Творчасць — галоўны складнік іх працы

- 15:38Навіны рэгіёнаў, Рознае

Лепшага педагога дадатковай адукацыі выбіралі на Гомельшчыне. У фінале абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства прынялі ўдзел 10 педагогаў.

Педагог дадатковай адукацыі — гэта асаблівы педагог, у якога на першым месцы стаіць творчы падыход да працы. Ён павінен сам жыць той справай, якой імкнецца захапіць выхаванцаў, інакш у яго нічога не атрымаецца. У фінал трапілі менавіта такія. Хаця, шчыра кажучы, журы прыйшлося нялёгка, бо кожны педагог дадатковай адукацыі — творца, які любіць сваю прафесію і дзяцей. Гэта тое, што іх аб’ядноўвае.

Разам з тым усе яны розныя, у кожнага свой профіль, свае методыкі і задумы, якія яны спрабуюць рэалізоўваць разам з выхаванцамі. Як усё гэта адбываецца, канкурсанты і спрабавалі паказаць у фінале.

Пераможцамі конкурсу сталі прадстаўнікі тых устаноў, якія заўсёды на слыху. Нядзіўна, бо іх запал і творчы патэнцыял не маюць межаў, таму яны заяўляюць пра сябе на ўсіх магчымых конкурсах, фестывалях і мерапрыемствах. Так, дыплом I ступені аднагалосна быў прысуджаны ўжо вядомаму нашым чытачам педагогу Нараўлянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Васілю Васільевічу Чайку, які стварыў у сваім раёне некалькі музеяў і актыўна далучае да гэтай справы сваіх выхаванцаў. Дыплом II ступені — у педагога Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці “Эўрыка” Марыны Васільеўны Барысковай, III ступені — у Алены Алегаўны Рашацько, педагога Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска.

Акрамя таго, канкурсанты атрымалі ўзнагароды ў розных намінацыях. Алена Харытонаўна Нат з Рагачоўскага цэнтра творчасці была адзначана ў намінацыі “Вопыт. Творчасць. Поспех”. Яе калега Людміла Аляксандраўна Кабаева з Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці дзяцей і моладзі — у намінацыі “Майстэрства. Арыгінальнасць. Самабытнасць”. Рыгор Данілавіч Сафронаў з Цэнтра творчасці Калінкавіч атрымаў званне “Педагог-майстар”. У намінацыі з вельмі цёплай назвай “Сэрца аддаю дзецям” лепшым быў названы педагог Буда-Кашалёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алег Алегавіч Белавусаў, а ўзнагароду за захаванне народных традыцый атрымала Святлана Пятроўна Серафімовіч са Жлобінскага раённага цэнтра.

У намінацыі “Традыцыі і інавацыі” журы адзначыла педагога Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі Антона Антонавіча Базыленку, а за педагагічныя надзеі дыплом атрымала Святлана Аляксандраўна Харужая, педагог Гомельскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

— Вельмі цяжка было вылучыць лепшага з лепшых, — прызнаецца дырэктар Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка. — Кожны педагог здзіўляе сваім талентам і прафесіяналізмам, невычэрпнай любоў’ю да працы і выхаванцаў. Па-сапраўднаму ганарымся, што ў нас працуюць такія людзі. Цяпер чакаем ад нашых пераможцаў добрых вынікаў ад удзелу ў рэспубліканскім конкурсе.

Акрамя дыпломаў пераможцаў і намінантаў, усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя прызы ад упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, абласнога фонду міру, абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі. А Васілю Чайцы ўручаны спецпрыз ад Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага.

Наталля ЛУТЧАНКА.