Ці ведаеце вы, у што гуляюць дзеці?

- 15:18Сацыяльны ракурс

І хто чакае іх там, за экранам: лялькі, людзі, машыны, прывіды?

Камп’ютар і смартфон, якія забяспечваюць доступ да гульняў і інтэрнэту, сёння сталі звычайнымі ва ўжытку дзяцей. Іх свет пастаянна папаўняецца спецыфічнымі прадуктамі, створанымі на аснове ІТ. Але ці ведаюць дарослыя, у што гуляюць дзеці і як гэта можа адгукнуцца ў будучыні?

Дэмакратычнасць інтэрнэту забяспечвае магчымасць размяшчэння ў ім інфармацыі практычна любога зместу, у тым ліку той, з дапамогай якой можна маніпуляваць інтарэсамі людзей. Рэальную пагрозу для грамадства нясе агрэсіўная інфармацыя, якая разбэшчвае маральнае здароўе і нават падштурхоўвае да самагубстваў. Сёння неабходна ствараць правілы існавання ў новым асяроддзі зносін, якім стаў віртуальны свет, з абмеркаваннем у шырокіх слаях грамадства праблем, што з’явіліся па прычыне масавага карыстання электроннымі рэсурсамі.

Пры стварэнні новага тэхнічнага сродку заўсёды распрацоўваецца спецыяльная інструкцыя па яго бяспечнай эксплуатацыі. Жыццё не раз даказвала, што адсутнасць правіл, як і іх ігнараванне, можа павярнуцца катастрофай. Сёння на аснове інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій ствараюцца разнастайныя прадукты для масавага карыстання, аднак гэта ніяк не кантралюецца грамадствам.

Адным з такіх прадуктаў, пры распрацоўцы якога вядучая роля належыць гульнявым механікам (геймеры называюць гэта геймплэй), з’яўляюцца камп’ютарныя гульні. Іх ствараюць інжынеры-праграмісты. Па характары арганізацыі гульні былі падзелены на жанры: аркада, файтынг, шутар, стратэгія і г.д.

Найбольш раннім прадуктам былі аркады, у якія можна гуляць на прыстаўцы, незалежна ад тэхнічных магчымасцей камп’ютара. Аркадныя гульні маюць свой правобраз у выглядзе знакамітага тэтрыса і пін-бола. На пляцоўцы размешчаны пэўныя структуры накшталт лабірынта, і, каб выйграць, трэба іх прайсці, сабраўшы максімум ачкоў або бонусаў. У гэтым жанры, у адрозненне ад ролевай гульні, ніякага сцэнарыя не існуе, але ўжо шмат гадоў аркады маюць сваіх прыхільнікаў. Дарэчы, пры даследаванні ўздзеяння аркад на здароўе гульцоў была даказана пэўная карысць у фарміраванні прасторава-лагічнага мыслення і маторыкі пальцаў.

Наступным немудрагелістым прадуктам сталі файтынгі (бітвы). Геймеру прапаноўваецца галерэя вобразаў, з якой ён выбірае сабе персанаж (іх спіс у розных гульнях вар’іруецца ад 10 да 70). Гэта звычайна чалавекападобная істота або робат з наборам механічных рухаў і маскападобнай зменай выразаў твару (змена масак). Як толькі герой выбраны, гульнявая праграма аўтаматычна ўводзіць у гульнявое поле саперніка — персанаж са штучным інтэлектам (AI — Artifical intelligence) і з зададзенай праграмай рухаў. Кожны ўдзельнік бітвы мае палоску запасу здароўя. У канчатковым выніку адзін з іх павінен загінуць у віртуальным баі — палоска здароўя растане. Такія гульні таксама не з’яўляюцца ролевымі.

