Падчас работы секцыі для навучэнцаў “Мая будучая прафесія — настаўнік” ІІІ навукова-практычнай канферэнцыі “Актуальныя напрамкі і перспектывы педагагічнай адукацыі” маладыя людзі расказалі аб матывуючых фактарах выбару настаўніцкай прафесіі і яе перавагах, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Па меркаванні навучэнкі педагагічнага класа сярэдняй школы № 86 Мінска Валерыі Кавальчук, хоць штучны інтэлект мае шэраг пераваг у параўнанні з людзьмі, уключаючы хуткасць апрацоўкі інфармацыі, доступ да вялікага аб’ёму ведаў і здольнасць працаваць без стомленасці, ён не можа замяніць настаўніка.
Педагогі дапамагаюць вучням развіваць навыкі зносін і ўзаемадзеяння, што важна не толькі для засваення той ці іншай вучэбнай дысцыпліны, але і для іх асобаснага росту. Педагог фарміруе навыкі, якія з’яўляюцца важнымі для паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў у грамадстве, а іх развіццё патрабуе зносін з жывым чалавекам. Настаўнікі выбудоўваюць працэс навучання ў залежнасці ад узроўню і патрэб кожнага вучня. Штучны інтэлект не можа адаптавацца да ўнікальных патрэб кожнага чалавека, ён працуе па зададзеным алгарытме. Ды і міміка, жэсты, голас настаўніка здольны павысіць эфектыўнасць засваення матэрыялу на ўроку, засяродзіць увагу ў той момант, калі навучэнец страчвае цікавасць.
Па меркаванні дзяўчыны, штучны інтэлект у сучасным свеце павінен стаць інструментам педагога ў выхаванні і навучанні школьнікаў.
Адукацыйны працэс у педагагічным класе сярэдняй школы № 203 Мінска накіраваны на знаёмства навучэнцаў з сучаснымі метадамі арганізацыі педагагічнай дзейнасці. Як расказаў адзінаццацікласнік Данііл Кадульскі, традыцыйна навучэнцамі профільных класаў праводзяцца адкрытыя ўрокі. Так, сумесна са студэнтамі фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ (школа з’яўляецца філіялам кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі гэтага ўніверсітэта) быў праведзены ўрок, на якім былі выкарыстаны эфектыўныя прыёмы і метады рашэння задач. Адзін з іх — інсцэніроўка ўмовы і рашэння задачы. Гэты метад быў прадэманстраваны на педагагічным форуме “Формула поспеху — 2022” і адзначаны граматай за самы інтэрактыўны метадычны прыём. Падчас правядзення ўрока ў 8 класе па тэме “Квадратычная функцыя” быў выкарыстаны прыём “Фішбоўн”, які дазволіў сістэматызаваць формы запісу квадратычнай функцыі. Падчас правядзення ўрока па тэме “Геаметрычная прагрэсія” пры праверцы дамашняга задання навучэнцам была прапанавана табліца, першая частка якой змяшчала пачатак формул, а другая — іх заканчэнне (школьнікам неабходна было знайсці адпаведнасць і напісаць правільныя формулы).
Як павысіць прэстыж прафесіі настаўніка ў сучасным грамадстве, паразважала вучаніца педагагічнага класа сярэдняй школы № 86 Мілана Севярынава.
— Для прэстыжу прафесіі важны аўтарытэт настаўніка ў вачах вучняў, бацькоў. Аўтарытэтнаму педагогу авансуецца давер, яго меркаванне прызнаецца правільным, успрымаецца як кіраўніцтва да дзеяння, а поспех чакаецца і прадбачыцца, — мяркуе дзяўчына. — Прэстыж настаўніка вызначаецца яго майстэрствам, чалавечымі якасцямі, стылем зносін, вынікамі навучання дзяцей, а таксама ўменнем вучыцца на працягу сваёй кар’еры. Ён напрамую залежыць і ад прэстыжу адукацыі ў грамадстве.
Дзяўчына лічыць, што нельга поўнасцю вырашыць праблему прыцягальнасці педагагічнай прафесіі з дапамогай матэрыяльнага стымулявання. Аднак заахвочванні педагогаў павінны быць больш частымі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 86 напрыканцы навучальнага года педагогам, якія праявілі сябе, уручаюцца настаўніцкія “Оскары”. Павысіць прэстыж прафесіі дапаможа і стварэнне станоўчага вобраза настаўніка: устаноўка білбордаў, банераў, стварэнне рэкламных ролікаў і тэлеперадач. Імідж прафесіі залежыць і ад намаганняў педкласаўцаў і маладых спецыялістаў: важна ісці ў нагу з часам, выкарыстоўваючы новыя падыходы ў адукацыі.
Фрагмент урока па рускай мове ў 4 класе “Прыметнік. Замацаванне” прадставіла выпускніца школы № 86, а зараз студэнтка 1 курса БДПУ Надзея Падабед. Фрагмент пазакласнага мерапрыемства “Гігіена скуры” прысутным прадэманстравала студэнтка 1 курса гэтага ж універсітэта Ангеліна Матрунёнак. Абедзве дзяўчыны — выпускніцы педагагічнага класа.
Па словах дырэктара школы № 86 Аляксея Срэбняка, канферэнцыя дае магчымасць раскрыцца дзецям, якія вучацца ў педагагічных класах, а настаўнікам, якія працуюць у іх, — паказаць свае фішкі, бо сёння “проста так” вучыць дзяцей ужо нецікава.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара