Ці можна навучыць папугая брахаць?

- 15:12Адукацыйная прастора

Няўжо калісьці кошкі ўмелі лятаць? Чаму канькі не ездзяць па шкле і керамічнай плітцы? Як вырасціць квадратны кавун? Як зрабіць вадкія шпалеры з другаснай сыравіны? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі адказаць юныя даследчыкі, якія прадставілі свае работы на мінскім гарадскім фестывалі “Пазнанне і творчасць”, правядзенне якога стала ўжо добрай традыцыяй.

Фестываль складаўся з некалькіх этапаў: вочны на ўзроўні ўстаноў адукацыі, які прайшоў у верасні—кастрычніку, і другі — гарадскі, які быў арганізаваны ў два туры (завочны і вочны). На першым туры было прадстаўлена 425 вучэбна-даследчых работ і праектаў, як індывідуальных, так і групавых, вучняў 2—4 класаў. Журы на чале з першым прарэктарам Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі С.П.Странкоўскім вывучала матэрыялы, пададзеныя на фестываль, і ацэньвала іх актуальнасць і адпаведнасць патрабаванням. У другі тур прайшлі 218 работ — яны набралі не менш за 75% ад максімальнай колькасці прызавых ачкоў. Другі тур гарадскога этапу праходзіў у форме вуснага прадстаўлення работы. Яго мэта — вызначэнне пазнавальных і творчых здольнасцей навучэнцаў, умення прэзентаваць вынікі сваёй дзейнасці, выказваць уласную думку, выяўленне арыгінальных і нестандартных рашэнняў. Дарэчы, змест і форма прадстаўлення матэрыялаў вызначаліся ўдзельнікамі самастойна. Гэта магла быць дэманстрацыя эксперымента, відэароліка, прэзентацыі, стэндавая абарона і г.д.

Спаборніцтвы праходзілі па чатырох намінацыях: “Культурная спадчына роднага краю” (гісторыя, краязнаўства, архітэктура, літаратура), “Мае першыя крокі ў навуку” (прыродазнаўча-матэматычны і грамадска-гуманітарны напрамкі), “Незвычайнае ў звычайным” (вырашэнне вядомай праблемы новымі сродкамі, незвычайнае прымяненне звычайных рэчаў), “Прафесія і хобі” (прадстаўленне будучай прафесіі, захаплення). Самай шматлікай была намінацыя “Мае першыя крокі ў навуку”.

Даследчыя работы ацэньваліся журы па шэрагу крытэрыяў: як вызначана праблема, якую вырашае даследчык, наколькі яна актуальная для аўтара, мае сацыяльную значнасць; які ўзровень сабранага і апрацаванага матэрыялу; як адпавядае змест і вывады пастаўленым мэтам, задачам; ступень суадносін супрацоўніцтва і самастойнасці (выкарыстоўваецца праграма “Аўтаплагіят”); арыгінальнасць (нестандартнасць) вырашэння пастаўленых задач; наяўнасць уласнага ілюстрацыйнага матэрыялу. У праекце пад увагу браліся фармуляванне яго задач, наяўнасць даследаванняў, рэалізацыя намечанага плана; якасць прадукту (вырабу); сацыяльная і практычная значнасць праекта; захаванне прынцыпу прыродазгоднасці (улік узроставых асаблівасцей малодшых школьнікаў); арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых задач.

Як адзначыла метадыст аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Алена Уладзіміраўна Камяк, прадстаўленыя сёлета работы былі намнога мацнейшымі за мінулагоднія. Яны разнастайныя, вельмі цікавыя, глыбокія і практыка-арыентаваныя. Кола інтарэсаў малодшых школьнікаў сапраўды вельмі шырокае. Так, навучэнец гімназіі № 16 Уладзіслаў Мамнеў займаўся стварэннем падводнай лодкі ў хатніх умовах. Навучэнка гімназіі № 22 Настасся Бяўзюк прадставіла на суд журы работу “Дапаможам птушкам зімой!”, дзе прапанавала кармушку, якой зацікавіліся не толькі навучэнцы, але і настаўнікі працоўнага навучання, а Стрэнд Джон Пётр з сярэдняй школы № 73 уразіў усіх сваёй работай “Вынаходнік ці настаўнік? Вынаходніцкі настаўнік!”, у якой прадэманстраваў, як з цацак ствараць матэматычныя трэнажоры.

