыўнай медыцыне ў Берліне, які адбыўся ў снежні, быў прадстаўлены ЗD-прынтар для друку органаў стваловымі клеткамі, — расказвае прарэктар па навуковай рабоце Яўген Варапаеў. — У Гомельскім медуніверсітэце мы таксама даследуем стваловыя клеткі, здзяйсняем праект па рэгенерацыі печані. Спачатку нейкім чынам пашкоджваем гэты орган, а потым пры дапамозе стваловых клетак спрабуем яго аднавіць. Ёсць станоўчыя вынікі. Аднак эксперыменты праводзім пакуль што толькі на жывёлах.

На жаль, прэпаратаў, здольных прыпыніць працэс старэння, сёння не існуе. Яны распрацоўваюцца, але не прадаюцца. Для таго каб даследчыкі даказалі, што лекі, здольныя падоўжыць жыццё, сапраўды існуюць, неабходна назіраць не адно пакаленне людзей.

Нядаўна новыя біяінжынерныя распрацоўкі дазволілі вырасціць штучныя крывяносныя сасуды і нават сэрца. Вучоныя лічаць, што, калі адпаведныя даследаванні будуць праводзіцца настойліва і сістэматычна, у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі верагодна стварэнне прэпаратаў, якія здольны працягнуць жыццё на 40—60 гадоў. Гэта значыць, што сярэдняя працягласць жыцця дасягне ўзроўню 100—120 гадоў. Рэальныя перспектывы вечнага жыцця адкрываюць антыўзроставыя методыкі, генетыка, нанатэхналогіі, рэгенератыўная медыцына.

Паспяховыя напрацоўкі ёсць у галіне транспланталогіі: створаны тэставыя версіі біярэактараў, здольных падтрымліваць функцыі органаў па-за межамі цела чалавека. Зараз яны праходзяць фінальную дапрацоўку.

Задача геннай інжынерыі — навучыцца кіраваць геномам чалавека. Тады жывую матэрыю можна будзе праграмаваць, а лячэнне чалавека будзе праходзіць максімальна хутка і эфектыўна, як пры камп’ютарным праграмаванні. На некаторыя захворванні медыкі ўжо ўплываюць метадамі геннай тэрапіі. У найбліжэйшы час павінна з’явіцца тэхналогія знішчэння непажаданых клетак, уключаючы сенесцэнтныя (якія адказваюць за ўзроставыя захворванні) і тлушчавыя. Рак ужо лечаць пры дапамозе віруснай тэрапіі. Гэтыя методыкі працягнуць развівацца. Ужо праз 5—6 гадоў, магчыма, з’явіцца вакцына супраць анкалагічных захворванняў.
Малекулярна-генетычныя методыкі дазволяць знайсці новыя сродкі ўдасканалення імуннай сістэмы, магчымасці рэгенерацыі органаў. Галоўная ж мэта біёлагаў усяго свету заключаецца ў стварэнні штучных арганізмаў з загадзя зададзенымі якасцямі, так званых арганізмаў-сімбіётаў, якія прымаюць удзел у жыццёва важных працэсах арганізма чалавека.

З пункту гледжання эвалюцыі і душы

Чую, як з залы задае пытанне загадчык лабараторыі эндакрыналогіі і біяхіміі Інстытута радыёбіялогіі НАН Беларусі Рыгор Гарох.

— Калі людзі не будуць паміраць па прычыне старэння і атрымаюць магчымасць заставацца здаровымі колькі пажадаюць, як гэта паўплывае на душу чалавека, спрадвечную эвалюцыю, як гэта суадносіцца з хрысціянскай мараллю? — прапануе задумацца Рыгор Андрэевіч.

Лектары Яўген Варапаеў і Дзмітрый Рузанаў сыходзяцца ў меркаванні, што вечнае жыццё ў фізічнай форме немагчыма, смерць можна толькі адцягнуць у часе. Што тычыцца душы, то ўдзельнікі навуковай кавярні прыходзяць да высновы, што псіхіка заўсёды прыстасоўваецца да ўмоў. Іншая справа — інтэлект. Чалавек старэе не толькі целам, але і розумам.

Сучаныя даследаванні сведчаць, што інтэлект развіваецца да 27 гадоў — гэта пік актыўнасці мозга. Далей мы назапашваем веды, практычны вопыт, аднак страчваем так званыя шэрыя клеткі, яны патрабуюць рэгулярнай узмоцненай трэніроўкі.

— Уявіце, што мы будзем жыць у грамадстве, дзе можна замовіць сабе ці сваім будучым дзецям колер вачэй, смуглую ці ружовую скуру, калі ўсе пажадаюць павысіць IQ, стаць разумнейшымі… Цікавыя часы настануць, — жартуе Дзмітрый Леанідавіч. Удзельнікі навуковай кавярні падтрымліваюць медыка апладысментамі.

Кожны з нас хоча дажыць да старасці маладым, без хвароб, якія суправаджаюць сталы ўзрост. Цяжка ўявіць больш годную задачу, чым барацьба з уласным старэннем і смерцю. Тым больш пры сучасных дасягненнях медыцыны, біялогіі, нанатэхналогій. Аднак у першую чаргу гомельскія вучоныя пажадалі слухачам не забываць пра простыя і зразумелыя нормы здаровага ладу жыцця. Паўнавартасны сон, правільнае харчаванне, ужыванне вітамінаў і мінералаў, адсутнасць дрэнных звычак, фізічная і інтэлектуальная актыўнасць — лепшыя гаранты працяглага і здаровага жыцця. Сёння ў кожнага з нас ёсць шанс пражыць столькі, колькі пажадаем, а не тыя 80 гадоў, што абумоўлены эвалюцыйным мінулым чалавецтва.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.