Цудоўны падарунак

- 11:00Культура

Кнігу “Наш родны край. Орша. Аршанскі раён” атрымалі ў дзень пасвячэння ў першакласнікі юныя жыхары Аршаншчыны.

Зборнік цікавых фактаў пра малую радзіму, яе гісторыю і сучаснасц­ь, адметныя мясціны і знакамітых землякоў стварылі спецыяльна для дзяцей вядомыя аршанскія пісьменнікі Галіна і Сяргей Трафімавы. Незвычайная кніга пабачыла свет дзякуючы выдавецтву “Аверсэв”, ідэя выдання належыць яго галоўнаму рэдактару Аляксандру Таранду. У мінулы панядзелак падчас акцыі “Пасвячэнне ў першакласнікі” разам з аўтарамі, дырэктарам выдавецтва Дзмітрыем Дэмбоўскім і рэдактарам сектара пачатковай адукацыі Лізаветай Калюта Аляксандр Мікалаевіч уручыў самым юным навучэнцам цудоўны падарунак. Гасцямі свята ў сярэдняй школе № 20 Оршы сталі настаўнікі пачатковых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна.

— Я сам родам з Оршы, дакладней, з Барані, — расказаў Аляксандр Таранда. — У Год малой радзімы наша выдавецтва вырашыла падарыць кнігу пра радзіму кожнаму першакласніку Аршаншчыны. Хацелася б, каб усе яны любілі свой край, ведалі, чым ён славіцца ў свеце, захоўвалі і памнажалі яго традыцыі, заўсёды адчувалі сувязь з роднымі вытокамі, помнілі і шанавалі месца, адкуль яны пайшлі ў дарослае жыццё.

Любімыя казачныя персанажы запрасілі першакласнікаў у захапляльнае падарожжа па чароўнай краіне і правялі для іх вясёлыя ўрокі. Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі лаўрэаты абласной Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі Галіна і Сяргей Трафімавы (Сяргей Анатольевіч, дарэчы, працуе ў сярэдняй школе № 20) пазнаёмілі бліжэй з новай кнігай. Зборнік выдадзены ў цвёрдай вокладцы і зручным для дзяцей фармаце, змяшчае многа ілюстрацый і карту раёна.

— Там вельмі прыгожыя малюнкі, вялікія літары і маленькія тэксты, а зна­чыць, хутка кожны з вас зможа яе прачытаць, — звярнулася да першакласнікаў Галіна Уладзіміраўна. — Вы ведаеце, што ў кнігах нельга пісаць і маляваць. У нашай можна і нават трэба! Мы прапа­нуем не толькі чытаць, але і гуляць, спраўляцца з цікавымі заданнямі, рашаць галаваломкі, размяшчаць у кнізе ўласныя ілюстрацыі і фота.

Шыкоўнай канцэртнай праграмай парадавала ўзорная школьная арт-студыя “Натхненне”. Акрамя таго, спецыяльна да свята ва ўстанове адукацыі была разгорнута выстава кніг выдавецтва “Аверсэв”. Як трапна заўважыў намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Андрэй Загурскі, для педагогаў гэтае слова з назвы айчыннага выдавецтва даўно ператварылася ў пэўны знак якасці.

— Вельмі здорава, калі аршанцы, якія ў сваім жыцці сталі паспяховымі людзьмі, адбыліся ў прафесіі, творчасці, грамадскім жыцці, вельмі многае робяць для Беларусі і ў той жа час не забываюць пра месца, дзе нарадзіліся, каб штосьці прыўнесці для малой радзімы, — адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. — У кожнага чалавека сваё паняцце малой радзімы. Асабіста ў мяне самыя яркія і найдаражэйшыя ўспаміны звязаны з бацькоўскім домам, роднай школай, падзеямі школьнай пары, настаўнікамі і аднакласнікамі. Сённяшняе мерапрыемства праходзіць па ўсіх школах Оршы і Аршанскага раёна. Вялікі дзякуй выдавецтву і нашым пісьменнікам — сапраўды атрымалася выдатная кніга, пазнавальная, займальная, напісаная для дзяцей на мове дзяцей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.