Трэцякласніца сярэдняй школы № 147 Мінска Настасся Сікан у сваёй рабоце знаходзіць адказ на пытанне “Як прадоўжыць жыццё зрэзаным кветкам?”. Дзяўчынка даследуе, якія фактары ўплываюць на працягласць жыцця зрэзаных кветак, высвятляе найбольш эфектыўныя спосабы для захавання кветкавай зрэзкі. Настасся вывучыла шмат літаратуры, узяла інтэрв’ю ў прафесійнага фларыста, правяла даследаванні і прыйшла да высновы: чыстая вада, угнаенне і таблетка актываванага вугалю, увага і клопат — галоўныя рэкамендацыі, каб кветкі радавалі нас даўжэй. Юная даследчыца плануе працягваць сваю работу: даследаваць, як уплывае тэмпературны рэжым і час зрэзкі кветак, а таксама параўнаць, якая дабаўка для зрэзаных кветак — айчынная ці імпартная — эфектыўней прадаўжае жыццё зрэзаным кветкам.

Работу “Ці можа папугай Кеша брахаць?” прадставіла чацвёртакласніца сярэдняй школы № 66 Алеся Канстанцюк. Мэтай даследавання дзяўчынкі было вызначыць, ці будзе хвалісты папугайчык імітаваць брэх сабакі. У ходзе даследавання гіпотэза не пацвердзілася.

— Работа над гэтай тэмай была для мяне карыснай. Я даведалася, як трэба весці даследаванне, навучылася шукаць інфармацыю ў даведачнай літаратуры, інтэрнэце, весці назіранні, запісваць іх вынікі. У сваёй рабоце я праверыла метад навучання з дапамогай магнітафоннага запісу, але ён не даў выніку. Магу сказаць, што папугай не цацка і ў яго ёсць свае пачуцці і жаданні. Лічу, што вывучэнне жывёл карысна для людзей, бо дапамагае ім стаць мудрэйшымі і дабрэйшымі, — заўважае дзяўчынка.

Найбольшы бал за вуснае прадстаўленне праекта ў намінацыі “Мае першыя крокі ў навуку” атрымала вучаніца 4 класа гімназіі № 16 Мінска Эмілія Церахава. Яна прадставіла работу “Камяні з палёў — рэдкія знаходкі і практычная карысць”. Дзяўчынка паспрабавала знайсці карыснае прымяненне камяням з палёў, каб яны не перашкаджалі працаваць сельскагаспадарчай тэхніцы (ад удараў аб камяні яна часта ламаецца). Самае цікавае сярод іх — з каменьчыкаў незвычайнай формы складваць карцінкі (пераважна выявы жывёл) і захоўваць іх у бетонных плітках. Потым тата Эміліі ўстаўляў пліткі з карцінкамі ў сцены загараднага дома, які ён сам узводзіць. З камення яшчэ можна зрабіць дэкаратыўныя цаглінкі. Рэдкія знаходкі Эміліі — акамянеласць чарапахі і камень, падобны на метэарыт.

Аднак ці не разбурацца прыгожыя карцінкі пад уздзеяннем атмасферных ападкаў? Каб выбраць камяні, якія падыходзяць для будаўніцтва дамоў, дзяўчынка скарысталася шкалой цвёрдасці мінералаў Маоса, нямецкага мінеролага і геолага.

— У працэсе эксперыментаў (камяні замарожвалі і размарожвалі, разбівалі малатком і “смажылі” на агні, а затым палівалі халоднай вадой) я высветліла, камяні якой цвёрдасці і якой пароды прыдатны для будаўніцтва, а якія не, — тлумачыць дзяўчынка. — Так, камяні са ступенню цвёрдасці ад 5 да 7,5 па Маосу (базальт, кварцыт, граніт, мармур, дыябаз, палявы шпат) могуць выкарыстоўвацца для знешняга аздаблення будынкаў, асабліва для фундаментаў і дымаходаў, дзе звычайная цагліна разбураецца. А камяні з цвёрдасцю ад 3 да 5 (пясчанікі, кальцыты) — толькі ў інтэр’еры будынка.

У выніку работы атрымалася цэлая галерэя з каменных карцінак, якія ўпрыгожваюць фасад будынка. На іх прыходзяць паглядзець жыхары суседніх пасёлкаў. На найбліжэйшых палях зараз цяжка знайсці камяні, прыдатныя для будоўлі. Юная даследчыца марыць пабудаваць горад-сад, у якім летам будзе шмат жывых кветак, а зімой будуць відаць каменныя кветкі і карціны.

***

Па выніках фестывалю малодшыя школьнікі заваявалі 56 дыпломаў І ступені, 98 — ІІ ступені і 64 — ІІІ ступені. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Юных даследчыкаў павіншаваў беларускі кардыяхірург акадэмік Юрый Пятровіч Астроўскі.
Па словах начальніка аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Вольгі Уладзіміраўны Назаранка, фестываль садзейнічае развіццю пазнавальнай цікавасці навучэнцаў пачатковых класаў, фарміраванню ў іх даследчай культуры і асноў навуковага светапогляду, стымулюе цікавасць малодшых школьнікаў да навуковых ведаў, а таксама спрыяе фарміраванню ў педагогаў навыкаў арганізацыі вучэбна-даследчай і праектнай дзейнасці навучэнцаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.