Больш разнастайныя гульні жанру экшн (дзеянне). Іх сцэнарый пабудаваны на картах пэўнай мясцовасці: прапаноўваюцца новыя тэрыторыі, землі або памяшканні. Іх трэба ўладкоўваць, што дадае гульні эпічнасці. Як правіла, тут адбываецца шмат падзей і ўвесь час неабходна дзейнічаць. У гульні гэтага жанру распрацоўшчыкі даюць геймерам магчымасць браць на сябе ролю героя на аснове тэхналогіі RPG.

Блізкі да экшн і жанр шутар (стралок) — звычайна гэта гульня ад першай асобы. Акрамя таго, на рынку з’яўляецца ўсё больш гульняў тыпу аркаднага шутара на аснове змешвання жанраў.

Адна з прычын “шчодрасці” ўзломшчыкаў гульняў — “падсадзіць” на іх з ранняга падлеткавага ўзросту, калі ў патэнцыяльных карыстальнікаў яшчэ няма сваіх грошай. Пазней, маючы заробак, ужо сталыя геймеры лёгка і ахвотна будуць траціць грошы на дарагія ліцэнзійныя дыскі, а яшчэ больш — на міні-гульні ў смартфоне, якія выклікаюць “успышкі эмоцый”. Такія гульні ўжо маюць перавагу над камп’ютарнымі, і іх папулярнасць працягвае расці.

Role playing game (RPG) — ролевая гульня. Гэта спосаб падачы выявы ў залежнасці ад размяшчэння камеры: ад 1-й асобы — з вачэй героя, калі гулец бачыць толькі зброю ў сваіх руках (часам ногі) і прастору перад сабой; ад 2-й асобы — глядзіць наперад з-за спіны і збоку — злева ці справа ад фігуры героя; ад 3-й асобы — глядзіць зверху ззаду і бачыць героя, якім кіруе, да пояса, але ў некаторых гульнях можа зверху бачыць усю постаць, якой ён дае рух па гульнявой прасторы. У адной гульні магчыма спалучэнне герояў ад 1-й і ад 3-й асобы і г.д. Аднак самым цікавым у RPG з’яўляецца не выява героя, а магчымасць кіраваць ім, геймплэй — гульнявая дынаміка, якая выяўляецца ў разнастайнасці перамяшчэнняў, дзеянняў і ўзаемадзеяння з іншымі персанажамі.

Такія тэхнічныя магчымасці шырока выкарыстоўваюцца як у жанры экшн, так і ў слэшар, хорар. У гульні з RPG карыстальнік гуляе пераважна ў адзіночку, але магчымы і кааператыўны рэжым, калі дадаюцца іншыя асобы (да 10 чалавек), якія падключаюцца да інтэрнэту, знаходзячыся на адлегласці. Сцэнарый такіх гульняў пабудаваны звычайна на стварэнні і кіраванні віртуальнай камандай з некалькіх персанажаў, якіх трэба выбраць з прапанаванай галерэі вобразаў. Выкарыстоўваецца і герой-адзіночка, як у вядомай гульні The Witcher (“Вядзьмак”). У іншых выпадках геймеру прадастаўляецца магчымасць зляпіць свой персанаж з наяўных нарыхтовак, надаўшы яму жаданыя рысы.

Асноўнае прызначэнне герояў у такіх гульнях — пастаянная барацьба з кім-небудзь або за што-небудзь. Як і ў жыцці, у віртуальным свеце ідзе супрацьстаянне дабра і зла ў хрысціянскім разуменні або светлых і цёмных сіл у больш абстрактным значэнні, калі прайграюцца падзеі на фантастычныя ці міфалагічныя сюжэты. Некаторыя ролевыя гульні даюць геймеру магчымасць гуляць за злосны персанаж у вобразе монстра або ведзьмака, пярэваратня ці вампіра, як, напрыклад, у гульнях Vampire: The Masquerade — Redemption або Blood Rayne (Крывавая Рэйн, якая высмоктвае кроў з ахвяры). У ролевай гульні Blood Rayne геймер, кіруючы гераіняй, віртуальна выконвае яе функцыі. І хоць усе падобныя істоты па сутнасці ворагі людзей, яны маюць сваіх аматараў, прыхільнікаў і паслядоўнікаў (мяркуючы па продажах дыскаў).

Доступ да гульняў тыпу RPG забяспечваецца праз інтэрнэт-магазіны за рэальныя грошы, другі варыянт — набыццё дыска ў звычайным магазіне. Усе камп’ютарныя гульні ліцэнзаваны і нятанныя (у сярэднім 30—40 беларускіх рублёў). Аднак абарона гульняў-праграм часта ўзломліваецца, пасля чаго яны становяцца даступнымі для бясплатнага запампоўвання праз інтэрнэт-праграму uTorrent. Гэта асноўная крыніца камп’ютарных гульняў для падлеткаў і моладзі. Адна з прычын такой “шчодрасці” ўзломшчыкаў — імкненне папулярызаваць гульні, “падсадзіць” на іх з ранняга падлеткавага ўзросту, калі ў патэнцыяльных карыстальнікаў яшчэ няма сваіх грошай. Пазней, маючы заробак, ужо сталыя геймеры лёгка і ахвотна будуць траціць грошы на дарагія ліцэнзійныя дыскі, а яшчэ больш — на міні-гульні ў смартфоне, якія выклікаюць “успышкі эмоцый”. Такія гульні ўжо маюць перавагу над камп’ютарнымі, і іх папулярнасць працягвае расці.

Вядомая гульня MMORPG (масавая шматкарыстальніцкая анлайн-гульня) у стылі RPG размешчана ў інтэрнэце ў выглядзе віртуальнай карты мясцовасці, і на гэтым полі, якое абслугоўваецца пэўным серверам, знаходзіцца да 2 тысяч персанажаў, за кожнага з якіх гуляе рэальны чалавек. У выпадку яго выхаду з гульні персанаж, якім ён кіраваў, знікае з карты.

Такія ж самыя карты размешчаны на многіх серверах у розных краінах, дзе тысячы карыстальнікаў гуляюць па тым жа сцэнарыі, аднак паміж сабой гэтыя групы гульцоў не ўзаемадзейнічаюць. Колькасць асоб, якія адначасова ўдзельнічаюць у такой гульні, можа дасягаць некалькіх соцень тысяч. Паводле звестак партала GitHyp, рэкорд па колькасці карыстальнікаў належыць гульні Dota2 — у яе адначасова гуляюць у розных краінах звыш 600 тысяч чалавек. Многіх прыцягвае і бітва, у якой трэба агаліць меч, узяцца за сякеру і падняць сцяг Арды, як гэта здарылася з выхадам дапаўнення Legion гульні WoW.

Юным карыстальнікам гульняў прапаноўваецца галерэя як тагасветных стварэнняў тыпу эльфаў і вампіраў, так і імітацыі жывёл фізічнага свету, напрыклад, пухнаты каток. Хто чакае дзіця там, за экранам: лялькі, людзі, машыны, прывіды?

Вера ў звышнатуральны свет і існаванне нябачных духаў, як вядома, не пакінула людзей. Але, як вучыць рэлігія, дапамога ў зямным, фізічным свеце прыходзіць чалавеку праз фізічныя формы. Гэта могуць быць хатнія жывёлы, якія заўсёды гатовы служыць нам. Калі вы маеце патрэбу ў любові і адданасці — пакарміце сабаку; калі ў вас баліць сэрца ці галава — дазвольце катку ўлегчыся на вашых грудзях, прылашчыце яго; калі вы хварэеце — карова ці каза дадуць вам свежага малака, і гэта вылечыць вашу хваробу. А калі вам патрэбна радасць зносін — вазьміце за руку блізкага вам чалавека, дзіця. Памятайце, што ў навакольным жыцці — рэальным, а не віртуальным — ёсць усё неабходнае для таго, каб быць шчаслівым і радавацца.

Канстанцін КАРАНЕЎСКІ,
урач-неўролаг.